Арыгінальны варыянт трансфармацыі Камароўскага рынка ў сталіцы быў прадстаўлены на біенале маладых архітэктараў «Леанарда-2011». Сярод іншых праектаў моладзі гэты, як адзначылі эксперты, вылучаецца нестандартным падыходам.
Аўтар праекта «Будынак-кветнік» — архітэктар Аляксандра Баярына. Па яе словах,
такі варыянт азелянення — гэта лёгкі кітч гарадскога асяроддзя, сімбіёз формы і зместу.
— Гэта правакацыйнае забаўляльнае дзеянне. Асноўная мэта праекта — павялічыць колькасць выкарыстоўваных прыёмаў ландшафтнага дызайну і пашырыць лінейку метадаў і сродкаў.
Для стварэння эфекту выкарыстоўваюцца металічныя канструкцыі, прызначаныя для вертыкальнага азелянення.
Яшчэ адзін праект архітэктара завецца «Будынак-торт». «Тортам», калі адважныя ідэі знойдуць падтрымку ў гарадскіх улад, можа стаць Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета.