Сёння на паседжанні Камітэта міжнародных справаў Бундэстага лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч выступіў з крытыкай еўрапейскай палітыкі, скіраванай на аднаўленне кантактаў з дыктатурай Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што палітыка палітычнай ізаляцыі рэжыма з боку Еўропы не паспрыяла дэмакратызацыі Беларусі і не мела карысці для беларускага народу. Палітык падкрэсліў, што быў і застаецца прыхільнікам дыялогу аб’яднанай Еўропы з Беларуссю, але толькі пры абавязковай ўмове – выканання рэжымам шэрагу крокаў на збліжэнне, першымі з якіх павінны стаць вызваленне ўсіх палітзняволеных на чале з Аляксандрам Казуліным і свабода прэсы.

‑ Вера часткі еўрапейскіх палітыкаў у тое, што Еўропа можа паразумецца з Лукашэнкам і дзякуючы гэтаму дамагчыся дэмакратычных зменаў у Беларусі ёсць наіўным і небяспечным меркаваннем. Усе кантакты з Еўропай Лукашенка будзе выкарыстоўваць толькі і выключна ў інтарэсах захавання рэжыму асабістай улады. Як паказвае практыка, з Лукашэнкам нельга размаўляць без акрэслівання ясных умоваў дыялогу. Палітыка Еўропы павінна быць які ніколі цвёрдай – дыялог толькі ўзамен за выкананне ўмоваў, але ніяк не наадварот, — адзначыў па выніках паседжання Камітэта міжнародных справаў Бундэстага лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч.

Сёння ж адбылася сустрэча Аляксандра Мілінкевіча з дарадцамі канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркэль. Былі абмеркаваныя праблемы энергетычнай бяспекі ў святле нафтагазавага канфлікта Беларусі і Расіі, хада будучых сацыяльна‑эканамічных рэформаў, падтрымка Беларусі ў пераходны перыяд.

Увечары адбудуцца перамовы Аляксандра Мілінкевіча з кіраўніцтвам Хрысціянска‑дэмакратычнага саюзу, кіруючай партый Нямеччыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?