03.11.2011 / 09:58

Працэс Бяляцкага. Другі дзень. Пракурор пытаецца ў сведак, ці хадзілі яны з Бяляцкім у грыбы 7

Сёння працягваецца суд над праваабаронцам Алесем Бяляцкім.

17:01

Некаторыя дакументы немагчыма атрымаць сёння. Абарона лічыць, што неабходна даследаванне пратаколаў мытных надглядаў Бяляцкага. Пачынаецца даследаванне тых матэрыялаў справы, якія цяпер маюцца.

16:56

Допыт сведкаў скончыўся. Зараз будзе прымацца рашэнне, ці пачнецца вывучэнне пісьмовых матэрыялаў справы.

16:32

Напрыканцы дачы сваіх паказанняў спадарыня Лапцёнак зняла кофту, пад якой была майка з надпісам «Свабоду Бяляцкаму». Такі перформенс сустрэлі апладысментамі.

16:20

Выклікаюць Алену Лапцёнак. Спачатку яе не пусцілі ў залу праз тое, што на ёй была майка «Свабоду Бяляцкаму». Яна знаёмая з Бяляцкім ад 1987 года. «Так, мы разам займаемся праваабарончай дзейнасцю», — кажа Алена.

У прынцыпе, паказанні сведак, што прыйшлі на працэс пасля абеду, асабліва не адрозніваюцца.

16:17

Наступны сведка — Наталля Пінчук, жонка Алеся. Паказанні даваць яна адмовілася.

Алесь смяецца з жонкай. Суддзя робіць ім заўвагу.

16:05

Сведка — Аляксей Колчын з Магілёва. Паказанні дае таксама па-беларуску. «Вы разам з Бяляцкім праваабарончай дзейнасцю займаліся?» — пытаецца пракурор. Як і астатнія прамоўцы, Колчын не адказвае на шэраг пытанняў.

15:52

Пачынаецца допыт Віктара Сазонава з Гродна.Ён таксама спасылаецца на артыкул Канстытуцыі, які дазваляе не сведчыць супраць сябе.

«Узнагарод за працу ў «Вясне» я не атрымліваў, атрымліваў грошы на праваабарончую дзейнасць. Ніякіх прыбыткаў ні я, ні Бяляцкі з гэтых грошай не мелі», — кажа В.Сазонаў.

15:35

Наступны сведка — Таццяна Равяка, прэзідэнт Дома правоў чалавека (Вільня). Пракурору сёння складана са сведкамі.

Таццяна таксама дае паказанні па-беларуску. Яна знаёмая з Бяляцкім ужо 20 гадоў. Равяка была супрацоўніцай літаратурнага музея Максіма Багдановіча, дзе дырэктарам быў Алесь Бяляцкі. «Мы з’яўляліся калегамі па праваабарончай дзейнасці», — кажа Таццяна.

Ад Равякі дабіваюцца адказу, ці з’яўляецца яна сябрам праваабарончага цэнтра «Вясна». Кажа, што атрымлівала грошы ад Бяляцкага на праваабарончую дзейнасць.

«Правоохранітельный центр «Вясна», — кажа пракурор.

15:22

Палуда кажа, што атрымліваў грошы ад Бяляцкага на правабарончую дзейнасць. Рабіў перад Бяляцкім справаздачу. Кажа, што гэта не былі прыбыткамі ні ягонымі, ні Бяляцкага.

На большасць пытання Палуда адказвае: «Згодна з артыкулам 27 Канстытуцыі РБ я маю права не сведчыць супраць сябе і сваякоў».

15:18

Пракурор пытаецца ў Звозскава: «У грыбы з Бяляцкім калі-небудзь хадзілі». — «Бывала і такое», — словы выклікалі смех. Так і няясна было, з якой мэтай задавалася пытанне.

Паказанні дае Андрэй Палуда з Бялыніч, адказвае па-беларуску.

14:57

Звозскаў сам падказаў, калі адбываўся ягоны допыт. Сайчкоўскі нарэшце знайшоў гэтыя дакументы. Паказваюць, што на імя Звозскава быў перавод на суму 8 тысяч еўра. Звоскаў адмаўляе факт перадачы яму грошай, лічыць такія звесткі непраўдзівымі і сфабрыкаванымі.

14:46

Працэс аднавіўся, хаця са спазненнем. Наступны сведка — праваабаронца Барыс Звозскаў. Апошнія гады ён на пенсіі. У Звозскава цікавяцца, ці мае ён рахункі за мяжой. Кажа, што на дадзены момант не мае. Не памятае, каб Бяляцкі пераводзіў яму нейкі грошы.

Пракурор Сайчкоўскі хацеў зачытаць матэрыялы папярэдняга следства. Але так і не знайшоў яго, хоць шукаў хвілін пяць. Дрэнна арыентуецца ў матэрыялах справы.

Перапынак да 14-й гадзіны.

12:39

Сведка Тамара Шамкуць — намесніца начальніка падаткавай інспекцыі, начальніца ўпраўлення кантролю над індывідуальнымі прадпрымальнікамі і фізічнымі асобамі. Сведка патлумачыла, што выносіла рашэнні па актах праверкі даходаў Бяляцкага.

Яна засведчыла, што ўсе прыбыткі атрыманыя з-за мяжы, абкладаюцца падаткамі, калі няма дакументаў пра льготы. Калі грошы атрыманыя не для сябе, то плацельшчык павінен прадставіць адпаведныя дакументы, дамовы, даручэнні. «Падаткавы кодэкс не аперуе такімі паняццямі як грант, фінансавая дапамога. Гэта такія самыя даходы».

12:33

Яна абслугоўвае сістэму, праз якую адбываюцца замежныя пераказы ў банках. Ёй паказваюць дакументы з літоўскага банка. Тлумачыць агульную інфармацыю (у якой графе якая інфармацыя павінна ўказвацца). Але не можа пракаментаваць канкрэтную інфармацыю аб паступленні альбо пералічэнні грошай з рахунка Бяляцкага.

Адвакат пытаецца ў Пашкоўскай, як павінны выглядаць выпіскі з банка. Яна кажа, што павінны быць пячаткі. Без іх, лічыць Пашкоўская, такія выпіскі не могуць быць дакументамі.

11.56

Жанчына кажа, што не ўсе графы ў дакументах браліся пад увагу пры праверцы. Выключна — сумы паступлення, якія палічылі як прыбытак.

Бяляцкі пытаецца пра запісы на замежных мовах у графах, ці можа жанчына нешта патлумачыць. Яна кажа, што бачыць адкуль прыйшлі грошы. Але не можа правільна прачытаць. Мяркуе толькі, што гэта назвы банкаў.

Наступны сведка — Пашкоўская Наталля.

11.47

Бяляцкі задае пытанні. Пытаецца пра падставы праверкі ў яго ў 2008 г.

Жанчына не ведае: ёй далі даручэнне з МПЗ. Пры праверках заўжды кансультавалася з начальнікам аддзела. Жанчына кажа, што ніхто іншы не звяртаўся ў просьбай пазнаёміцца з матэрыяламі праверкі.

Бяляцкі пытаецца, ці ўсё было зразумела ёй пры працы з дакументамі літоўскага банка. Яна станоўча адказала.

Бяляцкі звяртаецца да банкаўскіх дакументаўх. Просіць на канрэтнай суме патлумачыць жанчыну крыніцу паступлення сродкаў, як яна гэта разумее з дакументаў. У адным з радкоў пазначана «Вясна». Жанчына кажа, што грошы паступілі ад «Вясны» на рахунак Бяляцкага (учора гэтыя дакументы разглядалі ў судзе, і Алесь даваў тлумачэнні, што сума пералічвалася на яго рахунак для працы ПЦ «Вясна»).

Глядзяць іншае паступленне на рахунак. Жанчына не можа назваць ад каго яны паступілі: называе графу, у якой гэтая інфармацыя ёсць, але не можа прачытаць — тлумачыць, што вывучала нямецкую мову.

11.44

Собалева не знаёмая з паказаннямі іншых сведкаў на папярэднім следстве. Адвакат пытаецца, тады чаму яе адказы ідэнтычныя (слова ў слова) з паказаннямі яе начальніка. Адвакат звяртае ўвагу, што ў абодвух паказаннях нават аднолькавыя граматычныя памылкі.

11:36

Собалева складала акт па выніках праверкі прыбыткаў Бяляцкага з улікам інфармацыі з літоўскага банка. Яна не мела інфармацыі аб тым, што замежныя прыбыткі не адносіліся да тых, якія не абкладаюцца падаткамі. Згодна з беларускім заканадаўствам, калі Бяляцкі ў год паступлення грошай на рахунак не прадставіў аб іх інфармацыю ў падатковую інфармацыю, яны абкладаюцца падаткам.

У падатковай спачатку быў складзены акт, што не сплачваліся падаткі. І толькі пасля запрасілі Бяляцкага даць тлумачэнні на асобным лісце, ад чаго ён адмовіўся. Але ад яго не прасілі інфармацыі аб паступленнях на рахунак. У самім акце праверкі не было графы, у якой бы Бяляцкі мог даць тлумачэнні. Адвакат звяртае ўвагу, што згодна з заканадаўствам такая графа павінны баць у акце.

11.00

Сведка Анжаліка Собалева — галоўная дзяржаўная інспектарка Міністэрства па падатках і зборах (МПЗ) Першамайскага раёна Мінска. Расказвае пра свае абавязкі. Ведае Бяляцкага па сваёй працы.

У 2008 годзе ёй паступіла даручэнне з МПЗ зарэгістраваць дэкларацыю аб прыбытках Бяляцкага. Гаварылася, што ў яго ёсць ва ўласнасці дзве кватэры і дом. Быў складзены разлік прыбыткаў і выдаткаў. Былі выяўлены перавышэнні па 1994–1998, 1999, 2005, 2006 гадах. Бяляцкі сказаў тады, што пазычыў грошы ў грамадзяніна Францыі тэрмінам да 2014 года. 30 снежня 2008 года Бяляцкі сплаціў падатак з перавышэння.

10.46

Адвакат запытаў, ці ведае Чаўко што-небудзь пра гэтую крымінальную справу. Атрымаўшы адмоўны адказ, адвакат звярнуў увагу, што гэты чалавек, згодна з заканадаўствам, не можа быць сведкам на працэсе.

10:29

Чаўко Леанід — намеснік дырэктара Дэпартамента гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. У яго абавязках — арганізацыя і кантроль за дзейнасцю супрацоўнікаў дэпартамента. Расказвае аб працы сваёй установы, аб працэдуры атрымання замежнай дабрачыннай дапамогі.

10.10

Адвакат хадайнічае аб далучэнні да справы кнігі «Будуйце масты…» (2010, Вільня), укладальнікам якой з’яўляецца і Праваабарончы цэнтр «Вясна», і «Кіраўніцтва па арганізацыі школ па правах чалавека» (Осла 2008, Мінск 2009). Бяляцкі ўчора тлумачыў, што грошы атрымліваў у тым ліку і на выданне кніг. І гэтыя выданні — плён працы «Вясны». Суддзя задаволіў хадайніцтва.

Пачынаецца допыт сведкаў.

10.02

Пачаўся працэс. Бяляцкі просіць так спланаваць працу сёння, каб былі дзве гадзіны ў яго і адваката на азнаямленне з яго паказаннямі на папярэднім следстве.

Адвакат просіць далучыць да справы статут «Вясны». Суддзя задаволіў хадайніцтва.

Абаронца падрыхтаваў выбарку з сайтаў арганізацый, якія ўзгадваюцца ў банкаўскіх раздрукоўках — гэта інфармацыя пра іх дзейнасць. У перакладзе на расійскую мову. Суддзя далучыў іх да справы.

Адвакат прынёс у суд кнігу на шведскай мове. У ёй надрукавана эсэ Бяляцкага, ганарар за якое пералічваўся на рахунак Бяляцкага і фігуруе ў банкаўскіх раздрукоўках.

09.59

Падтрымаць Бяляцкага сёння на суд прыйшлі старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, яго намеснік Эдуард Акулін, праваабаронца Валерый Шчукін.

Працэс Бяляцкага. Дзень першы.

* * *

Старшынёй на працэсе будзе суддзя суда Першамайскага раёна Мінска Сяргей Бандарэнка, а слуханні пройдуць у будынку суда Маскоўскага раёна (прт-т Газеты «Праўда», 27) дзе залы больш ёмістыя. Слуханні павінны пачацца, а 10-й гадзіне.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь

Бяляцкі знаходзіцца пад арыштам з 4 жніўня.
Яму выстаўлена абвінавачанне на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Максімальнае пакаранне згодна з гэтым артыкулам — пазбаўленне волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала інфармацыя пра яго рахункі ў замежных банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы ў межах дагавораў аб прававой дапамозе.

Паводле інфармацыі Камітэта дзяржкантролю, устаноўлена, што на працягу 2009–2010 гадоў затрыманы падаваў у падатковыя органы дэкларацыі аб даходах і маёмасці, у тым ліку аб даходах, атрыманых за мяжой. Аднак «у дэкларацыях указвалася толькі нязначная частка даходаў, атрыманых за межамі Рэспублікі Беларусь. Устаноўлена, што сума даходу, не ўказаная ім у падатковых дэкларацыях, якая падлягае падаткаабкладанню, склала больш за 1 мільярд рублёў, а сума нявыплачанага гэтым грамадзянінам падаходнага падатку склала 143,7 мільёна рублёў, гэта значыць у асабліва буйным памеры».

Сродкі на замежных рахунках збіраліся не ў якасці даходу, а для падтрымкі беларускіх грамадзян, у тым ліку палітзняволеных, чые правы былі парушаны, і іх сем’яў.

Улады Літвы і Польшчы публічна папрасілі прабачэння ў арыштаванага і яго родных, а таксама прыпынілі кантакты з Беларуссю ў межах дагавораў аб прававой дапамозе. Кіраўнік літоўскага МЗС Аўдронюс Ажубаліс заявіў: Літва будзе імкнуцца да таго, каб справа Алеся Бяляцкага засталася ў поле зроку міжнароднай супольнасці, а «членам кіруючага рэжыму Беларусі, звязаным з пераследам Бяляцкага, быў забаронены ўезд у зону Шэнгена».

Вызвалення Бяляцкага патрабуюць ад афіцыйнага Мінска міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і шэрагу іншых дэмакратычных краін. «Крымінальная справа супраць Бяляцкага — гэта спроба канчаткова перакрыць кісларод праваабарончай дзейнасці ў краіне», — гаворыцца ў заяве, якую распаўсюдзіла напярэдадні суда праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch.

Стала таксама вядома, што беларускія пасольствы ў розных краінах адмовілі ў выдачы віз міжнародным праваабаронцам, якія збіраліся прыехаць у Мінск на судовы працэс над Бяляцкім. Паводле інфармацыі праваабарончага сайта www.spring96.org, беларускае пасольства ў Парыжы не выдала візу прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Сухайр Белхасен, спаслаўшыся на непажаданасць яе прысутнасці ў Мінску. У візах таксама адмоўлена праваабаронцам з Бельгіі, Нарвегіі, Швецыі.

Алесь Бяляцкі ўтрымліваецца ў следчым ізалятары па вуліцы Валадарскага ў Мінску. 25 верасня яму споўнілася 49 гадоў. Бяляцкі вылучаны на Нобелеўскую прэмію міру за заслугі ў галіне праваабарончай дзейнасці.

Сяргей Макарэвіч, Зміцер Панкавец

0
Радыё Рацыя / Адказаць
03.11.2011 / 10:53
Заместитель директора Департамента Чавко Леонид Владимирович http://dha.by/index.php/depart_structure.html
0
Вунь / Адказаць
03.11.2011 / 11:18
Трымайцеся, спадар Бяляцкі ! NN !!!! Не скідвайце з галоўнай старонкі !
0
Cямён-Ліцьвін / Адказаць
03.11.2011 / 20:14
рэд. правільна "хадзіць па грыбы" ў назве артыкулу. Мужнасьці Вам, спадар Бяляцкі. Людзі сочаць за справай..
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру