01.02.2007 / 10:42

Такая вось беларуская быль

Нядаўна паглядзелі зь сябрамі малабюджэтную кароткамэтражку – фільм «Беларуская быль» ад гурта НОМ (рэжысэры: Андрэй Кагадзееў, Мікалай Капейкін. Расія 2006).

Нядаўна паглядзелі зь сябрамі малабюджэтную кароткамэтражку – фільм «Беларуская быль» ад гурта НОМ (рэжысэры: Андрэй Кагадзееў, Мікалай Капейкін. Расія 2006).

Расійскі альтэрнатыўны гурт «НОМ» апошнім часам сур’ёзна заняўся фільмаробствам. ББ – іхны трэці фільм, самі аўтары характарызуюць яго як «бязьлітасна‑сатырычны».

Галоўны герой – просты савецкі хлопец Віц’а – заваліў 25 фрыцаў і ўсяго толькі 40 км. не дайшоў да Бэрліну. Але вось надыйшла вясна 1945 году. Таварышч Сталін віншуе герояў зь перамогай. Віц’а вяртаецца дадому, дзе яго чакаюць жонка і сын. І прахарчаваць іх зможа адно ваенны трафэй – дарожны знак «40 km.» Віц’а ўладкоўваецца інспэктарам ДАІ і пачынае будаваць мірнае жыцьцё. Але пройдуць гады, і знак стане прычынай крывавай драмы, якая разгорнецца ў беларускім мястэчку Вицябск.

(Паводле сайта Аляксея Дубінскага)

Беларускаму гледачу будзе цікава зірнуць на фільм з дзьвюх прычынаў. Па‑першае, малабюджэтны андэграўнд на тэму ВАВ зьняты якасьней за некаторыя шэдэўры роднага «Беларусьфільму». Па‑другое, вельмі цікава паназіраць, як у руках цынічных сьцёбшчыкаў краіна Беларусь робіцца калярытам. Героі размаўляюць па‑руску, старана дзэкаючы і цэкаючы – атрымліваецца кранальна: «Ба‑ц’а, знак спізд‑зялі!» З нагоды вяртаньня Віц’ы з фронту, сям’я запякае і зьядае бусла, абсмоктваючы даўгія чырвоныя лапы і дзюбу; пад канец фільма пастарэлы Віц’а есьць чыпсы з пакеціку «ЧЫПСЫ», слухае радыёпрыймач «ГАРОДНЯ», седзячы пад партрэтам Пуціна з лысінай і вусамі.

Такі вось фільм — трэшавая фантасмагорыя ў найлепшых традыцыях някрасаўскага «калтуна ў валасах». Мы зь сябрамі паймелі паўгадзінкі займальнага гледзіва, чаго і вам жадаю.

М.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру