Новы сезон тэлеканал АНТ адкрыў праектам пад назвай «Абмен жонкамі». Сутнасць яго заключаецца ў тым, што дзве сям’і абменьваюцца жонкамі-мамамі на тыдзень.
Тры дні жанчына жыве па правілах новай сям’і, на чацвёрты дыктуе свае правілы, а на сёмы абедзве сям’і сустракаюцца на нейтральнай тэрыторыі і выказваюць заўвагі з нагоды жыцця адзін аднаго.

Шоу выпускаецца па ліцэнзіі ў многіх краінах, у тым ліку і ва Украіне. Айчыннае рэаліці, праўда, мае спецыфічны шарм. Падчас прагляду перадачы заўважаеш рэкламу, якая тырчыць з усіх шчылінаў і якую нават не імкнуцца маскіраваць.

У мінулую суботу абмен жонкамі адбыўся паміж брэсцкай і наваполацкай сем’ямі. «Вячэрні Брэст» папрасіў удзельніцу праекта з Брэста падзяліцца ўражаннямі пра тэлевізійную кухню, а таксама расказаць пра тое, што засталося за кадрам.

Вольга ў шлюбе з Сяргеем пяць гадоў, у сям’і падрастаюць двое дзяцей — чатырохгадовая Дамініка і паўтарагадовы Давід.

— Мы самая звычайная сям’я, але некаторыя моманты могуць падацца камусьці асаблівымі. Так, мы стараемся весці здаровы лад жыцця, выбіраем толькі карысную ежу, максімальна абмежавалі выкарыстанне бытавой хіміі.

Апошні пункцік і ўразіў маму з Наваполацка. Ёй прапаноўвалі варыць гаспадарчае мыла, якое потым выкарыстоўвалася пры мыцці бялізны, мыць галаву яйкам. І запрошаная мама ўсё гэта мужна вытрывала, хоць месцамі і назіраўся адкрыты перабор з боку сцэнарыстаў.

— Што ж падштурхнула цябе ўдзельнічаць у праекце?

— Хацелася нейкай разнастайнасці ў жыцці, нечага новага. Я заўсёды думала, што змена становішча — гэта да лепшага. Новы горад, новыя людзі. Новы жыццёвы досвед. Хацелася паглядзець, як усё ўладкавана ў іншых людзей, якія звычкі, асаблівасці, як наладжаны побыт. Дзесьці парадавацца за сябе, а штосьці ўзяць на заметку. Увогуле, звычайная жаночая цікаўнасць.

Адбор цягнуўся доўга, прыкладна два месяцы мы знаходзіліся ў невядомасці. Мне здаецца, вырашальным стаў экалагічны падыход да побыту нашай сям’і, які мог здацца спецыфічным.

— А сямейны бюджэт на тыдзень вы фармавалі самі?

— Так, самі. Аднак загадзя не абгаворвалася, што ў яго ўваходзіць. Мы думалі, што гэта будзе бюджэт поўнага пражывання на тыдзень, уключаючы ўсе раздзелы выдаткаў. А выявілася, што АНТ забяспечвае толькі харчаванне дома, а ўсё астатняе (харчаванне па-за домам, культурна-спартыўныя паходы) удзельнікі павінныя аплачваць самі.

— У якую сям’ю ты баялася трапіць?

— Ой, я так задаволеная той сям’ёй, у якой апынулася! Мне хацелася адпачыць ад штодзённасці, і з новай сям’ёй гэта ўдалося. А страшна было трапіць у вёску, з вялікай колькасцю дзяцей, з хатняй гаспадаркай, адсутнасцю ўмоваў для камфортнага жыцця. Мне было страшна, што там я магу не справіцца.

— У некаторых месцах выразна праглядаўся сцэнар…

— Так, у арганізатараў праекта ёсць сцэнар для кожнай сям’і, але нешта можа пайсці не так. Вядома, робіцца ўсё для таго, каб нейкія моманты на экране зрабіліся яшчэ больш яркімі. А калі нешта выходзіць за рамкі плану, кіраўнікі праекта могуць пачаць імправізаваць. Увогуле, удзельнічаючы ў такіх шоу, трэба быць гатовым да ўсяго.

— За той тыдзень, што цябе не было дома, твой муж захварэў, а наваполацкая жонка збегла. Няўжо ў цябе не было ніякай сувязі з домам?

— Не, любая сувязь з сям’ёй забароненая паводле ўмоваў праекта, нават мабільны тэлефон перад ад’ездам я пакідала дома. Доступу ў інтэрнэт таксама не было. Так што прыезд Таццяны ў Наваполацк стаў для нас поўнай нечаканасцю. Хоць, магчыма, яе ўцёкі і былі той самай імправізацыяй: везці хворага Сяргея ў Мінск на сямейную сустрэчу было вельмі цяжка.

— Як доўга на працягу дня з вамі знаходзілася здымачная група?

— Група канала складалася з трох чалавек: двух рэдактараў і аператара. З раніцы і да вечара з намі побач былі аператар і адзін з рэдактараў, а на ноч прыходзіў другі рэдактар. Такім чынам, пад прыцэламі камер мы знаходзіліся кругласутачна.

— Не шкада было пакідаць малога на такі доўгі тэрмін?

— Безумоўна, шкада. Хоць я і давяраю свайму мужу догляд і выхаванне дзяцей на ўсе сто адсоткаў. У перадачы паказалі, што малеча ўвесь час плача, але я думаю, гэта было не так. У прынцыпе, ён знаходзіўся ў коле сваёй сям’і, з ім былі сястра і тата. А па вяртанні мы паспяхова аднавілі грудное кармленне.

— Мужна. І што, ты праўда зусім не карыстаешся шампунямі і іншымі мыйнымі сродкамі?

— Пры неабходнасці карыстаюся. Я максімальна абмяжоўваю выкарыстанне бытавой хіміі і касметыкі, але не выключаю іх зусім.

— Што даў праект вашым адносінам у сям’і?

— Кардынальна, вядома, нічога не змянілася. Мы не пасварыліся, не развяліся. Я б сказала, што для нас змены толькі ў лепшы бок: мы пачалі больш шанаваць тое, што ёсць — нашу сям’ю, нашы адносіны. Муж пачаў больш дапамагаць мне ў хатніх справах, і я актыўна гэтым карыстаюся.

— З наваполацкай сям’ёй падтрымліваеце адносіны?

— Так, вядома. Мы засталіся сябрамі. Таму перыядычна стэлефаноўваемся, размаўляем, дзелімся ўражаннямі.

— Што засталося за кадрам?

— За кадрам засталіся чамусьці самыя станоўчыя моманты, якіх было нямала. Кожны вечар з намі рабілі паўгадзінныя інтэрв’ю, якія ў кадр таксама не трапілі. Але з вялікай колькасці матэрыялу з улікам рэкламы трэба было змантаваць менш за гадзіну. Магчыма, рэдактарам праекта трэба было неяк асабліва расставіць акцэнты.

— Пагадзілася б ты паўдзльнічаць у такім праекце яшчэ раз?

— Магчыма, пагадзілася б, але не на такіх умовах. Я б перагледзела палітыку ў плане перамоваў у сям’і і дазволіла хоць бы адзін званок дадому за тыдзень. Я лічу, што любы чалавек павінен ведаць, што адбываецца сям’ё, якая засталася дома. Калі што-небудзь здарылася, напрыклад, хвароба, кіраўніцтва мусіць паведамляць удзельнікам.

І, вядома ж, фінансавы бок. Наяўнасць хоць нейкага ганарару ці каштоўнага прыза магло прыцягнуць больш ахвотнікаў «абмяняцца жонкамі». Ды і ў саміх удзельнікаў быў бы стымул здымацца і рабіць шоу, і ўсё магло б атрымацца ў выніку нашмат цікавейшым.

Прынамсі трэба было б выконваць тое, што напісана на сайце, а менавіта: што праект бярэ на сябе ЎСЕ выдаткі за тыдзень. Бо ў розных сем’яў могуць абсалютна не супадаць жаданні і фінансавыя магчымасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?