Дасьледаваньні Аналітычнага цэнтру Юр’я Лявады пацьвердзілі, што вобраз нашае нацыі ў вачах расейцаў горшае.

Расейцы падтрымліваюць строгую палітыку дзяржавы ў адносінах зь Беларусяй. Галасы тых, хто мяркуе, што Беларусь — гэта саюзьнік, і тых, хто пэўны, што гэта ня больш як адзін з суседзяў, у 2007 г. падзяліліся.

У выпадку паўтарэньня “нафтагазавай” спрэчкі зь Беларусяй і паўторнага накладаньня Менскам мытаў на транзыт вуглевадародаў, незаконнага адбору нафты і газу з трубаправодаў 38% расейцаў прапаноўваюць увесьці проці суседзяў эканамічныя санкцыі. Пра гэта сьведчаць апошнія дасьледаваньні сацыёлягаў.

Паводле дадзеных Аналітычнага цэнтру Юр’я Лявады, 23% апытаных выступаюць за дыпляматычнае ўзьдзеяньне на Беларусь, а 16% прапаноўваюць зьвярнуцца ў міжнародны суд. Ёсьць і болей радыкальныя прапановы: ужыць вайсковую моц (2%). І толькі 31% апытаных ухваляюць павышэньне цэнаў на нафту для Беларусі са студзеня 2007 г., у той час, калі 42% выступаюць супраць. У канфлікце паміж дзьвюма краінамі Ўладзімер Пуцін ды Аляксандар Лукашэнка падзяляюць віну напалам, так упэўненыя 38% расейцаў. 23% рэспандэнтаў уважаюць, што Беларусь вінаватая болей. 19% грамадзян называюць сытуацыю падкопамі алігархаў, і толькі 10% ускладаюць адказнасьць цалкам на Расею.

Апытаньне засьведчыла, што меркаваньне пра Аляксандра Лукашэнку ў расейскіх грамадзян неаднароднае. Большасьць апытаных (31%) уважаюць яго за “хітрага і падступнага палітыка, здольнага на што заўгодна”, трохі меней (30%) захавалі добрае ўяўленьне пра “бацьку” як пра “паважанага лідэра беларускага народу”. 10% пэўныя, што ён апошні дыктатар у Эўропе, а 5% мянуюць яго адзіным праўдзівым сябрам Расеі. Пры гэтым усяго 31% расейцаў называюць Беларусь краінай-саюзьнікам, столькі сама людзей пэўныя, што гэта “звычайная сумежная краіна”. 25% мяркуюць, што іхныя ўсходнія суседзі — нахлебнікі, а 7% дык і наагул назвалі беларусаў ворагамі.

Адказваючы на пытаньне сацыёлягаў, якой мусіць быць справядлівая цана на расейскі газ для Беларусі, амаль траціна апытаных (31%) мяркуе, што такой самай, як для Ўкраіны, кожны пяты (21%) прапаноўвае параўняць яе з цэнамі для спажыўцоў Заходняй Эўропы, а 18% — з цэнамі на нутраным расейскім рынку. 31% расейцаў мяркуюць, што меры ў адказ зь Менску (увядзеньне транзытных мытаў на расейскую нафту) будуць адэкватным рашэньнем на павышэньне цэнаў на расейскі газ, аднак большая частка рэспандэнтаў (42%) тых мераў не падтрымала, астатнія (27%) вагаліся.

Адназначных пераможцаў у вырашаным канфлікце расейцы ня бачаць: па 11% апытаных паказваюць на Маскву і Менск, 28% мяркуюць, што дасягнуты кампраміс задавальняе абедзьве краіны, а 23% уважаюць, што ў гэтай спрэчцы ніхто ня выйграў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?