Быць назіральнікам на выбарах у Беларусі — цалкам няўдзячная справа. Першапачатковай мэтай такога палітычнага назіраньня ёсьць адсочваньне дэмакратычнага працэсу выбараў, недапушчэньне парушэньняў з боку чальцоў выбарчай камісіі ды магчымасьць ад самага пачатку (запячатваньне скрынак для галасаваньня) да самага канца (падлік галасоў) назіраць працэс выяўленьня волі народу. А насамрэч адбываецца наступнае: бавіш на ўчастку для галасаваньня цэлы дзень амаль безвынікова. Кажу «амаль», бо галоўным вынікам назіраньня за выбарамі ў Беларусі (а ў дадзеным выпадку — за так званымі выбарамі ў мясцовыя саветы дэпутатаў XXV скліканьня) ёсьць чарговая магчымасьць упэўніцца ў адсутнасьці інстытуту выбараў, а як наступства — дэмакратыі ў Беларусі.

Аднадзённы прыступ мабільнасьці

Адразу хацелася б адзначыць, што ад самага пачатку назіраньне за выбарамі ў адпаведнасьці з прыстасаваным да патрэбаў сёньняшняй улады заканадаўствам губляе ўсялякі сэнс, бо ў Беларусі выбары адбываюцца не ў адзін дзень, як тое належыць, а расьцягваюцца ажно на шэсьць. Чыноўнікі сьцьвярджаюць, што інстытут датэрміновага галасаваньня існуе шмат у якіх дэмакратычных краінах. Ды толькі гэтыя «дасьведчаныя» асобы забываюць адзначыць, колькі грамадзян тае ці іншае краіны ў выніку галасуюць датэрмінова: звычайна гэта 1—2 адсоткі выбаршчыкаў, якія НАСАМРЭЧ няздольныя прыйсьці на выбарчы ўчастак у дзень галасаваньня і скарыстаць сваё грамадзянскае права.

Нават у таталітарным СССР, каб прагаласаваць датэрмінова, трэ’ было сабраць стос папераў і абгрунтаваць прычыну сваёй немагчымасьці прыйсьці на ўчастак непасрэдна ў дзень выбараў.

У Беларусі гэтая лічба вось ужо колькі год на самых розных выбарчых кампаніях вагаецца ад 20 да 40 адсоткаў па розных абласьцях краіны (і гэта паводле афіцыйных зьвестак!). Адкажыце сабе толькі на адно пытаньне: «Куды траціна беларусаў заўсёды зьяжджае ў дзень выбараў, што яны ня маюць магчымасьці наведаць свой участак менавіта тады?» — і вы адразу зразумееце, што такое сёньня дэмакратыя па-беларуску.

Нават у сёньняшнім антыдэмакратычным Выбарчым кодэксе прапісана (арт.53): «Выбаршчык, удзельнік рэфэрэндуму, які ня мае магчымасьці ў дзень выбараў, рэфэрэндуму знаходзіцца па месцы жыхарства, мае права не раней за 5 дзён да выбараў, рэфэрэндуму ва ўмовах, якія выключаюць кантроль за ягоным волевыяўленьнем, запоўніць у памяшканьні ўчастковай камісіі бюлетэнь і апусьціць яго ў скрыню для галасаваньня выбаршчыкаў, удзельнікаў рэфэрэндуму, якія будуць адсутнічаць у дзень выбараў, рэфэрэндуму па месцы жыхарства».

Выходзіць, кожны раз у дзень выбараў каля двух-трох мільёнаў чалавек па ўсёй краіне зьяжджае зь месца свайго жыхарства. А як патлумачыць датэрміновае галасаваньне (у першы ж дзень «датэрміноўшчыны»!) цэлых вайсковых частак і фармаваньняў: хіба салдаты таксама ў дзень выбараў пакідаюць свае казармы і кудысь мігруюць? Неверагодны аднадзённы прыступ мабільнасьці...

Навошта вам гэта?»

«

На гэты раз мне «пашчасьціла» назіраць выяўленьне волі маіх суседзяў — жыхароў 6-га мікрараёну гораду Маладэчна па Крынічнай выбарчай акрузе №18. Ад самага ранку актыўнасьць грамадзян была адносна невысокая. Гэта і зразумела: каму ж хочацца ў выходны дзень а 8-й раніцы валачыся на той участак?! Для мяне гэта сталася добрай магчымасьцю пагутарыць са старшынёй выбарчай камісіі і, як раілі старажылы назіральніцкае справы, «усталяваць зь ёю сяброўскія адносіны». Найперш мяне як назіральніка цікавіла: 1. Агульная колькасьць выбаршчыкаў на ўчастку. 2. Колькасьць бюлетэняў для галасаваньня, атрыманых камісіяй. 3. Колькасьць грамадзян, якія датэрмінова прагаласавалі на гэтым участку. 4. Колькасьць выбаршчыкаў, якія зьвярнуліся з просьбай прагаласаваць па месцы жыхарства.

Здавалася б, што таемнага ў адказах на тыя цалкам законныя пытаньні? Але адказы на іх былі прыкладна наступнымі: 1. «Гэтай лічбы я назваць не магу...» 2. «Колькасьць бюлетэняў дастатковая. Выдаю чальцам выбарчай камісіі па меры неабходнасьці...» 3. «А навошта вам? Гэтыя лічбы вы атрымаеце ў выніковым пратаколе...» 4. «Не магу назваць дакладна: гэтая лічба ўвесь час мяняецца...»

Вось так для мяне пачаліся гульні ў выбары ў той дзень. Дарэчы, пытаньне «А навошта вам гэта?» гучала кожны раз, як назіральнікі зьвярталіся да старшыні ці сакратара камісіі.

Паводле закону, назіральнік мае права (арт.13 ВКРБ) «атрымоўваць інфармацыю пра вынікі падліку галасоў і складаньні пратаколаў». На жаль, Выбарчы кодэкс не тлумачыць непасрэднай працэдуры «атрыманьня інфармацыі» назіральнікамі. Ды колькі дэмакратычныя сілы ня біліся (у тым ліку дэмакратычныя дэпутаты Нацыянальнага сходу Фралоў, Скрабец ды Парфяновіч), зьмяненьні ў Выбарчае заканадаўства ўнесеныя не былі.

І чарговы раз, цяпер са старонак незалежнае прэсы, пытаю: а што сакрэтнага ў той інфармацыі, якую просяць назваць назіральнікі? Калі ўсё адкрыта, дэмакратычна, законна і сумленна, чаму хаваецца інфармацыя?

Мэтад «прастаўленьня палачак»

...На працягу дня галасаваньня былі заўважаныя парушэньні заканадаўства, але адносна невялікія: выбаршчыкі ўдвох заходзілі ў кабінкі для галасаваньня (звычайна мужык і жонка), але амаль кожны раз іх папярэджвалі чальцы камісіі; некалькі чалавек рабілі свой выбар не ў кабінках для галасаваньня; кандыдат ад улады (юрыст райвыканкаму, сп.Зубрыцкі) некалькі разоў зьяўляўся на ўчастку, што можа быць расцэнена як агітацыя ў дзень выбараў, асабліва ўлічваючы той факт, што ён не галасаваў па гэтай акрузе, бо не прапісаны там. Таксама цікавы той факт, што ў бюлетэні-ўзоры (прыклад для тых, хто сам ня можа ўцяміць, дзе паставіць «галачку»), той самы знак («V») стаяў насупраць прозьвішча спадара Зубрыцкага. Адзінае, што заставалася назіральнікам рабіць 14 студзеня, гэта пісаць заявы і пратаколы (у першую чаргу на адмову старшыні камісіі даць дадзеныя па датэрміновым галасаваньні) ды бесьперапынна, на працягу 12 гадзін, лічыць колькасьць людзей, якія прагаласавалі на іх вачах.

Вось так і сядзелі назіральнікі, прастаўляючы на асобным аркушы паперы палачку за палачкай у радок кожны раз, як выбаршчык кіне запоўнены бюлетэнь у скрыню. «Глупства!» — скажаце вы. Але гэта адзіная магчымасьць для назіральнікаў падлічыць колькасьць тых, хто галасаваў у дзень выбараў 14 чысла і як вынік — датэрмінова. Хоць у прыватнай гутарцы старшыня камісіі ўсё ж такі выдала лічбу — 27,5%. Аднак нават пры такой лічбе, паводле падлікаў назіральнікаў (зыходзячы з мэтоды «прастаўленьня палачак»), лічба «датэрміноўшчыны» ў паўтара разы вышэйшая за названую.

Трэба таксама адзначыць, што разам зь незалежнымі назіральнікамі — пераважна даверанымі асобамі кандыдатаў у дэпутаты (у нашым выпадку дакладней гаварыць пра кандыдата ў адзіночным ліку, бо па ўсім Маладачанскім раёне, а гэта 40 акругаў, ці каля 110 тыс. выбаршчыкаў, балятавалася толькі адна прадстаўніца супольнасьці «За Маладэчна» і руху «За свабоду» Найдзіч Марына) — на некаторых участках у якасьці назіральнікаў знаходзіліся прадстаўнікі райвыканкаму. Але акрамя таго, як чыніць перашкоды незалежным назіральнікам, яны нічога не рабілі.

Былі выпадкі, калі некаторыя выбаршчыкі спрабавалі выйсьці зь бюлетэнем з участку, каб на першым паверсе паглядзець інфармацыю на стэндзе пра кандыдатаў у дэпутаты. (А што рабіць, калі ўсю інфармацыю пра кандыдатаў прыбралі ня толькі непасрэдна з участку для галасаваньня, але нават з другога паверху школы, дзе той месьціўся?..) Але ж пільныя чальцы камісіі не давалі такім палітычна неадукаваным грамадзянам вынесьці бюлетэнь з участку, хоць бы і на некалькі хвілінаў. Адзін раз за маладой дзяўчынай пабег міліцыянт і вярнуў яе да скрыні для галасаваньня... А з актавай залі даносіўся галасок маленькай дзяўчынкі, якая сьпявала вельмі вясёлую песеньку:

Моя армия самая сильная,

Моя армия самая смелая,

Моя армия самая добрая,

Моя армия самая-самая...

Простая арытмэтыка часу

Наступіў час падліку галасоў (не перашкодзіла б і тут дадаць прыкмету «так званага» да слова «падліку»). Сталы, куды скідалі ўсе бюлетэні, адсунулі ад месца, дзе знаходзіліся назіральнікі, на 10 мэтраў, не дазваляючы назіральнікам набліжацца да чальцоў выбарчай камісіі: маўляў, перашкаджаеце працэсу падліку галасоў. Пры спробе зьняць частку працэсу падліку галасоў на відэакамэру мабільнага тэлефона назіральніца ад райвыканкаму паскардзілася старшыні камісіі на дзейнасьць «оппозиционных наблюдателей». Старшыня на працягу 20 хвілінаў пагражала выклікаць ахову, выставіць «неугодных» назіральнікаў за перашкоду падліку, тэлефанавала ў «вышэйшыя інстанцыі»: аргумэнтацыяй было тое, што ў выбарчым Кодэксе не напісана, што назіральнікам дазваляецца карыстацца відэа- і фотапрыстасаваньнямі. Але ж, паважаная спн.Кокаш, там не напісана і адваротнага.

Усе заўвагі на працягу падліку галасоў сыходзілі толькі ад старшыні выбарчай камісіі спн.Кокаш: больш ніхто з шараговых чальцоў камісіі не выказваў аніякага незадавальненьня дзеяньнямі назіральнікаў. На маё пытаньне: «Каму яшчэ, акрамя старшыні камісіі, я перашкаджаю падлічваць галасы?» чальцы выбарчай камісіі — усе дарослыя людзі, паважаныя настаўнікі — апусьцілі вочы долу... Пра тое, што ніхто не выказваў таксама і абурэньня наконт паводзінаў старшыні камісіі, думаю, гаварыць ня трэба. Дзякуй, як кажуць, і на гэтым.

Падлік галасоў зацягнуўся на чатыры гадзіны (з восьмай да пачатку на першую) зь невядомых прычынаў. За гэты час старшыня камісіі пасьпела прафіляктычна выклікаць міліцыянтаў (зайшоў нейкі паважны, афіцэрскага званьня дзядзька і спытаў, ці ўсё праходзіць спакойна і ці няма перашкодаў для «нармальнае працы»), разоў дзесяць правесьці тэлефонныя перамовы невядома з кім; увесь час па некалькі разоў пералічвалі бюлетэні, было чуваць пра нейкія несупадзеньні ў падліку... За той самы час прадстаўнік дэмакратычнае супольнасьці, які таксама быў назіральнікам, толькі на ўчастку ў Менску, пасьпеў: а) адбыць увесь час падліку галасоў на сваім участку ў Менску; б) атрымаць некалькі папярэджаньняў за «перашкоду працэсу падліку галасоў» (гэта пры жаданьні на свае ўласныя вочы а не з-за сьпінаў чальцоў камісіі, назіраць увесь «процесс»); в) дачакацца афіцыйнага пратаколу; г) прыехаць за 80 кілямэтраў у Маладэчна, каб падтрымаць Марыну Найдзіч, ды д) паўгадзіны правесьці ў нашым горадзе.

Дарэчы, на пытаньне: «Чаму так доўга і марудна ідзе падлік галасоў, і ў чым прычына зацягваньня працэсу?» мы, назіральнікі, адказу не атрымалі. І гэта чарговы раз дае падставу думаць, што ня ўсё на гэтых выбарах, а ў прыватнасьці па гэтай акрузе, на гэтым участку было «чыста». Толькі на пачатку новага дня, ужо 15 студзеня а 00:10, пратакол быў вывешаны для ўсеагульнага карыстаньня, як тое мае быць у адпаведнасьці з заканадаўствам. А ў пратаколе лічбы кажуць самі за сябе: адразу відавочна, зь якіх лічбавых крыніцаў таму ці іншаму кандыдату можна было «зьліць» галасы.

Магчыма, і «зьліваць» нічога было не патрэбна: у запасе ж было пяць дзён «датэрміноўшчыны»! А ў прыведзенай табліцы асабліва выклікае зьдзіўленьне лічба «170» — несапраўдныя бюлетэні. Гэта пры тым, што ў сярэднім (паводле зьвестак, прыведзеных раённай выбарчай камісіяй) на 40 участках колькасьць несапраўдных бюлетэняў склала 60,1 штук. А розьніца паміж дэмакратычным кандыдатам і кандыдатам ад улады склала 76 галасоў, ці (калі браць за базу колькасьць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаваньні) — 3,4%. Вось і ўся арытмэтыка.

А як у іх?..

Са мною на ўчастку ў якасьці незалежнага назіральніка знаходзілася жанчына, якой давялося прысутнічаць у якасьці замежнага назіральніка на прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы. Дык там назіральнікаў на кожным участку, бадай, болей, чым сябраў выбарчай камісіі. І стаяць назіральнікі непасрэдна каля стала для падліку галасоў і сочаць за кожным бюлетэнем. Ды пры гэтым усё афіцыйна здымаецца на відэа- і фатастужку. Калі ў кагосьці з прысутных узьнікае нейкі сумнеў у працэсе падліку галасоў, яму прапаноўваюць самому перагледзець стосы бюлетэняў. Ці ня гэта ёсьць дэмакратыяй? І гэтак адбываецца ня недзе за акіянам, а ў суседняй Польшчы...

Ды толькі гэта гісторыя зусім іншага ўчастку...

?

Вынікі выбараў па Крынічнай акрузе №18.

Колькасьць выбаршчыкаў — 2913, узялі ўдзел у галасаваньні — 2197.

За Зубрыцкага С.У. прагаласавалі 871 чалавек

За Найдзіч М.А. — 795.

Супраць усіх — 361.

Несапраўдныя – 170 бюлетэняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?