Фэдэральныя праваахоўныя органы ЗША вядуць пошукі двух грамадзянаў Беларусі, якія перавялі на свае рахункі больш за 60 тысяч даляраў. Яны ўпісвалі індывідуальныя нумары і асабістыя дадзеныя падаткаплатнікаў ў формы вяртаньня падаткаў, заплачаных памерлымі ў год сьмерці.

Як гаворыцца ў тэксьце абвінавачаньняў, якія будуць выстаўленыя беларусам па артыкулах «змова» і «махлярства», 25‑гадовы Аляксей Пагодзін і 27‑гадовы Дзьмітры Гузаў праз інтэрнэт атрымалі пэрсанальныя дадзеныя больш як 150 памерлых, якія падавалі ў год сьмерці дэклярацыі ў фэдэральныя падатковыя органы ЗША і больш як 130 — у падатковую службу штату Вісконсін.

Пры гэтым махляры былі ня надта вынаходлівыя й падавалі да ўсіх імёнаў адну і тую ж падатковую дэклярацыю, гадавая сума даходаў у якой складала 19.140 даляраў, зь якіх былі заплачаныя 2.080 даляраў падаткаў, у выніку чаго падатковыя органы былі вінныя вярнуць 731 даляр.

У ЗША падаткі плацяцца цягам году на падставе фэдэральных і рэгіянальных законаў, аднак калі чалавек заплаціў больш, чым належала, пры канцы фінансавага году яму вяртаюць пераплату.

Ілюстрацыя — Сяргей Алімаў, сэрыя «Мёртвыя душы», фрагмэнт карціны «Чычыкаў, Селіфан і Пятрушка», 2000 г., папера, аловак. Allabulgallery.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?