Эканамічная сітуацыя ў краіне выявілася настолькі складанай, што ўрад сёння цвёрда адстойвае свой пункт гледжання нават перад Адміністрацыяй прэзідэнта. Кіраўнік урада Беларусі на аўторкавым паседжанні Савета міністраў паспрабаваў давесці памочніку прэзідэнта, што эмісійнае фінансаванне дзяржпраграм вельмі негатыўна ўплывае на эканоміку краіны. Паводле разлікаў урада, працягнуўшы друкаванне пустых грошай у 2012 годзе, беларускі рубель будзе абясцэнены яшчэ ў 2,5 разу.

Праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2012 год, падрыхтаваны Міністэрствам эканомікі, прадугледжвае некалькі сцэнароў.

Урад прапануе спыніцца на тым, які прадугледжвае зніжэнне тэмпаў росту ВУП, скарачэнне фінансавання дзяржпраграм і кратнае памяншэнне аб’ёмаў эмісіі.

На думку ўрада, цвёрдая грашова-крэдытная, бюджэтна-падатковая палітыка дасць магчымасць стабілізаваць сітуацыю і знізіць інфляцыю ў наступным годзе да 19%. Калі ж зноў праводзіць мяккую макраэканамічную палітыку, заснаваную на эмісійным фінансаванні эканомікі, і ў ранейшым аб’ёме крэдытаваць дзяржпраграмы, то гэта выкліча рэзкі рост інфляцыі, лічаць ва ўрадзе.

Зрэшты, на паседжанні Савета міністраў 8 лістапада выявілася, што

не ўсе работнікі органаў дзяржкіравання падзяляюць пазіцыю ўрада. Памочнік прэзідэнта Сяргей Ткачоў, звяртаючыся да Міністэрства эканомікі, паспрабаваў аспрэчыць неабходнасць рэзкага скарачэння фінансавання дзяржпраграм.
Паводле словаў Ткачова, нягледзячы на зразанне выдаткаў на дзяржпраграмы сёлета, ураду не ўдаецца спыніць інфляцыю.
Намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка, рэагуючы на крытыку, паспрабаваў растлумачыць памочніку прэзідэнта, што цяперашняя інфляцыя мае інерцыйны характар і выкліканая эмісіяй, якая праводзілася раней.

Паводле словаў Ярашэнкі, уліванне эмісійных грошай стварыла вялікі інфляцыйны «навес» на эканоміку, і гэты «навес», на думку намесніка міністра, краіна адчувае да гэтага часу. Велічыня інфляцыйнага «падстрэшка», паводле ацэнак Мінэканомікі, склала 8% ВУП.

На думку Ярашэнкі, каб знізіць інфляцыю ў 2012 годзе, аб’ём эмісійнага фінансавання дзяржпраграм неабходна абавязкова скараціць.

«Гэта адпраўны пункт для таго, каб мы змаглі выйсці ў сярэднетэрміновай перспектыве на дастатковыя велічыні інфляцыі. Іншага выйсця мы проста не бачым», — сказаў Ярашэнка.

Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч палічыў аргументы Ярашэнка недастаткова пераканаўчымі і паспрабаваў больш даходліва растлумачыць памочніку прэзідэнта прычыны высокай інфляцыі.

Але спачатку беларускі прэм’ер, які мае вялікі досвед працы ў дзяржапараце, вырашыў дыпламатычна паказаць Ткачову, што вінаваты ў высокай інфляцыі не толькі ўрад. Мясніковіч нагадаў, што праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця эканомікі прымаліся ў былыя часы не без удзелу работнікаў Адміністрацыі прэзідэнта.

«Вы так актыўна дапамагалі фармаваць усе праграмы… — пачаў Мясніковіч, звяртаючыся да Сяргея Ткачова. — Цягам апошніх 10–15 гадоў», — дадаў прэм’ер.

Паўза, якая павісла пасля гэтых словаў Мясніковіча, дазволіла ўдзельнікам паседжання Савета міністраў ацаніць іронію прэм’ера.

Пасля невялікай паўзы старшыня ўрада пачаў прыводзіць факты, якія насамрэч выглядалі вельмі пераканаўча.

«Вы павінныя выдатна разумець, што ў нас сышліся чатыры праблемы, — працягваў тлумачыць Мясніковіч памочніку прэзідэнта вытокі высокай інфляцыі. — Гэта дэфіцыт бюджэту, дэфіцыт аплатнага балансу, нерэальны абменны курс і адсутнасць рэальных крыніц фінансавання жылля і іншых дзяржпраграм».

А далей прагучаў забойны аргумент.

«На 2011 год у планах у якасці крыніц фінансавання будаўніцтва 7,5 млн квадратных метраў жылля, малочна-таварных ферм, свінагадоўчых комплексаў і цэлага шэрагу іншых праграм было закладзена… нуль рублёў. Нуль!» — паўтарыў Міхаіл Мясніковіч.

У сувязі з гэтым, растлумачыў кіраўнік урада, былі задзейнічаныя эмісійныя рэсурсы для фінансавання запланаваных дзяржпраграм. Гэта і спарадзіла тыя праблемы, якія мы маем сёння, падкрэсліў кіраўнік урада.

«У 2008–2009 гадах мы ў меншай ступені захапляліся эмісійным крэдытаваннем эканомікі. А ў 2010 годзе захацелася, у 2011-м — таксама. Вонкавыя плюс уласныя дамарослыя праблемы стварылі тое, што мы маем», — канстатаваў Міхаіл Мясніковіч.

Для вырашэння праблем у эканоміцы ўрад прапануе зацвердзіць праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2012 год, які прадугледжвае рэзкае скарачэнне фінансавання дзяржпраграм.

Гаворка ідзе пра тое, каб на фінансаванне дзяржпраграм скіраваць у 2012 годзе не больш за 12 трлн рублёў (супраць запытаных 36 трлн рублёў).

Урад просіць і работнікаў Адміністрацыі прэзідэнта падтрымаць гэты сцэнар развіцця эканомікі. «Мы просім падтрымаць той прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця, які падрыхтаваны», — сказаў Мясніковіч, рэагуючы на пытанні памочніка прэзідэнта.

Дэ-факта ўрад прапануе Адміністрацыі прэзідэнта зацвердзіць на наступны год той тэмп росту ВУП (1,5%), якога можна дасягнуць пры мінімальных аб’ёмах эмісіі.

Штучнае павелічэнне росту ВУП (да 7,1%), паводле разлікаў урада, будзе мець вельмі негатыўныя наступствы.

Паводле ацэнак урада, калі прытрымлівацца інерцыйнага сцэнару і задаволіць усе заяўкі на фінансаванне дзяржпраграм, то спатрэбіцца надрукаваць у наступным годзе 30 трлн рублёў. Укід такой колькасці грошай дазволіць давесці рост ВУП да 7,1%, але прывядзе да новай дэвальвацыі нацыянальнай валюты ў 2,5 разу — з цяперашніх 8700 да 22 000 рублёў за даляр.

Работнікі ўрада, якія ў прэзентацыі абвялі інерцыйны (эмісійны) сцэнар развіцця эканомікі ў чорную рамку, зрабілі вельмі дарэчнае вылучэнне.

Высокія аб’ёмы эмісіі ў 2012 годзе пахаваюць надзеі на аднаўленне эканомікі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?