Увечара таксама ў нашай групе сустрэнуцца ў Празе чэшская «Вікторыя» і «Барселона». Для беларусаў лепш, каб перамаглі каталонцы.

Дарэчы, у мінулым нумары «НН» форвард нацыянальнай зборнай па футболе Віталь Кутузаў даў правільны прагноз на гульню — 1:1.

Яшчэ цікава, што пасля гульні скажа расійскі каментатар Васіль Уткін, які пераконваў, што БАТЭ не заслужыў выступаць у групавым этапе Лігі чэмпіёнаў.

Вось якімі былі ўражанні заўзятараў на вуліцах сталіцы пасля матчу:

Нічыя. Някепскі вынік.
92-я

Штрафны «Мілан» не рэалізаваў. Адлягло ад сэрца. Нелагічна было б прапусціць такі мяч.

А вось забіць маглі рэальна. Зноў Аб’яці. Варатары — героі сустрэчы.

89-я

Асаблівых прыпынкаў у гульні не было. Відаць, датчанін шмат не дадасць кампенсаванага часу.

84-я

Калі нехта спалохаўся надвор’я, то на стадыёне зусім не холадна. На полі дык горача, як у ліпені. Валадзько мог выводзіць БАТЭ наперад, але ўдарыў вышэй.

Апошняя замена ў беларусаў — замест Канцавога выйшаў Гардзяйчук. У «Мілана» замен таксама не засталося.

79-я

Памяняў Паўлаў, да слова, Дзіму Багу. Аднаго з самых актыўных сёння ў складзе барысаўцаў.

Выдатны момант быў у Баатэнга. Гутар і тут гуляе звыш усялякіх пахвал.

Ганчарэнка актыўна жэстыкулюе на броўцы. Шмат нервовых клетак у яго згарыць сёння.

75-я

Прэсінгуе «Мілан». Мала яму нічыі ў Мінску. Зарабілі штрафны ля самай мяжы барысаўскай штрафной. Сценка ўдар блакавала ўдар Ібрагімавіча.

На поле рыхтуецца выйсці Паўлаў. Руды ў камандзе ж на ўдачу.

72-я

«Мілан» адказаў адразу дзвюма заменамі — з поля сышлі Неста і Аквелані. Затое выйшаў Кларэнс Зеедорф.

Са штрафнога быў небяспечны навес. На шчасце футбаліст «Мілана» прабіў міма. Канцовачка чакаецца яшчэ тая.

66-я

У БАТЭ першая замена. Капітана Дзмітрыя Ліхтаровіча замяніў Эдгар Аляхновіч.

62-я

Гутар на вышыні. Колькі ён ужо выйграў блізкіх баёў у футбалістаў «Мілана». Вось яшчэ адзін уклад у яго капілку.

«Мілан» па-добраму завёўся, але шляхоў да варот знайсці пакуль не можа. БАТЭ трымае абарону.

59-я

Дыктар на стадыёне памыляецца з нумарам Брэсана. БАТЭ не збіраецца супакойвацца на дасягнутым: яшчэ адна небяспечная атака, але толькі вуглавы.

Толькі б дурной атакі ў адказ бы не атрымаць. Ух, ну і градус зараз на стадыёне!

56-я

Зноў Бага. Далёкім ударам правярае Аб’яці. Нечаканы ўдар.

Пенальці! Фол на Канцавым. Да мяча падыходзіць Брэсан — 1:1.

Настрой значна палепшаў.

52-я

На ўдарную пазіцыю выводзілі Рабіньё, але ўдарыў ён слабенька і нягегла, можна было б лепей.

Яшчэ раз у блізкім вугле праверылі Аб’яці. Не заснуў міланскі кіпер.

49-я

З раздзявальні больш настроенымі выйшлі футбалісты «Мілана». Кружляюць ля варот Гутара, бы каршуны.

Праўда, момант узнік ля варот процілеглых. Бага нанёс хлёсткі ўдар, але Аб’яці ўдала склаўся. Ёсць першы момант у другім тайме.

45-я

Вывад з першага тайма проста: не такі страшны «чырвоны д’ябал», як яго малююць. Крыху б больш удачы і і канцэнтрацыі ў абароне, і лік можна выраўніваць.

41-я

Яшчэ адзін момант ля варот італьнцаў. Радзькоў быў вельмі блізкі, каб забіць, але прамазаў.

Потым атрымалі абаротку ўжо ў свае вароты. Рабіньё выйшаў адзін на адзін з Гутарам, абматаў яго, але ўскалыхнуць сетку барысаўскіх варот так і не ўдалося. Гуляем далей.

36-я

Трыбуны ўзбудзіліся — патрабавалі пенальці ў вароты «Мілана». Дацкі рэферы Петэр Расмусэн захаваў нардычны спакой і адзінаццаціметровага не прызначыў.

Бардачоў працягвае ляпы на сваім флангу. Нешта з Максам сёння не тое.

33-я

Поле, дарэчы, цудоўнае. Што нельга сказаць пра абарону барысаўскага клуба. Апенінцы раз за разам разрываюць нашу абарону.

Чарговы далёкі ўдар «Мілана» — Гутар на месцы.

28-я

Трыбуны не сумуюць, як тыя, што надзеі не маюць. Вераць, што адквітацца ўсё яшчэ магчыма.

Пакуль жа за БАТЭ ў асноўным гуляе толькі брамнік Гутар. Большасць атак «Мілана» ідзе з фланга, дзе гуляе Максім Бардачоў.

24-я хвіліна

Ну вось і гол, які выспяваў. Бліскучы пас Рабіньё на Ібрагімавіча. І швед забівае беларусам другую гульню запар. Правал у нашай абароне — 0:1.

Праўда, ужо ў наступнай атацы Скавыш лік мог рабіць роўным. На жаль, варатар справіўся.

22-я хвіліна

Цяжкія часы для БАТЭ пачаліся. Спачатку Ібрагімавіч біў метраў з 25-ці, але прама па цэнтры варот. Гутар лавіць не адважыўся — проста адбіў.

А ўжо потым небяспечны штрафны быў — Гутар малайцом і пры гульні ў блізкім куце.

Трэба думаць, як гульню выраўняць.

18-я хвіліна

Першы сапраўды небяспечны момант узнікае ля варот БАТЭ. Пажар у штрафной стварыла сама абарона барысаўскага клуба. На шчасце, супольнымі намаганнямі ўдалося адбіцца. Аквіліні не змог трапіць у вароты.

Ініцыятыву зноў пачынаюць перахопліваць італьянцы.

12-я хвіліна

На 9-й хвіліне БАТЭ наносіць першы ўдар у створ варот, але для Аб’яці — гэта семкі. Біў, дарэчы, Бага.

«Ух ты», — пранёсся ўздых на трыбунах. Але ў Рабіньё афсайд.

БАТЭ вельмі актыўны. Атакуюць з абодвух флангаў, але абарона «Мілана» ў парадку.

8-я хвіліна

Трыбуны дружна зараджаюць: «Наперад, Барысаў». На падыходах да сваёй штрафной абарона БАТЭ выглядае ўпэўнена.

Першы ўдар «Мілана» ў створ варот, але Гутар пераводзіць мяч над папярэчынай. Біў, хто б вы падумалі? Канечне, Ібрагімавіч. «Мілан падае другі вуглавы запар.

Вясёлы футбол. На атаку «Мілана» БАТЭ адказвае сваёй, але ўдар блакуецца.

3-я хвіліна

У асноўным складзе БАТЭ не знайшлося месца Мацею Кежману. На ягонае месца на вастрыні атакі заняў Максім Скавыш.

У першыя хвіліны «Мілан» узяў мяч пад свой кантроль. Камбінуюць каля барысаўскай штрафной.

Першую ж атаку нашых трыбуны сустракаюць проста шквалам апладысментаў. Праўда, нічога талковага не выйшла.

* * *

Барысаўскі БАТЭ прымае італьянскі «Мілан». Два тыдні таму гэтыя каманды сустракаліся на Апенінах. Тады мацнейшымі аказаліся гаспадары — 2:0.

Стадыён запоўнены працэнтаў на 95%. Трыбуны афарбаваныя ў сіне-жоўтыя колеры. На кожнае сядзенне паклалі пакет такой афарбоўкі. Навука для зборнай.

Перад уваходам на стадыён пару хлопцаў прапаноўвалі мінакам білеты таннейшыя за намінал.

Падтрымка цудоўная. Каманды выслухалі гімн Лігі чэмпіёнаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?