Да канца бягучага года ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі плануецца стварыць віртуальныя філіялы Рускага Музея, Эрмітажа, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Літоўскага мастацкага музея. Аб гэтым сёння паведаміў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў на калегіі Міністэрства культуры рэспублікі па выніках работы галіны ў 2006 годзе.

Віртуальныя філіялы будуць створаны на базе мультымедыйнага цэнтра, які цяпер ствараецца ў музеі. Цяпер ідзе работа па стварэнню віртуальных выставак па рускаму мастацтву. Акрамя таго, праводзяцца інтэрактыўныя заняткі ў галоўным музеі, а таксама ў філіялах - Доме-музеі Ваньковічаў, летам - у Мірскім замку.

Уладзімір Пракапцоў расказаў, што ў гэтым годзе плануецца правесці шэраг буйных мерапрыемстваў. У прыватнасці, будуць падрыхтаваны экспазіцыі да 200-годдзя з дня нараджэння Напалеона Орды, да 125-годдзя з дня нараджэння беларускіх класікаў Якуба Коласа і Янкі Купалы, да юбілею мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. На 18 лютага запланавана выстаўка, прысвечаная 85-годдзю народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага.

Уладзімір Пракапцоў дадаў, што з моманту адкрыцця новага корпуса Нацыянальнага мастацкага музея колькасць наведвальнікаў значна павялічылася. "У выхадныя дні ў наш музей прыходзіць столькі гасцей, колькі іх было ў дні, калі экспанавалася выстаўка Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі", - сказаў на заканчэнне дырэктар музея.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?