Павал Шарамет нядаўна ўзьняў заўсёды папулярную, бяспройгрышную і ўдзячную для журналіста тэму — пра агентаў КДБ сярод беларускай апазыцыі. На фоне апошніх скандалаў з новымі вярбоўкамі і прэсавай канфэрэнцыі актывістаў у Варшаве вечная тэма набыла новую актуальнасьць.

Паводле лёгікі Шарамета (якую, зрэшты, падзяляюць многія) — сапраўдны апазыцыянэр заўсёды будзе выступаць за зьмену злачыннай улады, а агент спэцслужбаў будзе толькі абараняць уладу.
Лёгіка прыгожая, але, скажам мякка, небездакорная. Небездакорная тым, што такім простым як венік падыходам апрыёры ставіцца пад сумнеў любая памяркоўная і няпросталінейная пазыцыя.
Любы палітык, які бачыць шлях зьвяржэньня рэжыму ня толькі ў варыянце «народны натоўп захоплівае рэзыдэнцыю», адразу трапляе пад падазрэньне ў «нячыстасьці».
Калі нехта з той ці іншай прычыны не выказвае захапленьня ад эфэктыўнасьці і неабходнасьці масавых акцыяў, то — «зь ім увогуле ўсё ясна».

Аднак ці ня варта задумацца, што больш права на існаваньне мае іншая, адваротная, лёгіка? Якраз менавіта памяркоўны самастойны палітык можа бачыць ня толькі адзіную прамую і адзіную слушную дарогу — ён можа дазволіць сабе сумнявацца, выбіраць, ацэньваць сытуацыю і нават, о Божа, ісьці на кампрамісы. Раскоша, якой ня могуць дазволіць сабе агенты — бо яны павінны выглядаць адназначнымі, выяўляць непахіснасьць сваёй радыкальнасьці.

Гісторыя сьведчыць, што часта найбольш радыкальныя ідэі актыўна і гучна выказваюць якраз тыя, хто мае дазвол «зьверху» іх выказваць. Не пералічыць выпадкаў у гісторыі розных краінаў, калі менавіта самыя радыкальныя структуры былі інсьпіраваныя ўладамі і імі кантраляваліся.
У дарэвалюцыйнай Расеі агенты ахранкі забівалі губэрнатараў, правакатары ўзначальвалі мітынгі.
«Агент» не баіцца самых радыкальных лёзунгаў — ён ведае, што яму за гэта нічога ня будзе.
Як журналіст я неаднаразова назіраў, як падбіраюць словы рэдактары газэт, кіраўнікі грамадзкіх арганізацый, палітыкі ў сваіх выказваньнях ці інтэрвію. І я іх разумею.

Стоп, а зараз давайце падумаем, да якіх высноваў прывядзе мая нібыта пераканаўчая лёгіка? Ці ня кіне яна цень на самых бескампрамісных змагароў з рэжымам, якія не баяцца выказвацца, называць рэчы сваімі імёнамі, выступаюць за самы радыкальны спосаб вырашэньня беларускай праблемы?

Таму, на маю думку, адзіны прымальны варыянт — спыніць праявы агентаманіі, якія ўсё роўна ні да чога не прывядуць. Сапраўдных агентаў мы ня знойдзем і толькі кінем цень падазрэньня адзін на аднаго. Урэшце, можа, хтосьці і ставіць такую мэту?

Калі б у Беларусі была адкрытая публічная палітыка, той самы абсьмяяны ўсімі публічны дыялёг, круглы стол паміж уладай і апазыцыяй у рамках прававых працэдур, дык тут агентам КДБ не засталося б месца. Усё было б як на далоні, пад відэакамэрамі цяжэй схаваць сапраўдныя матывы.

Пакуль жа агентаманія пераўтвараецца ў трагікамэдыю беларускага разьліву. У Фэйсбуку людзі пачынаюць мерацца тым, колькі разоў іх вербавалі.
Некаторыя дадумваюцца называць агентамі тых кандыдатаў у прэзыдэнты, якія цяпер сядзяць за кратамі і якіх катуюць у засьценках — маўляў, іх адмыслова там катуюць, каб набіць ім рэйтынг, каб яны выйшлі і сталі лідэрамі апазыцыі.

А вось мяне ніколі не вербавалі. Аж крыўдна, я столькі разоў у галаве пракруціў свае магчымыя дзеяньні, а выкарыстаць падрыхтаваны экспромт няма нагоды. Чаму? Ня ведаю, варыянтаў адказу шмат — магчыма, я не падпадаю пад нейкія іхнія правілы, можа, быў страчаны час, магчыма, мае асабістыя характарыстыкі паказваюць ім, што да мяне лепш не падыходзіць. Урэшце, можа вакол мяне і так ужо хапае агентаў? А магчымы і яшчэ адзін варыянт — я ні на якае ліха ім не патрэбны.

Хоць гэта, апошняе, наўрад ці. Успамінаецца, як на адной прэсавай канфэрэнцыі недзе ў 1996 годзе, калі на такія падзеі яшчэ запрашалі незалежных журналістаў, я задаў даволі доўгае і, як мне здавалася, даволі рэзкае пытаньне Лукашэнку — нешта пра агрэсіўнасьць ягонай палітыкі. (Заўважу, што ўсе самыя жорсткія і крытычныя рэчы, якія ўвогуле можна сказаць пра Лукашэнку, я сказаў не ў 2010-м і нават не ў 1996-м, а ў 1994-95-м гадах, калі некаторыя самыя зацятыя цяперашнія крытыкі яшчэ працавалі ў ягонай камандзе.) Дык вось задаю я сваё пытаньне і бачу, як Лукашэнка гартае нейкія паперы, і пачынаю разумець, што гэта маё дасье. «Ну вось, Віталь, твае…» — пачаў Лукашэнка, хмыкнуў, падумаў — і, адклаўшы паперы, пачаў адказваць, у сваім стылі пераводзячы стрэлкі на агрэсіўнасьць маіх публікацый у газэце «Свабода».

Прызнаюся, вельмі хацелася пабачыць гэтыя паперкі, якія, напэўна, разбухлі за гэтыя гады. Пачытаць справаздачы, убачыць знаёмыя прозьвішчы, ацаніць стыль і глыбіню аналізу.

Прынамсі, ёсьць яшчэ адзін стымул набліжаць перамогу дэмакратыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?