31 кастрычніка на пасяджэнні ў Вярхоўным судзе па справе магчымых тэрарыстаў у якасці сведкі была дапытана былая класная кіраўніца Дзмітрыя Канавалава, якая выкладала рускую мову і літаратуру, Лідзія Пятрова.

Паводле яе слоў, Канавалаў запомніўся ёй «падкрэслена элегантным», заўсёды быў у гарнітуры, туфлях, акуратна падстрыжаны. «А вонкавы выгляд — гэта адлюстраванне ўнутранага свету», — сказала яна.

Пятрова адзначыла, што Канавалаў быў выхаваным, ніколі не дапускаў грубасці ў дачыненні да настаўнікаў, цікавіўся хіміяй і гісторыяй. У школе Пятрова кіравала тэатральным гуртком, хацела прыцягнуць да ўдзелу Канавалава, але зрабіць гэта ёй не ўдалося.

Пятрова сказала, што Канавалаў быў убаку ад аднакласнікаў. Яна прыгадала выпадак, калі была вельмі здзіўлена: ён разам з аднакласнікамі прыйшоў наведаць яе дома пасля цяжкай аперацыі. Педагог звярнула ўвагу на тое, што клас «Г», у якім вучыўся Канавалаў, быў класам «роўных троечнікаў, апошнім на паралелі». На яе думку, Канавалава гэта моцна прыгнятала.

Уладзіслаў Кавалёў Пятровай не запомніўся, сярод іншых вучняў ён ніяк не вылучаўся. Пры гэтым, на думку настаўніка, Кавалёў, у адрозненне ад Канавалава, «быў блізкі ў класе да хлопчыкаў, яму ў класе было прасцей і лягчэй».

Кавалёва яна назвала паслухмяным, неагрэсіўным і нягрубым.
Асаблівага сяброўства паміж Канавалавым і Кавалёвым у школе яна не заўважала.

Настаўніца расказала, што адносіны паміж бацькам і маці Канавалава былі складаныя, але адкуль у яе такая інфармацыя, яна не памятае. Бацькоўскія сходы ў школе рэгулярна наведвала маці Канавалава.

Пятрова лічыць, што «больш цёплыя і блізкія адносіны ў Дзімы былі з мамай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?