Дзяржслужбоўцам Беларусі забароняць карыстацца льготамі і перавагамі, якія даюцца замежнымі дзяржавамі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю, і атрымліваць дакументы, якія даюць такія льготы і перавагі.

Законапраект, якім уносяцца адпаведныя папраўкі ў закон аб дзяржаўнай службе, плануецца прыняць у першым чытанні сёння на паседжанні палаты прадстаўнікоў, паведамляе БелТА.

У прыватнасці, пералік абмежаванняў, звязаных з дзяржслужбай, дапаўняецца забаронай на атрыманне льгот і пераваг ад замежных дзяржаваў. Пры гэтым замацоўваецца абавязак дзяржаўных службоўцаў перадаць дакументы аб такіх ільготах у кадравую службу дзяржаўнага органа. Невыкананне гэтых патрабаванняў будзе падставай для вызвалення дзяржслужбоўцаў ад займанай пасады.

У адпаведнасці з прапанаванымі законапраектам папраўкамі пры паступленні на дзяржслужбу грамадзянін, які мае такія дакументы, будзе абавязаны іх перадаць у кадравую службу адначасова з прыняццем рашэння аб прызначэнні яго на дзяржаўную пасаду.

Тыя з дзяржслужбоўцаў, хто цяпер мае такія дакументы, у выпадку прыняцця паправак павінныя будуць на працягу месяца з моманту ўступлення закона ў сілу перадаць іх у кадравую службу.

Распрацоўшчыкі паправак лічаць, што такім чынам атрымаецца ліквідаваць канфлікт інтарэсаў пры праходжанні дзяржслужбы. Бо асноўнай функцыяй дзяржслужбоўца з’яўляецца служэнне дзяржаве. Таму якія-кольвек актыўныя дзеянні ў інтарэсах іншай дзяржавы з мэтай атрымання дакументаў аб ільготах і перавагах супярэчыць інтарэсам дзяржслужбы ў Беларусі.

Падставай для ўнясення паправак у заканадаўства стала распаўсюджанне ў Беларусі карты паляка. Закон Польшчы аб карце паляка дае асобным катэгорыям грамадзян Беларусі шэраг ільгот і пераваг на тэрыторыі Польшчы. Аднак выдача гэтай карты звязанае з неабходнасцю пэўных паводзінаў беларусаў у дачыненні да Польшчы. Паводле заключэння канстытуцыйнага суда Беларусі, закон Польшчы аб карце паляка супярэчыць агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права, закранае інтарэсы беларускай дзяржавы. Таму прынятае рашэнне на заканадаўчым узроўні забараніць дзяржслужбоўцам Беларусі, якія мусяць дзейнічаць у інтарэсах сваёй краіны, мець льготы і перавагі, што даюцца іншай дзяржавай.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?