Хакейны клуб «Дынама» (Мінск) 8 лістапада выступіў з заявай «Стаўленне да клубаў павінна быць роўным!», у якой рэзка асудзіў паводзіны гульцоў і галоўнага трэнера чэхаўскага «Віцязя» ў канцоўцы матча, які прайшоў 6 лістапада, і выказаў нездавальненне мяккасцю санкцый, якія наклаў на каманду гасцейспартыўна-дысцыплінарны камітэт КХЛ.
«Дынама» прызнае, што «паводзіны асобных балельшчыкаў выйшлі за рамкі дазволенага, таму ўжо на найбліжэйшым матчы чэмпіянату будуць арганізаваны дадатковыя меры бяспекі».
У той жа час разгляд інцыдэнту на пасяджэнні СДК КХЛ «мог быць больш усебаковым, калі б на яго акрамя прадстаўнікоў «Віцязя» было б запрошана і кіраўніцтва ХК «Дынама». «Гэтага, на жаль, не было зроблена, і мы не змаглі прадставіць на пасяджэнні дадатковыя доказы віны каманды гасцей у здарэнні», — адзначаецца ў заяве.
«Відавочна, што галоўным віноўнікам гучнай канцоўкі гульні з’яўляецца галоўны трэнер „Віцязя“ Андрэй Назараў,— лічаць у „Дынама“. — Разумеем, як цяжка выносіць сур’ёзныя санкцыі ў адрас прадстаўніка трэнерскага штаба зборнай Расіі».
«Дынама» лічыць некарэктным разглядаць судзейства ў якасці першапрычыны паводзінаў Назарава і яго падапечных: «Паглядзіце канцоўкі нядаўніх матчаў „Віцязя“ ў Рызе і Попрадзе — няўжо і там брудныя паводзіны асобных гульцоў „Віцязя“ выкліканы паводзінамі гледачоў або судзействам? Даўно зразумела, што ўстаноўкай вышэйшага кіраўніцтва ХК „Віцязь“ з’яўляецца кроў на лёдзе як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. Мы паказваем маленькім дзецям не школу хакея, а школу бандытызму, калі хакеіст „Віцязя“, „прафесіянал“, пад’язджае ззаду і подла наносіць рэзкі ўдар у спіну, а затым па нырках і іншых жыццёва важных органах. Тут ужо не рэгламент КХЛ павінен уваходзіць у сілу, а артыкулы Крымінальнага кодэкса. На вачах 15.000 гледачоў і мільённай тэлеаўдыторыі ўчыняецца злачынства. А якое пакаранне?»
Кіраўніцтва «Дынама» «праводзіць кансультацыі з калегамі з іншых клубаў лігі». «Нам дарагія нашы хакеісты, і мы будзем іх абараняць. КХЛ патрабуе ад нас гарантый бяспекі — і гэта правільна. Але дзе гарантыі самой лігі, што яна абароніць нашых хакеістаў ад самавольства гульцоў „Віцязя“ пасля адкрытых пагроз Андрэя Назарава „разабрацца ў Чэхаве“? Самае страшнае, што сітуацыя, падобная да нядзельнай, можа адбыцца ў наступны раз у любым іншым горадзе КХЛ. Такі хакей, калі на лёд выпускаюць адразу некалькі байцоў у адной змене, у Мінску дакладна не патрэбны. На наш погляд, не патрэбен ён і ўсёй лізе», — гаворыцца ў заяве.
«Любое пакаранне прадугледжвае далейшае выпраўленне, — адзначаюць у „Дынама“. —
Але не ў выпадку „Віцязя“. Тафгаі адбываюць дыскваліфікацыі і спакойна атрымліваюць наступныя».
«Дынама» лічыць мэтазгодным хадайнічаць перад прэзідэнтам КХЛ аб «куды больш строгіх мерах у дачыненні да галоўнага трэнера „Віцязя“ (дзве гульні за ненарматыўную лексіку, непрыстойныя жэсты, указанне тафгаям весці брудны хакей і кіданне клюшак на трыбуны — гэта нішто для такой сітуацыі), а таксама аб выпрацоўцы зразумелай і празрыстай стратэгіі ў дачыненні да пастаянных бясчынстваў на лёдзе каманды з Чэхава».