На сераду 2 лістапада прызначаны судовы працэс па справе Алеся Бяляцкага. Крымінальную справу будзе весці суд Першамайскага раёна Мінска (суддзя Сяргей Бандарэнка), аднак працэс будзе праходзіць у будынку суда Маскоўскага раёна (праспект газеты «Праўда», 27). Пачатак — а 10-й гадзіне.

Будынак суда Маскоўскага раёна абраны месцам правядзення працэсу па той прычыне, што Першамайскі суд месціцца ў старым будынку, дзе вельмі маленькія залы судовых пасяджэнняў.

* * *

Калі 4 жніўня да праваабаронцы Алеся Бяляцкага на плошчы Перамогі падышлі асобы ў цывільным, яго сэрца, напэўна ж, ёкнула. Яшчэ месяц назад, на пачатку ліпеня яго выклікалі ў падатковыя органы. Тады яму і стала вядома, што афіцыйныя інстанцыі Літвы выдалі беларускім уладам усю інфармацыю пра грашовыя сумы, якія ён атрымліваў на свой рахунак у банках гэтай краіны. Як праваабаронца, Бяляцкі ведаў, што гэта дастатковая падстава для арышту.

Тую самую інфармацыю даслалі і яшчэ на трох актывістаў з ліквідаванага праваабарончага цэнтра «Вясна».

Як вынікае са словаў калегі Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, праваабаронцы атрымлівалі на рахункі грошы, што сцякаліся з усяго свету. Гэтыя сродкі ішлі на патрэбы рэпрэсаваных і звольненых па палітычных матывах. Сапраўды, вясноўцы за 15 гадоў дапамаглі тысячам людзей.

Адкуль беларускім уладам стала вядома пра гэтыя рахункі, праваабаронцы не ўдакладняюць. Але можна меркаваць, што нейкая інфармацыя трапіла ў КДБ з камп’ютараў, сканфіскаваных у «вясноўцаў» у ноч пасля выбараў, з 19 на 20 снежня.

Грунтуючыся на тых звестках, і мог быць аформлены запыт у кампетэнтныя літоўскія і польскія органы. Дэмакратычныя краіны спрацавалі як прававыя дзяржавы: яны дзеляцца інфармацыяй.

Намеснік міністра юстыцыі Літвы Томас Вайткявічус прызнаўся журналістам, што «інфармацыя пра банкаўскія рахункі ў Літве беларускіх апазіцыйных арганізацый прадастаўлена службам Беларусі з прычыны «занадта вялікага даверу да беларускіх установаў».

Цяпер літоўскія і польскія чыноўнікі кусаюць локці. «Палітвязняў не павінна быць у Еўропе!» — сказаў Вайткявічус. У Літве вакол «здрады», як пішуць СМІ, разгарэўся вялікі скандал.

Стэфановіч расцаніў дзеянні тых, хто перадаў беларусам інфармацыю як «непаразуменне, якое, аднак, дорага абыдзецца беларусам».

На кватэры, лецішчы і офісе Бяляцкага прайшлі ператрусы. На маёмасць накладзены арышт.

Бяляцкі прызнаны падазраваным па крымінальнай справе, заведзенай па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Тры дзясяткі праваабаронцаў і грамадскіх дзеячоў з усяго свету ўтварылі Аргкамітэт па вылучэнні Алеся Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру.

* * *

Беларускія амбасады ў многіх краінах адмаўляюць у візах прадстаўнікам міжнародных грамадскіх і праваабарончых арганізацый, які выказалі жаданне патрапіць на суд Бяляцкага.

Амбасада ў Парыжы адмовілася выдаць візу прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Сухайр Белхасэн, спаслаўшыся на непажаданасць яе прысутнасці ў Мінску.

Персонамі non grata для беларускіх уладаў сталі таксама кіраўніца праграм прваабарончай арганізацыі «Сivil Right Defenders» са Швецыі Мары Менсан, праваабаронцы з Нарвегіі Анэ Бондэ і Дайвэ Петкявічутэ, якія прадстаўляюць Фонд Дамоў правоў чалавека.

Беларуская амбасада таксама адмовіла ў выдачы візы прадстаўніцы Нарвежскага Хельсінскага камітэта Бэрыт Ліндэман. Пры гэтым напярэдадні ёй паведамілі па тэлефоне, што віза гатовая і яе можна забраць у любы час.

Акрамя гэтага, толькі што стала вядома аб адмове ў візе праваабаронцы Марыяне Роча з Partnership for Human Rights (Бельгія), якая таксама збіралася падтрымаць калегу на судзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?