У Беларусі запрацаваў інтэрнэт-праект «БелЯма», які акумулюе інфармацыю пра пра дэфекты дарожнага пакрыцця ў краіне. Сайт прадугледжвае актыўны ўдзел неабыякавых грамадзянаў з аказаннем ім прававой дапамогі.
Прынцып дзеяння праекта:
Грамадзяне, якія заўважылі ў сваім населеным пункце сур’ёзнае пашкоджанне дарожнага пакрыцця, фатаграфуюць яго і робяць неабходныя замеры.
Сайт нагадвае — згодна з дзеючым у Беларусі СТБ 1291-2007, памеры ямаў не павінны быць больш 0,09 кв. м. па плошчы (30 х 30 см) і 5 см у глыбіню.Усе ямы, большыя хоць бы па адным параметры, павінны агароджвацца тэхнічнымі сродкамі арганізацыі дарожнага руху ў адпаведнасці з СТБ 1300.
Пасля гэтага фота з апісаннем (памеры ямы, месцазнаходжанне — населены пункт, вуліца, № дома) запампоўваецца на сайт belyama.by (націскаем чырвоную кнопку «дадаць» на галоўнай старонцы). Пры гэтым карыстальнік аўтаматычна атрымае шаблон звароту ў ДАІ. Запаўняе яго, раздрукоўвае і дасылае ў інспекцыю.
Сайт нагадвае — згодна з арт. 40 Канстытуцыі грамадзяне маюць права звяртацца асабіста, а таксама накіроўваць калектыўныя і індывідуальныя звароты ў дзяржаўныя органы.
У адпаведнасці з р. 1 арт. 10 закона РБ «Аб зваротах грамадзян» органы дзяржаўнай улады абавязаныя даць пісьмовы адказ па сутнасці звароту на працягу месяца з дня рэгістрацыі звароту.
Што рабіць, калі вы не атрымалі адказ з ДАІ, або вы палічылі яго адпіскай?
Звяртайцеся ў суд. На сайце belyama.by вы знойдзеце карысную інфармацыю, як аформіць скаргу. Асобны раздзел праекта прысвечаны нарматывам і стандартам, што датычаць эксплуатацыйнага стану дарог.
На сайце вядзецца статыстыка: колькі фотафактаў зарэгістравана, колькі заяў пададзена ў ДАІ, што ў выніку зроблена.
Праект «БелЯма» — адна з серыі ініцыятыў, што ўжо дзейнічаюць у Расіі, Украіне і Казахстане. Аўтарам ідэі з’яўляецца вядомы расійскі барацьбіт з карупцыяй Аляксей Навальны.