у невялічкім цягнічку
што шыбуе ў бок
першай польскай станцыі
кантрабандысты навучаюць мяне
як трымацца з польскімі памежнікамі
пры гэтым неяк шматзначна
паглядаюць на мяне
як быццам даюць зразумець
ведаем што ты за гусь
але можаш на нас разьлічваць
над крыжамі
беластоцкага фарнага касьцёлу
завісла воблака
што ляцела з Полацку
на захад
усьлед за сонцам
усьлед усьлед
каб ніколі не засынаць
ляцець і ляцець
ляцець і ляцець
але так стаміў
воблака
шлях над Беларусяй
што яно
адолеўшы мяжу
вырашыла адпачыць
а лепшага месца для адпачынку
чымся нябесная затока
беластоцкага фарнага касьцёлу
сапраўды
цяжка і знайсьці
на беластоцкім кірмашы на Антанюках
дзе прадаюць па нядзелях
розныя старыя рэчы
ад нямецкіх касак
да клямак ад вясковых хатаў
набыў жменю манэтаў
з выявамі польскіх каралёў
сьведкі падзеяў
здабыцьця волі
манэты ў сто і пяцьсот злотых —
як аповед
пра годнасьць
патрыятызм цяжкасьці
і трываньне
Fleetwood mac
такім знаёмым голасам
зь беластоцкай FM-кі
запрашае да гарбаты
кіпень сапраўды ўжо гатовы
і лусьцікі накроены
дваццаць восемь гадоў таму
пад Fleetwood mac
пры выключаным сьвятле
мы танчылі
на маіх провадах у войска
і цалаваліся
і марылі
і абяцалі
мары ня спраўдзіліся
абяцаньні даўно парушаны
засталіся толькі ўспаміны
пра дотыкі дзявочых вуснаў
я хацеў напісаць верш
ды толькі дождж мне перашкодзіў
ён размыў сьцяжыны
і зьнішчыў твае сьляды
цяпер я блукаю
паміж нашымі
першай і апошняй
сустрэчамі
між якімі ўзышла
вясёлка
адзінаццаць чалавек
сядзяць на падсуднай лаве
у Беластоцкім раённым судзе
Алега Латышонка
як сьведку па справе
выдаляюць з судовай залі
не бяда —
двухмэтровы Алег бачыць здалёку
Лена Глагоўская выкладчыцкім позіркам
узіраецца ў мяне —
спрабуе пазнаць
мы ня бачыліся бадай гадоў десяць
разам зь Мірай Лукшай яны сядзяць
паміж двума Яўгенамі —
Мірановічам і Вапай
можна загадваць жаданьне
ня важна
што прачытае пракурор
у абвінаваўчай прамове
ня важна
якія пытаньні задасьць судзьдзя
адзінаццаці падсудным
важнасьць не вызначаецца ў судзе
у адзінаццаці абвінавачаных
ёсьць агульная справа
па якой
свой суворы прысуд
вынясе сама гісторыя