Празь пяць гадоў, пасьля некалькіх адтэрміновак, уначы з панядзелка на аўторак новая апэрацыйная сыстэма Windows Vista трапіла на паліцы крамаў.

Продаж сыстэмы Windows Vista i Microsoft Office 2007 пачаўся апоўначы з панядзелку на аўторак. Дзе‑нідзе перад крамамі па новую апэрацыйную сыстэму выстройваліся чэргі.

Аднак, у Vista цяжка пакуль разгледзець штось рэвалюцыйнае – тое самае «wow», што фігуруе ў рэклямнай кампаніі новай сыстэмы («Wow starts now»), хаця карыстальнікі і змогуць знайсьці для сябе нямала зручных момантаў.

На думку Гейтса, галоўная адметнасьць навінкі — мультымэдыйныя рашэньні. Vista мае спрасьціць і зрабіць больш зручным захоўваньне мноства фатаздымкаў, музыкі, фільмаў — кампутар мусіць быць хатнім забаўляльным цэнтрам.

Распрацоўнікі Microsoft стараліся палепшыць падарваную шматлікімі прыступнасьцямі папярэдняй сыстэмы рэпутацыю. У Vista быў палепшаны firewall, узмоцненая абарона улюбёнага аб’екту хакерскіх атак Internet Explorer 7.

Vista дасьць волю бацькам па кантролі за дзецьмі. У ёй можна блякаваць інтэрнэт‑старонкі, праграмы, у тым ліку гульні, вызначаць гадзіны, калі дзіця можа карыстацца кампутарам, а калі кемлівы дзіцёнак забярэцца ў інтэрнэт, бацькі атрымаюць ад Vista поўную справаздачу віртуальных вандровак свайго нашчадка.

У продаж трапіць пяць вэрсіяў сыстэмы коштам да 399 даляраў. Сёньня Vista даступная ў 19 мовах, але да канца году іх будзе ўжо 99, сярод іх нам абяцалі беларускую.

Вольга Данішэвіч паводле Gazeta.pl

Якую карысьць можа прынесьці карыстальнікам «Windows Vista»? Пра гэта ў інтэрвію расейскай службе «Радыё Свабода» разважае галоўны рэдактар штодыднёвыка «Компьютерра» Сяргей Лявонаў.

— Сяргей, Windows Vista — гэта радыкальнае абнаўленьне ці гэта свайго роду капітальны рамонт?

— Windows Vista збудаваная на базе Windows XP і працягвае лінейку Windows NT. якая бярэ свой пачатак яшчэ ад IBM’аўскай OS‑2. Кардынальна новае ў Windows Vista — гэта інтэрфэйс. Інтэрфэйс, натуральна, стаў прыгажэйшым, на мой погляд, але апэрацыйная сыстэма стала «цяжэйшай», складанейшай, яна вымагае больш рэсурсаў, вымагае неблагога кампутара, і на старых канфігурацыях не жыве. Хутчэй за ўсё, гэта проста пераход на некаторыя больш сьвежыя тэхналёгіі і адмова ад больш старых. Напрыклад, адмова ад файлавай сыстмэмы FAT32, адмова яшчэ ад некаторых модуляў.

— А што дае Windows Vista карыстальніку ў параўнаньні з Windows XP?

— На мой сёньняшні погляд, апроч прыгажосьці інтэрфэйсу нічога асаблівага не дае. З часам, магчыма, зьявяцца якія‑небудзь прадукты, спэцыяльна арыентаваныя пад гэтую сыстэму, ад якіх будзе карысьць. Зь сёньняшнімі праграмамі я такой асаблівай карысьці ня бачу.

—А як жа абяцаньні, што Vista будзе бясьпечнейшай за ўсе іншыя сыстэмы?

— Сказаць, колькі цяпер дзірак у Vista, немагчыма. На самой справе, папярэдніх вэрсіяў было дастаткова шмат. Па іх можна меркаваць, што колькасьць знойдзеных тэставальнікаі дзірак ані ня меншая, як у Windows XP. Так, у Vista ўключылі некаторыя прадукты, якіх першапачаткова не было ў XP — гэта ўсемагчымыя антывірусныя, антышпегаўскія сродкі. Але ў той жа XP іх можна было паставіць дадаткова, ад іншых вытворцаў. Цяпер гэта зьявілася ў выглядзе Microsoft’аўскіх рашэньняў, якія ня факт, што будуць лепшымі за пабочныя.

— Шырока рэклямуецца, што цяпер існуе адзіны пошук па ўсіх файлах, уключна з Excel, Word ды шмат якіх іншых. Наколькі гэта важнае дапаўненьне?

— За апошнія два гады такіх рашэньняў багата было. Быў пошук ад Яндэкса, пошук ад Google’а. Яны нічым ня горшыя. Я ня думаю, што Microsoft у нечым пераўзышоў гэтыя рашэньні.

— Ці не падаюцца вам завышанымі вымогі да кампутара, хаця б патрабаваньне, што апэратыўная памяць павінна быць ня меней за гігібайт і магутнасьць працэсара ня меней за гігагерц?

— Насамрэч, патрабаваньне да гігабайта ня гэтак крытычнае. Сыстэма працуе і на меншай памяці. Зь іншага боку, знайсьці цяпер працэсар ніжэйшы за гігагерц, нават нерэальна. А вось вымогі да відэакарты ў сыстэмы, сапраўды, дастаткова сур’ёзныя. Вельмі вялікая намэнклятура відэакартаў выпуску 1,5‑2‑гадовай даўніны гэтым вымогам не адпавядае. Тут могуць быць праблемы.

— Ці парэкамэндавалі б вы сёньня пераходзіць з Windows XP на Windows Vista?

— Таму, хто выкарыстоўвае сыстэму для працы, думаю, што вялікага сэнсу пераходіць проста сёньня няма. Ёсьць сэнс пачакаць гадок, можа быць, паўтара. Наўрад ці цана на Vista зьнізіцца, але хаця б будуць знойдзеныя асноўныя хібы, і зьявязза праграмы, якія ўжо дакладна працуюць пад гэтай сыстэмай. А вось пераход сёньня зьвязаны з тым, што, дапусьцім, вядомы пакет Nero на Vista працаваць ня будзе. Яшчэ якіясьці пакеты, якія працуюць з жалезам, пад Vista ня пойдуць. Баюся, просты карыстальнік сутыкнецца з даволі вялікай колькасьцю праблемаў, якія на сёньня пакуль ня вырашаныя. Ёсьць сэнс пачакаць, пакуль будуць выпушчаныя новыя вэрсіі пабочных прадуктаў.

Радио Свобода

Каманіі IBM, Sun Microsystems, Adobe, Corel, Oracle, RealNetworks, Red Hat, Linspire і Opera зьвярнуліся ў Эўракамісію з скаргай на Microsoft. Яны абвінавачваюць карпарацыю ў выштурхоўваньні канкурэнаў з рынку. Прэтэнзіі распрацоўнікаў зьвязаныя з тым, што Microsoft выкарыстоўвае шэраг закрытых стандартаў, якія абмяжоўваюць магчымасьці незалежных стваральнікаў праграмаў. Эўракамісія разглядае скаргу кампаній, і экспэрты ўважаюць, што, хутчэй за ўсё, Microsoft пагражае чарговы немалы штраф. Аднак спэцыялісты ўпэўненыя, што амэрыканскай карпарацыі з квартальным абаротам у 12 мільярдаў даляраў, якая кантралюе 90% рынку апэрацыйных сыстэмаў Эўропы, нічога ня страшна. Змагацца з Microsoft ужо немагчыма.

Паводле Регион Киев Медиа

Глядзі яшчэ:
Microsoft гатовы ствараць электронны ўрад Беларусі
Для беларусаў выпусьцяць куцаватую Windows?
Беларускамоўныя Windows: чакайце ў чэрвені
Племя мапучу падае ў суд на Windows
5 гадоў Windows у клетачку

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0