4 лістапада ў Менску працягваюць судзіць кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага.

15.15

Падаткавы інспэктар Собалева зь Першамайскага раёна Менска прынесла дадатковыя матэрыялы на Бяляцкага, запатрабаваныя пазаўчора судом.

Пракурор агучвае дакумэнты сьледзтва пра тое, якім чынам праваабаронцы арганізоўвалі абарону Бяляцкага, збор подпісаў у яго падтрымку і іншыя дэталі іх электроннай перапіскі.

Пракурор некалькі разоў агучвае электронны адрас Лабковіча: Лабковіч-сабака-ягу-ком.

Гэта выклікае ўсьмешкі ў залі.

Ліставаньне Лабковіча прызнанае дакумэнтам, што сьведчаць пра дзейнасьць на карысьць Бяляцкага, і далучаная да крымінальнай справы.

«Была арганізаваная кампанія па прыхоўваньню мэтаў пераводу грошай на рахункі Бяляцкага», — зрабіў выснову пракурор.

Пракурор агучвае даведкі і характарыстыкі на Бяляцкага. «У наркалягчіным і псыханеўгалягічным дыспансэры на ўліку не стаіць».

На Бяляцкага нерухомая маёмасьць не зарэгістраваная Лецішча з участкам у Ракаве зарэгістраванае на ягоную жонку, сьведчыць даведка ад мясцовых уладаў. ДАІ ж пацьвердзіла, што Бяляцкі мае Сітраен. Зброі, спэцсродкаў ня мае. Кватэра зарэгістраваная на жонку.

Усе наяўныя пісьмовыя матэрыялы справы дасьледваныя, заявіў судзьдзя.

Адвакат зьвяртае ўвагу на тое, што ў справе няма санкцыі намесьніка пракурора Менска Кіжуна на апэратыўна-вышуковую дзейнасьць, у выніку якой былі знойдзеныя 27 тысяч файлаў. Апрача таго ў справе няма і самога дыска з вынятымі файламі.

Адвакат таксама лічыць некарэктным ананімны ліст, які знаходзіцца ў справе, лічыць яго недапушчальным доказам.

Адвакат зачытвае сваё ранейшае хадайніцтва, паводле якога сьледзтва не ўстанавіла віны падабароннага. Не ўстаноўленыя мэты, на якія гэтыя грошы прызначаліся, у сувязі з чым адвакат прасіў прыпыніць справу. Але ў той жа дзень сьледчы напісаў пастанову пра адмову, ніяк не ацаніўшы шматлікія аргумэнты адваката.

Бяляцкі таксама зьвяртае ўвагу на манэру вядзеньня сьледзтва. «Вось сьледчы Касынкіна піша: „Таксама ўстаноўлена, што…“ А дзе і кім устаноўлена, не падае зусім. Гэта сьведчыць пра неабгрунтаваны абвінаваўчы ўхіл сьледзтва», — кажа Алесь.

15.05

Працэс аднавіўся. Пракурор паведаміў, што матэрыялы на Бяляцкага з Мытнага камітэту і падаткавай інспэкцыі, якія запатрабаваў суд, чакаюцца цягам паўгадзіны. А тым часам працягваецца разгляд 6-га тому справы.

Разглядаецца доказная база. У адным з дакумэнтаў гаворка ідзе пра тое, што правабаронца Ўладзь Лабковіч з дапамогай кампутара ажыцьцяўляў дзеяньні на прыхаваньне дзеяньняў Бяляцкага. Выглядае, што сьледзтва атрымала доступ да электроннай пошты Ўладзімера Лабковіча. Агучваецца ягонае ліставаньне з калегамі на тэму: «Што казаць наконт літоўскіх рахункаў?»

12.23

Вывучаецца апошні, шосты, том справы. У ім пастанова пра затрыманьне Бяляцкага. «З затрыманьнем ня згодны, вінаватым сябе не лічу», — напісаў на гэтай пастанове Бяляцкі.

Пракурор чытае надта ціха, Бяляцкі папрасіў гаварыць яго гучней і выразьней.

У справе прысутнічае таксама даведка пра прыбыткі жонкі Алеся Натальлі.

12.20

Вывучаецца пяты том справы. Тут хадайніцтвы грамадзянаў пра паручальніцтва за Бяляцкага і адмовы сьледзтва задаволіць іх.

12.09

Вывучаецца чацьвёрты том справы. Пракурор агучыў адно з хадайніцтваў пра паручальніцтва за Алеся Бяляцкага, якое падпісалі 816 чалавек. За гэтымі хадайніцтвамі у справу падшытая пастанова сьледзтва пра адмову ў вызваленьні Алеся пад паручальніцтва грамадзянаў. Усяго пад хадайніцтвы адведзена 2 тамы справы.

Адвакат заяўляе, што ў жніўні хадайнічаў пра тое, каб сьледзтва высьветліла, хто пералічваў Бяляцкаму грошы на рахунак і зьвярнулася да гэтых устаноў ў просьбай паведаміць, на што яны пасылалі гэтыя грошы. Але сьледзтва адхіліла гэтае хадайніцтва, якое дапамагло б устанавіць ісьціну.

11.12

Вывучаецца другі том справы. У гэтым томе — пастанова пра пачатак крымінальнай справы супраць Бяляцкага, інфармацыя Дэпартамэнту фінансавых расьсьледваньняў пра падаткавую праверку Бяляцкага, акты, копіі дэклярацый, іншыя дакумэнты.

З пастановы, агучанай у судзе, вынікае, што ў сьледчай групе па справе Бяляцкага дзейнічала 4 сьледчыя пад кіраўніцтвам сьледчай Касынкінай.

Пракурор перелічвае, што было канфіскавана ў выніку ператрусаў Бяляцкага: вінчэстэры, ноўтбук, флопі-дыскі, ДВД-дыскі, тэлефон, візыткі, тэчка з дакумэнтамі, грошы ў розных валютах.

10.47

«Міжнародная амністыя» заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага

10.10

Пракурор зачытвае пераклад ліста з літоўскага банка NORD. Ліст накіраваны ў Мін’юст Літвы 7 сакавіка 2011 года. Банк паведамляе, што рахункі Бяляцкага былі адкрытыя ў 2009 годзе, і што раздрукоўкі руху па іх ня могуць быць завераныя пячаткай, бо банк ня мае такой.

Пракурор агучвае, якія апэрацыі праводзіліся па гэтым рахунку ў 2009–11 гадах. Судзьдзя патлумачыў, што нарэшце банкаўскія раздрукоўкі перакладзеныя з замежных моваў і пераклад паступіў у суд, абвінавачаны і адвакат змогуць зь імі азнаёміцца.

Агучваюцца сумы, якія паступалі на рахунак Бяляцкага ад Нарвэскага хэльсынкага камітэту, запіс у графе «прызначэньне пераводу» — «Вясна». Агучваецца таксама, што Бяляцкі пераводзіў грошы Тацьцяне Равяцы ды іншым праваабаронцам.

Наступны дакумэнт, які агучвае пракурор, — ліст Мін’юста Беларусі. Міністэрства паведамляе ДФР, што «Вясна», а таксама абласныя філіі, былі ліквідаваныя.

Пракурор знайшоў у справе рашэньне, напісанае па-беларуску, пра ліквідацыю «Вясны», паклікаў перакладчыцу, каб тая пераклала і зачытала па-расейску.

У справе таксама ёсьць сьпісы сябраў абласных адзьдзяленьняў ПЦ «Вясна».

У справе знаходзяцца таксама стандарты міжнароднай банкаўскай сыстэмы SWIFT на замежнай мове, перакладу няма, — прызнаў пракурор.

Пракурор агучвае банкаўскія раздрукоўкі з польскага банку, прадстаўленыя генэральнай пракуратурай Польшчы.

Банк Шлёнскі (Катавіцы) прадставіў зьвесткі па рахунку Бяляцкага 24 траўня 2011 года. Яны ахопліваюць 2007–2011 гады.

Гэты дакумэнт сьведчыць, што Бяляцкі атрымліваў грошы ад замежных праваабарончых арганізацыяў і перасылаў беларускім праваабаронцам.

10.05

Працэс аднавіўся. Працягваецца вывучэньне пісьмовых матэрыялаў справы.

10.04

Ахова суду правярае апазыцыйных актывістаў, ці няма ў іх пад кашулямі маек з патрэтамі Бяляцкага. За такія майкі некалькіх чалавек ужо выдалілі з залі суду да канца працэсу. На працэсе амаль поўная заля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?