Чарга тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у Мінску, у сувязі з новымі заканадаўчымі нормамі можа скараціцца на траціну. Такое меркаванне выказала начальнік аддзела прававога забеспячэння ўпраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Алена Лукашэвіч.
Яна нагадала, што 10 жніўня пачаў дзейнічаць указ прэзідэнта № 346, паводле якога нарматыў патрэбнасці для пастаноўкі на чаргу ў Мінску зніжаны з 15 да 10 кв. метраў на чалавека. Паводле яе слоў, тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, па новых крытэрыях будзе не вельмі шмат. Лукашэвіч падкрэсліла, што скарачэнне чаргі будзе адбывацца за кошт новых заяўнікаў.
Тыя, хто цяпер стаіць на чарзе па старых крытэрыях, з яе выключацца не будуць.
На пачатак года ў чарзе для паляпшэння жыллёвых умоў у Мінску стаяла 280 тыс. сем'яў, цяпер — 275 тыс. Скарачэнне адбылося пасля праведзенай зверкі, у выніку якой былі выключаныя з чаргі "двайнікі", гэта значыць сем'і, члены якіх стаялі на чарзе ў розных раёнах, а таксама тыя, хто набыў нерухомую маёмасць і палепшыў свае жыллёвыя ўмовы. Лукашэвіч адзначыла, што цяпер зверка чаргі будзе праходзіць штогод з лютага па май, раней — адзін раз на пяць гадоў.
Як адзначыў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Аляксандр Аўраменка,
з 1999 года і да пачатку гэтага года ў Мінску чарга павялічылася ў тры разы.Цяпер жыллё будуюць тыя, хто стаў у чаргу ў 1988—1989 гадах.
Паводле яго слоў, згодна з маніторынгам 80% апытаных мінчан пазітыўна ставяцца да новага парадку пастаноўкі на чаргу. Акрамя таго, адзначыў спецыяліст, узровень забяспечанасці мінчан складае 20,2 кв. м на чалавека. Аўраменка таксама адзначыў, што
прыкладна 30% новых кватэр здаецца ў арэнду.