Беларусь не звярталася ў Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС за павелічэннем крэдытнай лініі ў сувязі з апасеннямі ў адмове Міжнароднага валютнага фонду выдаць крэдыт.
Аб гэтым заявіў 31 кастрычніка журналістам у Алматы кіруючы дырэктар Еўразійскага банка развіцця па забеспячэнні дзейнасці АКФ Сяргей Шаталаў, паведамляе РІА Новости.

«У нас такіх кансультацый не было. Сума фінансавага крэдыту ў 3 мільярды долараў на тры гады вельмі значная — яна складае больш за 6% ВУП Беларусі», — сказаў Шаталаў.

Нагадаем, Беларусь узгадніла з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС праграму эканамічных рэформ у абмен на крэдыт у 3 млрд. долараў, які павінен быць выдадзены некалькімі траншамі на працягу 2011–2013 гадоў. Першы транш у 800 млн. долараў Беларусь атрымала ў чэрвені. Да канца гэтага года беларускія ўлады разлічваюць атрымаць яшчэ адзін транш — у 440 млн. долараў.

Як паведамлялася раней, Беларусь падала ў МВФ заяўку на выдзяленне крэдыту да 8 млрд. долараў. Між тым, як заявіла на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня праўлення Нацбанка Беларусі Надзея Ермакова, Беларусь можа не атрымаць крэдыт МВФ па палітычных матывах.

«Што да таго, ці будзе крэдыт МВФ, то, магчыма, і не будзе. Таму што, хутчэй за ўсё, нават калі мы на 100% усё выканаем (умовы выдзялення крэдыту. — БелаПАН.), то застаюцца палітычныя моманты», — сказала Ермакова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?