Пракурор Сайчкоўскі не бачыць парушэння правоў у мове працэсу.

17.31

У судзе абвешчаны перапынак . Працэс працягнецца 3 лістапада а 10.00.

16.56

Адвакат заяўляе паўторнае хадайніцтва аб тым, каб былі запатрабаваны акты мытнага надгляду Бяляцкага, а таксама хадайніцтва аб запартабаванні ад інспекцыі па падатках і зборах актаў праверкі Бяляцкага за 2000-2010 гг.. Пракурор не супраць. Суддзя задаволіў абодва хадайніцтвы.

16.39

Бяляцкі з адвакатам падаваў скаргу падчас папярэдняга следства на дзеянні падатковай інспекцыі. Па словах Бяляцкага, не былі дасканала вывучаны банкаўскія раздрукоўкі. Пра гэта сведчыць хаця б тое, што дакументы не былі цалкам перакладзеныя.

Пракурор скончыў допыт. абвешчаны перапынак на 5 хвілін.

16.13

Бяляцкі і адвакат падчас папярэдняга следства падавалі два хадайніцтвы, каб следства звярнулася да тых арганізацый, якія пазначаны ў банкаўскіх раздрукоўках. Але гэтага не было зроблена.

16.05

«Асабіста я гэтыя сродкі ў Беларусь не ўвозіў». — «Хто ўвозіў?» — «Хацеў бы сказаць, але не магу». Па словах Бяляцкага, гэтыя людзі могуць зазнаць пераслед.

16.00

Бяляцкі заўважае, што на ўсе выдаткі замежным партнёрам ішлі справаздачы. Грошы ішлі таксама на транспартныя выдаткі, на выдавецкую справу. Па яго словах, не ўсе грошы траціліся ў Беларусі.

15.52

Бяляцкі падкрэслівае, што сродкі на яго рахункі пералічваліся не асабіста яму. На яго думку, нават з тых недасканалых банкаўскіх раздруковак з матэрыялаў справы можна гэта зразумець. Сродкі ішлі на працу праваабарончага цэнтра «Вясна» і беларускіх партнёраў.

Бяляцкі кажа, што атрыманыя грошы ішлі на падтрымку рэпрэсаваных.

15.24

У банкаўскіх раздрукоўках фігуруе прозвішча Зяскова Барыса. Пракурор пытаецца, хто гэта такі. Бяляцкі папраўляе, што гэта Барыс Звозскаў, вядомы беларускі праваабаронца. «Ці ведаеце вы яго?» — пытанне пракурора. — «Чуў пра такога», — з’едліва кажа Бяляцкі. Пацвярджае, што знаёмыя. «У грыбы ходзім».

15.06

Пракурор звяртаецца да раздруковак з рахунку Бяляцкага ў польскім банку. «Гэтыя паперы выклікаюць у мяне яшчэ менш даверу». Па сумах нічога сказаць Бяляцкі не можа, бо не памятае. Раздрукоўкі таксама не завераныя. «Але нейкія тлумачэнні можна даць».

Пракурор пытаецца пра паступленне сродкаў на гэты рахунак, далейшае іх пералічэнне.

14.55

Бяляцкі прапаноўвае зачытаць з раздруковак, для каго паступалі сродкі на рахунак. «Такім чынам, вяртаемся да першага пункту». Праваабаронца нібыта гуляе з пракурорам. Суддзя не рэагуе. Бяляцкі зачытвае, што грошы пералічваліся для «Вясны» — праваабарончага цэнтра.

14.46

Пракурор кажа, што зноў узгадваецца Таццяна Равяка, якой былі пералічаны сродкі з рахунку ў 2009 годзе. Пад пазнакай «сямейны перавод». Бяляцкі кажа, што ў выпадку пераводу грошай трэба запоўніць пэўную інфармацыю. З прычыны, што гэта фармальная інфармацыя, робіцца такая пазнака. Але Бяляцкі не пацвярджае, што пералічваў гэтыя сродкі Равяцы.

У Бяляцкага пытаюцца пра асобаў, якія ўзгадваюцца ў банкаўскіх раздрукоўках. Бяляцкі расказвае пра знаёмства з Таццянай Равяка. Кажа, што яна не з’яўляецца яго сваячкай. Не можа сказаць, ці перадаваў ёй калі-небудзь грошы.

19 кастрычніка 2010 года 20 тысяч еўра былі пералічаны Андрэю (прозвішча не чуваць было). Бяляцкі не пацвярджае гэты перавод. Пытаюцца, ці знаёмыя яны. Бяляцкі пацвярджае. 3 лістапада 2011 года 10 тысяч еўра былі пералічаны гэтай жа асобе. Бяляцкі не пацвярджае такі пераказ.

14.35

Бяляцкі пацвярджае, што гэта яго рахунак. Пракурор усё-ткі звяртаецца да перакладаў банкаўскіх дакументаў.

22.05.2009 з рахунку былі пералічаны 10 тыс. даляраў Таццяне Равяцы, — зачытвае пракурор. — «Я не магу пацвердзіць гэты перавод, бо справу ініцыявала КДБ». Пракурор кажа, што ў шэрагу выпадкаў у дакументах пазначана прозвішча асобы, якой выдавалі грошы. Бяляцкі пацвярджае, што здымаў грошы з гэтага рахунку. Але не можа пацвердзіць, ці гэта тыя сумы, бо не мае даверу да гэтых папер.

У шэрагу выпадкаў указаны арганізацыі, якія пералічвалі сродкі на рахунак Бяляцкага. Ці можа Бяляцкі назваць іх да выканання іх перакладу? «Наколькі я разумею, гэта Хельсінскі камітэт?» — «Верагодна, Шведскі Хельсінскі камітэт». Бяляцкі расказвае пра дзейнасць і гісторыю замежных праваабарончых арганізацый.

14.29

Ад каго, для чаго і якія сумы атрымлівалі сродкі на рахункі? — пытаецца абвінаваўца. Баляцкі просіць зачытваць з раздруковак у справе інфармацыю па кожным пункце і задаваць пытанні. Пракурор кажа, што яшчэ не ўсё перакладзена. «А што ж так?» — з сарказмам пытаецца Бяляцкі.

Пракурор зачытвае матэрыялы справы. Дакументы па «руху на рахунку» ў літоўскім банку. У іх маецца інфармацыю, ад якіх арганізацый паступалі сродкі. І хто здымаў сродкі і пералічваў з гэтага рахунку. Бяляцкі кажа, што не можа пацвердзіць сумы, пазначаныя ў раздрукоўках. Ён не ўпэўнены, што раздрукоўкі сапраўдныя — пераклады не завераныя банкам. Бяляцкі ў іранічнай форме спрабуе навязаць свой ход разгляду справы.

14.19

Ці запаўняў Бяляцкі мытную дэкларацыю, калі выязджаў за мяжу? — «У выпадку патрабавання супрацоўнікаў мытных органаў. Некалькі дзясяткаў такіх выпадкаў запомніў». Па словах Бяляцкага, ад яго гэтае патрабавалася з 2008 года на працягу паўтара года кожны раз пры выездзе.

Пракурор пытаецца, ці ведае Бяляцкі выпадкі, у якіх патрэбна запаўняць такія дэкларацыі. Адказ станоўчы.

Якія дакументы, акрамя дэкларацыі, складалі супрацоўнікі мытні і якія вы падпісавалі? — «Акты асабістага надгляду».

Ці ўказвалі ў дэкларацыях сумы грошай, якія перавозілі? — «Заўсёды».

У сувязі з чым былі адкрыты рахункі за мяжой, пытаецца пракурор. — «Гэта звязана з маёй праваабарончай працай». Бяляцкі расказвае пра гісторыю праваабарончага цэнтра «Вясна». У сувязі з тым, што арганізацыя была зачынена, а спробы зарэгістравацца не прывялі ні да чаго. Таму, каб праводзіць праваабарончую працу, звязаную з правамі чалавека ў Беларусі, Бяляцкі адкрыў два рахункі ў Польшчы і Літве для атрымання сродкаў ад міжнародных партнёраў.

14.12

Працэс працягвецца пасля перапынку. Допыт Бяляцкага.

Пракурор пытаецца, ці не працаваў Бяляцкі па сумяшчальніцтве разам з тым, што рабіў пераклады. «Вы ж правяралі», — сказаў Алесь. Пракурора цікавіць, ці па ўласнай ініцыятыве праваабаронца падаваў дэкларацыю ў 2008 годзе ў падатковую інспекцыю. Ці не было ў яго падстаў раней самому падаць такую дэкларацыю?

Абвінаваўца пытаецца, з чым былі звязаны выезды Бяляцкага за мяжу. Ці атрымліваў ён за мяжой нейкія сродкі? — «Выезды былі звязаныя з праваабарончай дзейнасцю. Браў удзел у міжнародных кангрэсах, форумах, сустрэчах. Сродкаў я не атрымліваў. За выключэннем аднаго моманту, пра які будзем гаварыць пазней».

13:02
Перапынак да 14:00.
13:01

«Я беспартыйны, не займаюся камерцыяй. Што датычыць грамадскай арганізацыі, то я з’яўляюся віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека, а таксама кіраўніком незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна», — кажа Бяляцкі.

Пракурор заўважна нервуецца.

12:53

У Бяляцкага пытаюцца, якія прыбыткі ён атрымліваў пасля звальнення з апошняга месца працы. Бяляцкі кажа, што працаваў як пісьменнік. «Творчая праца, якая сумяшчалася з праваабарончай. У 2008 годзе была праверка падатковая маіх прыбыткаў за апошнія 10 гадоў. Мной былі прадстаўлены ўсе дакументы. Я рабіў пераклады з польскай мовы і на польскую — гэта мой стабільны прыбытак за апошнія гады», — кажа Алесь Бяляцкі.

12:48

«У выпадку пакрыцця шкоды, магчымы паўторны разгляд пытання адносна змены меры ўтрымання», — кажа пракурор Сайчкоўскі.

12:46

Пачынаецца допыт Бяляцкага. Суддзя Бандарэнка тлумачыць, што Алесь мае права не даваць паказанні. Тым не менш, праваабаронца пагаджаецца даваць паказанні.

«Я сябе вінаватым не лічу, таму расказаць асабліва няма чаго», — кажа Алесь.

Пракурор кажа, што мера стрымання была абраная таму, бо Бяляцкі мог перашкаджаць расследаванню і ўвогуле схавацца.

12:38

«Мне незразумела, што мне інкрымінуюць. Незразумела, якія сумы абвінавачанне лічыць маім прыбыткам. Незразумела, чаму я павінен быў сплочваць падаткі з гэтай сумы. Абвінавачванне мае фармальны характар. Насамрэч мяне пераследаюць па палітычных матывах, за маю праваабарончую дзейнасць. Гэта і ёсць сутнасць абвінавачвання», — сказаў Алесь Бяляцкі.

12:30

Пракурор пачынае агучваць абвінавачванне. У перыяд з 2007 па 2011 не сплаціў падаткі «шляхам скрыцця, ухілення, непадавання дэкларацый».

Сума шкоды большая за 352 мільёны рублёў. Зачытваецца, што Бяляцкі меў рахункі ў банках Літвы і Польшчы.

На гэтыя рахунак Бяляцкі атрымаў ад грамадзян не Беларусі 560 тысяч еўра.

12:20

Адхіленае яшчэ адно хадайніцтва адваката Лаеўскага аб змяненні меры пакарання. «Мера ўтрымання пад вартай выбраная правільна», — сказаў суддзя. Не ўзялі пад разгляд і паручальніцтвы грамадзян аб вызваленні Алеся пад падпіску аб нявыездзе.

Суддзя ўсё яшчэ спадзяецца, што Бяляцкі адмовіцца ад перакладу на беларускую мову. Бяляцкі не адмаўляецца ад сваёй пазіцыі.

11:30

Да справы далучаецца пераклад дакумента пра грашовыя сродкі, што прыходзілі на рахунак. З гэтых дакументаў можна будзе даведацца, куды прызначаліся гэтыя грошы.

Таксама патрабуецца далучыць да справы пратаколы надгляду Алеся Бяляцкага на памежных пераходах. Але гэтае хадайніцтва пакуль адхіленае.

11:03

Перакладчыца не ў стане рабіць сінхрон. Адвакат Лаеўскі быў вымушаны зрабіць хадайніцтва на беларускай мове. Мова ў яго, дарэчы, выдатная.

10:59

На працэсе з’явілася жанчына-перакладчыца.

Бяляцкі просіць, каб перакладалі не толькі яму, але і суду. «Ну вось я скажу, што я сябар Саюзу пісьменнікаў, а вы падумаеце, што друг», — словы Алеся выклікалі смех.

10:51

Хадайніцтва Бяляцкага аб змены меры стрымання адхіленае з прычыны «цяжкасці злачынства».

Пракурор лічыць, што відэаздымкі будуць перашкаджаць працэсу. «У нас і так мала дэмакратыі і галоснасці, таму прашу дазволіць здымкі», — кажа Алесь Бяляцкі. Паколькі пракурор быў супраць, то здымкі забароненыя.

10:30

Дарэчы, у гэтай самай зале адбываўся суд Змітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым.

10:25

Пракурор Сайчкоўскі: «Думаю, правы не будуць парушаныя, калі працэс будзе весціся на расейскай мове».

Суддзя Бандарэнка тлумачыць Бяляцкаму, што, калі ён кепска валодае юрыдычнымі тэрмінамі на расейскай мове, то яму будзе прадстаўлены бясплатны перакладчык. Хадайніцтва, каб працэс ішоў па-беларуску, адхіленае.

Што датычыць змены меры стрымання, то суддзя выдаліўся ў дарадчы пакой, каб прыняць рашэнне.

10:20

Бяляцкаму тлумачаць ягоныя правы. Абвінавачаны на пытанне, ці працуе дзе, адказвае, што з’яўляецца сябром Саюза пісьменнікаў.

Бяляцкі заяўляе хадайніцтвы: 1) змяніць меру стрымання з арышту на падпіску аб нявыездзе; 2) весці працэс на беларускай мове.

Адвакат Дзмітрый Лаеўскі Бяляцкага заяўляе дадатковыя хадайніцтва аб далучэнні да справы характарыстыкі ад Саюзу пісьменнікаў.

10:18

Бяляцкі патрабуе весці суд па-беларуску.

10:12

Працэс пачаўся. У пачатку суда дазволілі здымаць на відэакамеру. Бяляцкі яшчэ больш схуднелы, чым быў, хаця, здавалася б, куды больш. Адказвае на пытанні па-беларуску.

10:02

Да суда вялікая цікавасць. Зала разлічаная больш чым на 60 месцаў. Прыйшлі экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч, ягоная жонка праваабаронца Іна Кулей, паэт і іншы экс-кандыдат Уладзімір Някляеў, жонка Статкевіча Марына Адамовіч, палітвязень Мікіта Ліхавід, Вольга Завадская, Алег Воўчак, рэдактар «Дзеяслова» Барыс Пятровіч, адзін з лідараў незалежніцкага руху Вінцук Вячорка. Калегі па працы ў «Вясне» — Лабковіч, Стэфановіч, Равяка. Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна

Ёсць прадстаўнікі дыпламатычных місій: пасол Літвы Эдмінас Багдонас, часовы павераны ЗША Майкл Скэнлан і іншых краін.

Сам Алесь Бяляцкі каротка падстрыжаны, у чырвонай кашулі. Падымае фатографам знак V — перамога. Яго калегі не спадзяюцца, што прысуд будзе мяккім. Ёсць праваабаронцы з іншых краін, але многім не далі візаў.

* * *

Старшынёй на працэсе будзе суддзя суда Першамайскага раёна Мінска Сяргей Бандарэнка, а слуханні пройдуць у будынку суда Маскоўскага раёна (прт-т Газеты «Праўда», 27) дзе залы больш ёмістыя. Слуханні павінны пачацца, а 10-й гадзіне.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь

Бяляцкі знаходзіцца пад арыштам з 4 жніўня.
Яму выстаўлена абвінавачанне на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Максімальнае пакаранне згодна з гэтым артыкулам — пазбаўленне волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала інфармацыя пра яго рахункі ў замежных банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы ў межах дагавораў аб прававой дапамозе.

Паводле інфармацыі Камітэта дзяржкантролю, устаноўлена, што на працягу 2009–2010 гадоў затрыманы падаваў у падатковыя органы дэкларацыі аб даходах і маёмасці, у тым ліку аб даходах, атрыманых за мяжой. Аднак «у дэкларацыях указвалася толькі нязначная частка даходаў, атрыманых за межамі Рэспублікі Беларусь. Устаноўлена, што сума даходу, не ўказаная ім у падатковых дэкларацыях, якая падлягае падаткаабкладанню, склала больш за 1 мільярд рублёў, а сума нявыплачанага гэтым грамадзянінам падаходнага падатку склала 143,7 мільёна рублёў, гэта значыць у асабліва буйным памеры».

Сродкі на замежных рахунках збіраліся не ў якасці даходу, а для падтрымкі беларускіх грамадзян, у тым ліку палітзняволеных, чые правы былі парушаны, і іх сем’яў.

Улады Літвы і Польшчы публічна папрасілі прабачэння ў арыштаванага і яго родных, а таксама прыпынілі кантакты з Беларуссю ў межах дагавораў аб прававой дапамозе. Кіраўнік літоўскага МЗС Аўдронюс Ажубаліс заявіў: Літва будзе імкнуцца да таго, каб справа Алеся Бяляцкага засталася ў поле зроку міжнароднай супольнасці, а «членам кіруючага рэжыму Беларусі, звязаным з пераследам Бяляцкага, быў забаронены ўезд у зону Шэнгена».

Вызвалення Бяляцкага патрабуюць ад афіцыйнага Мінска міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і шэрагу іншых дэмакратычных краін. «Крымінальная справа супраць Бяляцкага — гэта спроба канчаткова перакрыць кісларод праваабарончай дзейнасці ў краіне», — гаворыцца ў заяве, якую распаўсюдзіла напярэдадні суда праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch.

Стала таксама вядома, што беларускія пасольствы ў розных краінах адмовілі ў выдачы віз міжнародным праваабаронцам, якія збіраліся прыехаць у Мінск на судовы працэс над Бяляцкім. Паводле інфармацыі праваабарончага сайта www.spring96.org, беларускае пасольства ў Парыжы не выдала візу прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Сухайр Белхасен, спаслаўшыся на непажаданасць яе прысутнасці ў Мінску. У візах таксама адмоўлена праваабаронцам з Бельгіі, Нарвегіі, Швецыі.

Алесь Бяляцкі ўтрымліваецца ў следчым ізалятары па вуліцы Валадарскага ў Мінску. 25 верасня яму споўнілася 49 гадоў. Бяляцкі вылучаны на Нобелеўскую прэмію міру за заслугі ў галіне праваабарончай дзейнасці.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?