Мастак Алесь Тарановіч трынаццаць гадоў жыве ў Берліне. З’ехаў пасля таго, як існаванне ўсіх праектаў ў Беларусі стала нерэнтабельным.

 Мастак Алесь Тарановіч.

Мастак Алесь Тарановіч.

 Карціны Тарановіча заўсёды вызначаліся эратычнасцю.

Карціны Тарановіча заўсёды вызначаліся эратычнасцю.

А яшчэ выпускніком Акадэміі мастацтваў ён быў поўны аптымізму. Думаў нават, што зможа змяніць свет. «Гэта быў пачатак 1980-х. Сярод творчай моладзі, мастакоў панаваў вясковы рамантызм, жаданне аднаўлення нацыянальнай культуры. Плюс магчымасць атрымаць дом, зямлю — раздолле для рыбака і паляўнічага. Памятаю, як ліставаўся ў той час з рэдакцыяй часопіса «Сельская молодежь». Тады гэты рух узняла сям’я Барыса Цітовіча. Яны жылі недалёка ад нас, таксама ў Вілейскім раёне. Мы сустракаліся...»

З дыпломам мастака Алесь паехаў у вёску Хамутнае (сёння Чаромушкі). Працаваў пад кіраўніцтвам начальніка аддзела культуры Вілейскага райвыканкама.

Афармляў музеі, Дамы культуры. Але надзеі, ускладзеныя на вясковае жыццё, не спраўдзіліся.
«Гэта была ілюзія. У Карла Маркса ёсць фраза: «ідыятызм вясковага жыцця». Я быў белай варонай са сваёй рамантыкай. Не піў самагонку літрамі, не мацюкаўся. Потым пачалася перабудова. А гэта была ўжо сапраўдная рэвалюцыя. І мы кінуліся ў яе вір».

Як ангольскія афіцэры стрыптыз танчылі

Толькі і перабудова «скончылася паразай для такіх рамантыкаў, як я». Мастакі андэграўнду, што неслі новае для савецкага грамадства мастацтва пад назвай «мадэрнізм», не завалодалі «розумамі мас». Але ідэі і эксперыменты на гэтым не спыніліся. Пачалося свабоднае плаванне самастойнай Беларусі. Алесь Тарановіч, які яшчэ са студэнцкіх гадоў быў і Алесем Эроцічам,

стварыў тэатр з правакацыйнай назвай «Сталёвы аргазм».

«Тэатр прывабліваў мяне ў першую чаргу як квінтэсэнцыя самых розных бакоў рэчаіснасці, як сінтэз жывапісу, паганскага культу і містычнага экзістэнцыялізму. Гэта было спалучэнне танца, стрыптызу, бодзі-арта, перформансу і паэзіі. А пасля працы з рэжысёрам Барысам Луцэнкам з’явіўся і псіхалагічна-міфічны падтэкст. За некалькі гадоў праз тэатр прайшло больш за сто чалавек. Пераважна гэта дзяўчаты, але было i некалькi хлапцоў-культурыстаў i гiмнастаў. Былі нават негры, былыя афіцэры ангольскай арміі. Выступалі пераважна на начных сцэнах у прыватных клубах, больш за ўсё ў Мінску. Але гастралявалі і па Беларусі, у Маскве, Вільні, Берліне».

Чаму не абралі назву больш мілагучную для тэатра — «Элегія» ці «Накцюрн»? Таму што з самага пачатку Алесь адчуваў, што ўсё хутка скончыцца. У выніку ўсё атрымалася так, як і прадбачыў. «Людзі не ўспрымалі гэта як мастацтва, а толькі як эратычную экзотыку». Алесь заўважае, што ў яго тэатра была «крыша», але не было падтрымкі гледачоў. А адчуванне сваёй непатрэбнасці дапапаўнялася яшчэ і жабрацкімі ганарарамі. «Начная публіка — гэта была не наша аўдыторыя. Я быў мастаком-рэжысёрам, а не прадзюсарам-бізнэсоўцам. Той адзіны раз, калі мы запрасілі прафесійных крытыкаў на наша выступленне, не прынёс чаканага выніку. Адзін з крытыкаў назваў гэта «культурай кока-колы». Яны проста не ведалі, як класіфікаваць такое дзейства. Пасля гэтага мы перайшлі выключна на начную сцэну».

А пасля было абранне першага прэзідэнта краіны. Тэатр «Сталёвы аргазм», па словах Тарановіча, пачалі заціскаць ужо і па ідэалагічных крытэрах, не давалі выступаць. Так уладальнік «тэатра стрыптызу» застаўся без працы. Знаёмы галерыст з Берліна прапанаваў працаваць з ім. «Спачатку па гасцявой візе, потым — па сталай... «Мігрантам трэба нарадзіцца», — пісаў Дастаеўскі. Прыйшоў час, і я зразумеў, што гэта пра мяне».

Мікалай Трус уключыў тэатр Тарановіча ў сваю «Энцыклапедыю тайнаў і сенсацый», палічыўшы яго экзотыкай для Беларусі.

Ці была гэта памылка маладосці, хаця Алесь і тады ўжо быў далёка не дваццацігадовым студэнтам? «Не. Гэта быў пошук. Спроба сябе праявіць. Маё стаўленне да таго часу пазітыўнае.

У пачатку перабудовы людзі былі лепшымі. Яны не былі сапсаваны капіталізмам. Тады было мала грошай і шмат рамантыкі. Нават бандыты былі рамантычнымі.
Я дзясяткі разоў выступаў ноччу ў розных беларускіх гарадах. Восемдзясят працэнтаў публікі — бандыты, часам узброеныя. І толькі двойчы я атрымаў па мордзе. Але нават не ад беларусаў, а ад прыезджых расійцаў. Вакол было шмат бруду, але я рабiў усё чыстымi рукамi i з чыстым сумленнем. Гэта было мастацтва».

Алесь лічыць, што сёння эротыкі ў Беларусі больш, чым у Германii. А там, у немцаў, дамінуе «брутальнае порна і гомасэксуалізм».

«Як мастак я тут скончыўся…»

На час існавання тэатра прыпала і існаванне іншага праекта, які Алесь схільны заносіць у свае перамогі. Гэта праца галерэі «Шостая лінія», якая прадстаўляла беларускае незалежнае мастацтва. Але і ад яе прыйшлося адмовіцца. Чаму? «Дастала галеча, грошы не плацілі… Карцiны не куплялi, а галоўнае, нягледзячы на вялiкае памяшканне i добрае месца, галерэя не стала прыцягальным месцам для мастакоў-нонканфармiстаў».

Ужо ў Германіі, у пачатку 2000-х, ён стаяў ля вытокаў фестывалю «несвоечасовага мастацтва» «Дах». Але сёння не прымае мадэрнізм. Праўда, першы «Дах» у берлінскай галерэі «Тахелес» быў куды больш кансерватыўным, чым наступныя: на ім значнае месца займала традыцыйнае, пазiтыўнае i прафесiйнае мастацтва.

«Першая і самае галоўная прычына адыходу ад мадэрнізму — прыйшоў да Бога адразу па пераездзе ў Берлін.

Стала зразумела, што мадэрнізм — гэта падман, гульня і авантура. Для мяне стала галоўным жаданне знайсці трывалую кропку апоры ў жыцці.
Сёння я не толькі адмаўляю каштоўнасці мадэрнізму, але і вяду барацьбу за выратаванне маладых душ».

Але пасля піка мастацкай актыўнасці ў Беларусі за мяжой Тарановіч гэты занятак зрабіў прафесіяй. «Як мастак-жывапісец тут [у эміграцыі] я скончыўся, калі зразумеў, што Парнас пусты, працэс заціх. Стаў лiтаратарам: пішу эсэ. На жыццё зарабляю аўтаматычным маляваннем карцін. Такія самыя справы і ў астатніх мастакоў, хто здольны зарабiць. А літаратура ідзе па нарастаючай, бо рамкі літаратуры непараўнальна шырэйшыя. З дапамогай інтэрнэту пісьменнік можа уплываць на вялікую колькасць людзей.

Для сапраўднага творцы любая змена ў жыцці — пазітыўны крок. Эміграцыя — гэта звышвыпрабаванне, таму і творчасць абвастраецца».

Ці застаўся Алесь мастаком унутры? «Мастак застаецца заўсёды, чым бы не займаўся. Я, напрыклад, займаюся яшчэ і кулінарыяй, бо лічу, што гэта, у першую чаргу, мастацтва. А жывапісцам увогуле сябе не лічу, толькі вымушаны гэтым займацца».

***

Беларускі стрыптыз

«Амаль умомант у Мінску і іншых гарадах, на дзясятках малапрыстасаваных сцэн, афіцыйна і неафіцыйна пачалося выступленне нашых артыстак. Колькасць беларускіх стрыптызёрак паступова дасягнула сотні, да іх далучыліся і мужчыны, з’явіліся групы «Ню», наш «Сталёвы аргазм», «Серж». Неўзабаве з’явіліся і спецыяльна ўладкаваныя сцэны ў Мінску — «Лагуна», «Макс», «Вернісаж», «Фламінга». Пік развіцця беларускага стрыптызу прыйшоўся на сярэдзіну 90-х гадоў, а сёння … сёння ўжо можна гаварыць пра заняпад жанру. І прычын тут некалькі. Безумоўна, на першым месцы палітычныя і эканамічныя змены, якія адбыліся ў краіне. Пры таталітарных рэжымах эротыка і сэкс заўсёды падлягалі ганенням — толькі ў нацысцкай Нямеччыне і ў СССР парнаграфія каралася як крымінальнае злачынства на ідэалагічным грунце. Сэксуальна зняволенымі людзьмі лягчэй кіраваць. «Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці» аголенае цела інакш як парнаграфію не ўспрымае. Стрыптызу ў Беларусі быў пастаўлены заслон».

Алесь Эроціч, 1998

***

Алесь Тарановіч (Алесь Эроціч) нарадзіўся ў 1955 годзе ў Мінску. Выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў (1984). Працаваў экспертам Беларускага фонду культуры. З 1998 жыве ў Берліне. Аўтар кніг «Песня эмігранта» (2005), «Берлінская мазаіка» (2011). Стваральнік мастацкай галерэі «Шостая лінія», тэатра «Сталёвы аргазм». У Германіі адмовіўся ад ідэй мадэрнізму. Жанаты, мае сына, якія таксама займаюцца мастацтвам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?