01.02.2007 / 16:01

Пуцін — Беларусі: калі ласка, пастка адчыненая! Кропкі над "і" 6

Фрагмэнты прэсавай канфэрэнцыі расейскага прэзыдэнта камэнтуе ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Расейскі прэзыдэнт нагадаў сёньня на сваёй вялікай прэсавай канфэрэнцыі: пытаньне пра адзіную валюту (чытай: інкарпарацыю) не закрытае.

Пуцін спадзяецца, што "беларускія партнэры ў стане зразумець надзейнасьць расейскай эканомікі і расейскай нацыянальнай валюты".

Ён будзённа пералічыў у ліку варыянтаў пабудовы "саюзнай дзяржавы": мы прапаноўвалі, маўляў, інтэграваць краіну ў склад РФ.

Вось яно, непрыхаванае крамлёўскае разуменьне інтэграцыі!

Пра імаверны аншлюс там разважаюць так тэхнічна, нібыта ўсё вызначаецца толькі ступеньню надзейнасьці валюты.

Цікава, сапраўды не разумеюць, што ў беларусаў (ва ўсякім разе многіх) могуць быць іншыя каштоўнасьці? Ці для тых дзеячаў пытаньне пра незалежнасьць, пра лёс цэлай нацыі — толькі пустая патэтыка? Супраць "Газпрому" няма прыёму!

Зь лёгкай рукі прафэсара Леаніда Заікі пайшла гуляць тэза, што Пуцін карае Лукашэнку за трэці тэрмін. Але ж сёньня крамлёўскі кіраўнік прызнаўся: пытаньне пра рынкавыя дачыненьні зь Менскам не фарсавалі, бо "не жадалі шкодзіць дзейнаму прэзыдэнту Беларусі летась у зьвязку з палітычнымі падзеямі, у тым ліку і з выбарамі".

Дык ці ня болей імавернае меркаваньне Мілінкевіча: "Расея падтрымлівала Беларусь, бо тая абяцала далучыцца да Расеі. Але Лукашэнка не казаў усёй праўды. Ён не хацеў саюзнае дзяржавы на расейскіх умовах. Цяпер яму даводзіцца за гэта расплачвацца".

Ну, дакладней, расплачваемся ўсе мы.

Але! Калі абысьціся без развагаў пра маральны бок справы, то факт тое, што праект паглынаньня забуксаваў.

А найхутчэй што яму капец.

Выглядае на тое, што і пра адзіную валюту Пуцін цьвердзіў паводле інэрцыі, ня надта верачы.

Ну трэба ж кінуць трохі корму "цьвёрдаму" электарату.

А так — сама канструкцыя фразы чаго вартая: "У выхадзе на адзіную валюту яшчэ ня ўсё страчана".

Псыхоляг давядзе, што звычайна ў такія канструкцыі падсьвядома ўкладаецца адваротны сэнс — без часьцінкі "не".

Такое, ведаеце, вялае запрашэньне да паўзучага аншлюсу ў стылі "кульгавай качкі"...

P.S. Дарэчы, наконт цьвёрдае валюты! Зазірнуўшы ў "Вэльт", "немец у Крамлі" лёгка зразумее, што ягонаму беларускаму партнэру болей імпануе эўра :)

Фота з архіву аўтара.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
czalex / Адказаць
01.02.2007 / 19:48
Дзіўна (было) разважаць пра "драпежныя намеры" Расеі, пакуль больш за ўсіх пра "братэрскае яднаньне" крычаў якраз-такі "беларускі бок" у асобе Лукашэнкі. Няма ж сур'ёзных размоваў пра "брацкіе народы" з Украінаю. Чаму? Таму што сама Ўкраіна не дае для гэтага нагоды.
0
Аляксандар КЛАСКОЎСКІ / Адказаць
01.02.2007 / 20:01
P.P.S. Наш адказ Чэмбэрлену. Л. сустрэўся з Праханавым: http://news.belta.by/by/news/president?id=135793
0
Вечерний дозор / Адказаць
01.02.2007 / 20:26
Проглотит ли Путин сделанный в интервью с Прохановым перевод стрелок на него как на инициатора увеличения стоимости газа для Минска?
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру