Актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Яўген Васьковіч знаходзіцца ў карцары турмы № 4 у Магілёве> паведаміў адказны сакратар аргкамітэта БХД Дзяніс Садоўскі.

Раней Васьковіч адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі № 15. Ён неаднаразова змяшчаўся ў штрафны ізалятар і пасля быў пераведзены ў памяшканне камернага тыпу. Атэстацыйная камісія прызначыла Васьковічу пакаранне ў выглядзе трох гадоў адбывання пакарання ў турме строгага рэжыму з сямі прызначаных. Пасля ён быў пераведзены ў турму № 4 у Магілёве.

Васьковіч 28 кастрычніка сустрэўся са сваім адвакатам. «Ён паведаміў, што адчувае сябе лепш, чым у калоніі № 15. Паводле яго слоў, іншым разам у турме даюць смачную ежу. Разам з тым, ён ужо двойчы апынуўся ў карцары, дзе знаходзіцца і цяпер. Першы раз ён трапіў туды за тое, што адмовіўся „працаваць на фашысцкую ўладу“, другі раз — на дзесяць сутак за тое, што заснуў у карцары», — сказаў Садоўскі.

Васьковіч таксама расказаў пра ўсе выпадкі свайго знаходжання ў карцары калоніі № 15 у Магілёве. «Як паведаміў адвакат, у першы раз яго туды накіравалі на дзесяць сутак за адмову аддаць Біблію, у наступны раз — таксама на дзесяць сутак за адмову маршыраваць пад дажджом. Тады ж яго пазбавілі права на любыя спатканні. У далейшым яго саджалі на двое, трое, чацвёра і пяцёра сутак. У выніку 12 кастрычніка над Васьковічам у калоніі адбыўся суд, які за парушэнні рэжыму прыгаварыў яго да пераводу з узмоцненага на строгі рэжым», — паведаміў Садоўскі.

«Васьковіч таксама сказаў, што на 80–90% лісты да яго не даходзяць. Аднак ён змог атрымаць лісты за нумарамі 3 і 4 ад Паўла Севярынца», — адзначыў Садоўскі.

Суд Бабруйска (Магілёўская вобласць) 18 мая прыгаварыў грамадскіх актывістаў Яўгена Васьковіча, Паўла Сырамолатава і Арцёма Пракапенку да сямі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнага. Усе трое былі прызнаныя вінаватымі ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці) і ч. 2 арт. 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэкса. Суд палічыў даказанай іх віну ў спробе падпалу будынка КДБ у Бабруйску.

На будынак аддзела КДБ у райцэнтры напалі ў ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 года — у яго былі кінуты бутэлькі з запальнай сумессю. Пацярпелых не было. Крымінальная справа паводле артыкула «Хуліганства» распачало УУС Бабруйска.

Праваабаронцы лічаць Васьковіча палітычным зняволеным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?