Суд Маскоўскага раёна Мінска 28 кастрычніка адхіліў скаргу Тамары Сідарэнка на пастанову калегіі Міністэрства юстыцыі аб спыненні дзеяння яе адвакацкай ліцэнзіі.

31 жніўня калегія Мінюста зацвердзіла рашэнне аб спыненні дзеяння ліцэнзіі Сідарэнка, якая абараняла кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года Уладзіміра Някляева і Аляксея Міхалевіча. Гэтае рашэнне было прынята 17 жніўня кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці Мінюста на падставе двух прадпісанняў аб устараненні недахопаў у працы, якія былі выдадзены Сідарэнка сёлета.

«Першы недахоп — тое, што ў СМІ было размешчана маё інтэрв’ю па справе Някляева, я там, здаецца, няправільна выказалася, што мяне не дапускаюць да майго падабароннага», — сказала Сідарэнка. Акрамя таго, па выніках праверкі дзелавых папер за мінулыя гады ў яе былі выяўлены «пэўныя парушэнні ў справаздачах: у парадку заключэння пагадненняў», што пацягнула выдачу другога прадпісання.

«Я па меры магчымасці ўстараніла парушэнні, на падставе якіх мне былі выпісаны прадпісанні», — падкрэсліла адвакат.

Паводле слоў Сідарэнка, яна не згодная з вердыктам раённага суда. «Гэтае рашэнне я лічу незаконным і буду скардзіцца далей. У касацыйным парадку я маю намер падаць скаргу ў Мінскі гарадскі суд», — сказала адвакат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0