Артыкул акадэміка Анатоля Рубінава «Наука и общество«, надрукаваны ў газэце «Советская Белоруссия» 12 сьнежня 2006 г. выклікаў вялікі розгалас. Ужо 15 сьнежня ў Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы быў накіраваны ліст Мітрапаліта Філарэта, з просьбай пракамэнтаваць артыкул. Зварот Філарэта потым надрукавала «СБ». На інтэрнэт‑сайце галоўнай афіцыйнай газэты артыкул таксама выклікаў хвалю камэнтароў і абмеркаваньняў.

Варта адзначыць, што некаторыя водгукі чытачоў выклікалі ў рэдакцыі «СБ» досыць нэрвовую рэакцыю. Газэта павучальным тонам адзначае няздольнасьць «некаторых чытачоў» да цывілізаванай палемікі. Часам, на думку супрацоўніка газэты, які аналізуе чытацкія водгукі на артыкул Рубінава, чытачы займаюцца «налепліваньнем ярлыкоў». У якасьці прыкладу прыводзіцца цытата з водгуку Аляксандра Шурскага «Маски долой!»

Найбольш прадстаўніка газэты абурыла ў камэнтары Шурскага ўзгадка пра Курапаты. Газэта нават «дазволіла сабе працытаваць» гэты ўрывак. У ім чытач на трывогу акадэміка Рубінава пра магчымае незваротнае перацягваньне пад уплыў і кантроль царквы пэўнай катэгорыі грамадзянаў піша наступнае: «Брава, сп. Рубінаў! Можа скажам шчырэй – пакуль рэлігія «не перацянула на свой бок» несьвядомых грамадзянаў, варта трошкі скараціць колькасьць яе адэптаў? Пад Менскам ёсьць «цудоўнае» лясное ўрочышча Курапаты — там яшчэ багата месца, дзе можна сьмела пад дзяржаўнымі лёзунгамі і транспарантамі ізноў растрэльваць людзей за іх «антыдзяржаўныя погляды».

Артыкул «Маски долой!» сп. Шурскага, які зьяўляецца галоўным рэдактарам газэты «Гродненские епархиальные ведомости» у «СБ» не надрукавалі, абмежаваўшыся толькі тым цытаваньнем. Між іншым, у тым артыкуле аўтар папярэджвае пра спробы рэанімацыі савецкага ладу, пры якім не было месца ні рэлігіі, ні іншаму «іншадумству».

Аўтар задаецца пытаньнямі, ці зьяўляюцца выказваньні намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта выпадковымі, памылковымі, ці ўсё‑ткі гэта пэўная тэндэнцыя.

Выклікае цікавасьць і такая акалічнасьць: спачатку водгук быў дасланы на сайт газэты пад імём almadorus. Аднак у рэдакцыйных камэнтарах падаецца прозьвішча аўтара. Па словах самаго Аляксандра Шурскага, для яго гэта застаецца таямніцай якім чынам газэта дазналася, хто хаваецца пад псэўданімам. Не патлумачыла газэта і месца працы сп.Шурскага.

Пазьней артыкул зьявіўся на старонцы жывога журналу Шурскага, а ў студзені быў надрукаваны на старонках епархіяльнай газэты. З інтэрнэт‑вэрсіяй ліста можна азнаёміцца на сайце выданьня.

У адказ на рэплікі «Советской Белоруссии» рэдактар епархіяльнай газэты даслаў яшчэ адзін ліст на сайт «СБ», які таксама пакуль застаецца без адказу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?