29.10.2011 / 12:53

Прэзідэнтам Ірландыі абраны ірландскамоўны паэт 7

Ён чвэрць стагоддзя быў дэпутатам, а таксама міністрам па справах культуры, мастацтва і гэльскай мовы.

Дзявятым па ліку прэзідэнтам Ірландыі стаў прадстаўнік Лейбарысцкай партыі Майкл Хігінс. Паводле апублікаваных у ноч на суботу вынікаў, на выбарах (а яны прайшлі ў чацвер) ён атрымаў 707 101 голас, або каля 40%.

Яго галоўны супернік, незалежны кандыдат Шон Галахер, які набраў 504 964 галасы, адмовіўся ад далейшай барацьбы, так што другі тур праводзіцца не будзе. Трэцім да фінішу прыйшоў прадстаўнік партыі Шын Фейн Марцін Макгінэс.

У выбарах удзельнічалі сем кандыдатаў.

Усе яны ўжо патэлефанавалі Майклу Хігінсу з віншаваннямі і пажаданнямі паспяховай працы.

Усяго за некалькі дзён да галасавання Галахер, паводле апытанняў, апярэджваў Хігінса.

Вырашальную ролю ў перамозе Хігінса згуляла яго рэпутацыя ўмеранага і ўзважанага палітыка.
Выбаршчыкі аддалі яму перавагу, чым тэлезорцы Галахеру і былому камандзіру Ірландскай рэспубліканскай арміі Макгінэсу.

Яўка на выбарах склала 56,1% — значна ніжэй, чым на парламенцкіх выбарах у лютым, калі на ўчасткі прыйшлі каля 70% ірландцаў.

Прэзідэнт у Ірландыі з’яўляецца цырыманіяльнай фігурай і абіраецца на сем гадоў.

***

Прафесару і паэту Майклу Хігінсу 70 гадоў. Ён чвэрць стагоддзя быў дэпутатам ірландскага парламента, а таксама міністрам па справах культуры, мастацтва і гэльскай мовы.

Адна з вядучых палітычных партый Ірландыі, Фіяна Файл, вырашыла не выстаўляць свайго кандыдата пасля цяжкай паразы, панесенай ёю на парламенцкіх выбарах. Аднак Шон Галахер, які выступаў як незалежны кандыдат, раней быў у шэрагах ФФ і займаўся зборам ахвяраванняў на яе карысць.

0
Янка Дамавік / Адказаць
29.10.2011 / 13:08
Святы Патрык быў бы недавольны(
0
Беляш разладу / Адказаць
29.10.2011 / 15:33
Вось так и нам трэба выбираць прэзыдента з медиа прастранства, бо палитыки надакучыли усим, тупыя як пара сапог. Я за Алеся Мухина напрыклад.
0
Alies' / Адказаць
29.10.2011 / 19:03
Taksama niazrelaja nacyja. U nas Shusha byw syn paeta. Njakljaew - pis'mennik parnohraf. Dyrnyja nacyi. Ne mayuc' saprawdnyh gaspadarow.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру