Начальнік службы дзелавога пратаколу Палаца Рэспублікі Кіраўніцтва справаў прэзідэнта Алена Траецкая абвергла інфармацыю, якая з’явілася ў СМІ, аб тым, што гэтая структура, укамплектаваная выпускніцамі мадэльных агенцтваў, нібыта рассылала ў арганізацыі і дыппрадстаўніцтвы «прапанову аб супрацоўніцтве».
«Гэта ўсё хлусня, бруд і паклёп», — заявіла Траецкая. Паводле яе словаў, дзяўчаты са службы дзелавога пратаколу аказваюць паслугі па ўручэнні узнагарод на кінафестывалі «Лістапад», на міжнародных конкурсах, а не «займаюцца эскортам».
Як гаворыцца ў размешчаным на шэрагу сайтаў дакуменце, служба дзелавога пратаколу створаная па даручэнні кіраўніка справамі прэзідэнта «у мэтах павышэння якасці абслугоўвання дзяржаўных пратакольных мерапрыемстваў».
У службу пратаколу «прынятыя на працу дзяўчаты, выпускнікі вядучых мадэльных агенцтваў, якія маюць досвед працы ў мадэльным бізнэсе, фіналісткі і ўдзельніцы беларускіх і замежных конкурсаў прыгажосці, тыдняў моды». Яны «маюць адмысловыя веды і кваліфікацыю па забяспечанні пратакольнай часткі любога мерапрыемства, ведаюць дзелавы этыкет і міжнародную дзелавую культуру, псіхалогію і этыку, з’яўляюцца выпускніцамі або студэнткамі вышэйшых навучальных установаў, валодаюць замежнымі мовамі ў аб’ёме, неабходным для зносін».
У прапанове таксама заяўляецца, што «адносіны з кліентамі будуць будавацца на дамоўнай аснове», а кошт паслуг будзе вызначацца «зыходзячы з патрэб кліента і характару паслуг».
Ва ўсім свеце паслугі суправаджэння — гэта даволі двухсэнсоўны бізнэс.
Дакумент апублікаваны сайтам «Беларускі партызан».