Суд Цэнтральнага раёна Мінска 26 кастрычніка разгледзеў справы пяцярых удзельнікаў акцыі салідарнасці з палітзняволенымі, затрыманых вечарам 25 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы.

Раней паведамлялася пра шэсць затрыманых, аднак да суда дайшлі адміністрацыйныя справы пяці ўдзельнікаў акцыі, паведаміла праваабаронца Наста Лойка. Паводле яе інфармацыі, Алег Рагоўскі, Аляксандр Салдаценка, Алег Рахоўскі і Галіна Паддубка пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі на 7 сутак. Пяты затрыманы, фігурант крымінальнай справы аб масавых беспарадках Сяргей Казакоў, памілаваны ўказам прэзідэнта, асуджаны на 10 сутак арышту.

Такім чынам, за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях салідарнасці з палітзняволенымі асуджаны ўвогуле восем чалавек: два — за ўдзел у акцыі 21 кастрычніка, адзін — за ўдзел у акцыі 24-га і пяць — за ўчарашнюю акцыю. Усе працэсы праходзілі ў судзе Цэнтральнага раёна.

***

Акцыі, ініцыяваныя грамадзянскай кампаніяй «Еўрапейская Беларусь», праводзяцца ў Мінску з мінулай пятніцы. Супрацоўнікі міліцыі ні разу не далі людзям сабрацца на Кастрычніцкай плошчы: удзельнікаў пачынаюць разганяць і затрымліваць, як толькі яны з`яўляюцца на заяўленым месцы.

За заклікі выйсці на плошчу ў знак салідарнасці з палітзняволенымі Генпракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне каардынатару «Еўрапейскай Беларусі» Максіму Вінярскаму. Учора ён быў асуджаны на 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі 24 кастрычніка.

У панядзелак начальнік міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Яўсееў выступіў з відэазваротам да грамадзян. «Тыя, хто заклікае да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях, і іх удзельнікі зведаюць адміністрацыйную адказнасць, а ў выключных выпадках, дзе ёсць дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, — крымінальную адказнасць», — папярэдзіў ён.

Нягледзячы на гэта, прэс-сакратар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Атрошчанкаў заявіў, што акцыі салідарнасці будуць праходзіць штодзённа да вызвалення палітзняволеных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?