Увосень, перад прыездам старшыні аблвыканкаму, з дрэваў абрываюць лісьце — каб ня падалі. Загадчык райана, інспэктуючы школу, гойсае па стадыёне ды шукае пустазельле-дзьмухавец. Старшыня райвыканкаму гучна мацюкаецца ў мікрафон пры поўнай залі... Сёньняшняя адміністратыўная сыстэма краіны — бяздонная крыніца натхненьня для сатырыка. На фоне абсурдысцкага бюракратызму і буйства начальнікаў нечакана надзённа чытаецца расейскі пісьменьнік ХІХ ст. Міхаіл Салтыкоў-Шчадрын. Прапануем выбраныя урыўкі зь ягонай “Гісторыі аднаго гораду”.

Міхаіл Салтыкоў-Шчадрын

(урыўкі)

Места наша роднае Дурнова, што шырока гандлюе квасам, пячонкай і варанымі яйкамі, мае тры рэчкі і, накшталт старажытнага Рыму, на сямі пагорках збудаванае. А розьніца толькі ў тым палягае, што ў Рыме зьзяла зламыснасьць, а ў нас — дабрамыснасьць, Рым быў на буйства хворы, а мы — на рахманасьць, у Рыме бушаваў цёмны плебс, а ў нас — начальнікі.

Наш граданачальнік Васіліск Сямёнавіч Бародаўкін дзівіў увішнасьцю і нейкай нечуванай адміністрацыйнай уедлівасьцю, што з асаблівай энэргіяй выяўлялася ў пытаньнях, вартых зламанага шэлегу. Ён увасабляў той тып граданачальніка, чые ногі ў любы момант гатовыя несьці яго ў сьвет. Удзень жа ён, як муха, мільгатаў па горадзе, назіраючы, каб месьцічы мелі бадзёры і вясёлы выгляд; уначы — гасіў пажары, ладзіў вучэбныя трывогі дый наагул засьцігаў зьнячэўку.

Крычэў ён праз увесь час і крычэў неверагодна. «Столькі зьмяшчаў ён у сабе крыку, — кажа з тае нагоды летапісец, — што ад таго крыку шмат хто з дурноўцаў і за сябе, і за дзяцей назаўжды спалоху набраліся». У выніку ўлады мескія мусілі даць дурноўцам розныя льготы, менавіта «за спалох іхны».

За дзесяць год да прыбыцьця ў Дурнова ён распачаў пісаць праект пра «вяшчае распасьціраньне войска і флёту па абліччы зямлі ўсяе, кабы цераз гэта вяртаньне (sic!) старажытнае Бізантыі пад скрыдлы дзяржавы Расейскае спадзеўным учыніць». Часта прыкмячалі дурноўцы, як той, седзячы на бальконе начальніцкага дому, паглядаў з поўнымі вачыма сьлёзаў на ахутаныя сіньню бізантыйскія цьвярдыні ўдалечыні.

Пашы Бізантыі і Дурнова былі настолькі прылеглыя, што бізантыйскія статкі амаль самастойна перамешваліся з дурноўскімі, і з гэтага выходзілі бесьперапынныя звады. Здавалася, трэ’ было толькі кінуць покліч... І Бародаўкін чакаў гэтага поклічу, чакаў з пылам і нецярплівасьцю, што даходзіла часам да сердаваньня. Але, але... Дзень ішоў, ноч, і, як той казаў, тыдзень прэч; мары Бародаўкіна расьлі, а поклічу ўсё не было. У той крайнасьці Бародаўкін уцяміў, што пара для палітычных мерапрыемстваў яшчэ не надышла і што яму варта абмежаваць свае задачы толькі так званымі пільнымі патрэбамі краю. У шэрагу гэтых патрэбаў першае месца трымала, бадай, цывілізацыя. Паглынуты гэтымі змрочнымі летуценьнямі, ён зьявіўся ў Дурнове і найперш учыніў пільны разгляд намераў і дзеяў сваіх папярэднікаў.

Адзін толькі штацкі саветнік Дваякураў выгодна вылучаўся з гэтай стракатае хеўры адміністратараў. От яго, натуральна ж, і ўзяў сабе Бародаўкін за ўзор. Дваякураў багата чаго зьдзейсьніў. Ён забрукаваў вуліцы: Дваранскую і Бальшую, сабраў нядоімкі, апекаваўся навукамі і хадайнічаў аб закладаньні ў Дурнове акадэміі. Але галоўная яго заслуга была ў тым, што ён упрызвычаіў спажываньне гарчыцы і ліста лаўровага. Гэтая апошняя дзея настолькі ўразіла Бародаўкіна, што ў яго вокамгненна ўзьнікла дзёрзкая думка ўчыніць тое самае датычна праванскага масла.

Дзейнічаў Дваякураў усягды вялізнымі масамі, то бок і ўціхамірваў, і перамантачваў дашчэнту; але й увадначас цяміў, што аднаго гэтага сродку замала. Таму, асобна ад мераў агульных, ён цягам шэрагу гадоў бесьперапынна і нястомна ладзіў разавыя набегі на абыватальскія дамы і ўціхамірваў кажнага абываталя паасобку.

Цягам усяго ягонага кіраваньня дурноўцы ня толькі не сядалі за стол без гарчыцы, але нават паразводзілі разьлеглыя гарчычныя плянтацыі, каб здавальняць патрэбы загранічнага гандлю.

Але року 1770 Дваякураў сканаў. Гарчыцу есьці перасталі зусім, плянтацыі зааралі, пасадзілі капусту ды засеялі бобам. Такім чынам, выйшла, што Бародаўкін пасьпеў акурат у час, каб уратаваць канаючую цывілізацыю. Ад сьвятла да цямна ён усё выдумляў, што б гэта такое адбудаваць, каб яно раптам, па будоўлі, гахнулася і напоўніла сьвет куродымам і сьмецьцем. Урэшце, празь недахоп арыгінальных думак, спыніўся на тым, што пайшоў дарогаю свайго знакамітага папярэдніка. І тут дарэчы ён дазнаўся, што дурноўцы, празь нядбайнасьць, зусім выбіліся з ужытку гарчыцы, а таму на першую пару абмежаваўся тым, што абвесьціў гэты ўжытак абавязковым; а неслухаў пакараў яшчэ і праванскім маслам.

Але дурноўцы таксама былі сабе наўме. Энэргіі дзеяньня яны зь вялікай кемлівасьцю процістаўлялі энэргію бязьдзеяньня.

— Рабі з намі што хочаш! — казалі адны. — Хаціш — на шматкі рэзай; хаціш — з кашаю еж, а мы ня згодныя!

І ўпарта пры тым клячылі.

Бародаўкін склікаў усіх дурноўцаў і стаў іх прынаджваць. У прамове з тае нагоды ён падрабязьненька разьвіў перад месьцічамі пытаньне аб падспор’ях наагул і аб гарчыцы як падспор’і ў прыватнасьці; і вось жа ад таго, што ў словах ягоных было болей асабістай веры ў рацыю свае справы, чым сапраўднай пераканаўчасьці, ці ад таго, што ён, паводле свайго звычаю, не прамаўляў, а крычэў, — як там тое ні было б, вынік ягоных пераконваньняў стаўся такім, што дурноўцы перапалохаліся і зноў усёй грамадой уклячылі.

Увесь той дзень Бародаўкін тужыў. Моўчкі шпацыраваў ён па залях начальніцкага дому й толькі зрэдчас вышэптваў: «Шэльмы!»

— Рукі ў мяне зьвязаныя! — паўтараў ён, задуменна пакусваючы свой вус, — а то даў бы я вам перцу з імберцам!

Але ён небеспадстаўна меркаваў, што натуральным заканчэньнем усялякае калізіі ёсьць усё ж лупцоўка, і такое ўсьведамленьне падмацоўвала яго. Чакаючы на такое заканчэньне, ён займаўся сваімі справамі і патаемна пісаў статут аб «нестрыманьні граданачальнікаў законамі». Першым і адзіным параграфам у тым статуце стаяла: «Калі адчуваеш, што закон чыніць табе перашкоду, дык, узяўшы яго са стала, пакладзі пад сябе. І тады, зрабіўшыся нябачным, цалкам ён твае рукі разьвяжа».

Празь месяц Бародаўкін наноў склікаў месьцічаў і зноў закрычэў. Але толькі ён пасьпеў вымавіць два першыя склады свайго вітаньня («аб іх, праз сорам, змаўчу» — такая летапісцава адмоўка), як дурноўцы зноўку пахаваліся, не пасьпеўшы нат укленчыць. Толькі тады Бародаўкін наважыўся пусьціць у ход сапраўдную цывілізацыю.

На золку выправіўся ён у паход. Хоць галоўнаю мэтаю была Стралецкая слабада, але Бародаўкін хітраваў. Ён не пайшоў ані наўпрост, ані направа, ані налева, а стаў манэўраваць.

На сёмы дзень дарогу размыла, людзі ішлі цяжка, а зброя грузла ў разьлезлым чарназеме. Патрапілі ў багну, пра якую ніхто не падазраваў. Глянуў Бародаўкін на геамэтрычны плян пашы — спрэс ральля, ды па мокрым месцы скошана, ды дробнага хмызьняку трохі, а багны няма і ўсё тут.

— Няма тут багны! Маніце вы, шэльмы! Упярод! — загадаў Бародаўкін і стаў на купіну дзеля бліжэйшага нагляду за пераправай. Палезьлі людзі ў багну і адразу патапілі ўсю атрылерыю.

— Столькі гадоў запасаў, зьберагаў, пялегаваў, — наракаў ён, — што мне цяпер рабіць? Як я буду кіраваць без гарматаў?

Войска было дашчэнту дэмаралізавана. Як вылезьлі з багны, перад вачмі зноў распасьціралася абсяжная роўнядзь і зноўку безь якога-кольвек намёку на жытло. Дзе-нідзе валяліся чалавечыя косткі і кучы цаглінаў; усё гэта сьведчыла, што некалі была тут даволі моцная і адмысловая цывілізацыя (пасьля адкрылася, што тую цывілізацыю, прыняўшы ў нецьвярозым выглядзе за бунт, панішчыў былы граданачальнік Урус-Кугуш-Кільдзібаеў), але ад тае пары мінула многа гадоў, і ніхто не парупіўся, каб яе ўзнавіць. Толькі на восьмы дзень, каля паўдня, змучаная каманда запрыкмеціла стралецкія вышыні і радасна задудзела ў дуды. Войска, ачоленае Бародаўкіным, заходзіла ў слабаду. Але там не было нікога, апрыч заштатнага папа, каторы акурат у тую хвілю меркаваў, а ці не лацьвей яму будзе перайсьці ў раскол.

Павыпаўзалі яны ўсе раптам, і стары і малы, і мужчынска і жаноцка полу, і, узьняўшы рукі ўгару, бухнуліся яму ў ногі. Бародаўкін сьпярша быў разгубіўся, але раптам узгадаў словы з інструкцыі: «Як уціхамірваеш, дык не рупіся шмат пра вынішчэньне, але пра навучаньне» — і прыціх. Ён усьвядоміў, што пара трыюмфу ўжо надышла, і што трыюмф наўрад ці ня будзе паўнейшы, калі ў выніку ня будзе ані патаўчоных насоў, ані перакручаных скулаў.

— Ці прымаеце гарчыцу? — спытаў ён паважна, спрабуючы, па магчымасьці, вычысьціць голас ад пагрозьлівых нотак.

Натоўп моўчкі пакланіўся да зямлі.

— Дык ці прымаеце, пытаю я вас? — паўтарыў ён, трохі ўжо трапянеючы.

— Прымаем! Прымаем! — ціха гуў, нібыта шыпеў, натоўп.

— Добра. А цяпер кажыце мне, хто з вас памяць любаснай маёй матухны ў вершах зьняважыў?

Стральцы сумеліся; нядобра ім падалося выдаваць таго, хто ў цяжкую хвілю быў іхным суцяшальнікам; аднак, трохі павагаўшыся, наважыліся выканаць гэтае патрабаваньне начальства.

— Выходзь, Хведзька! Нябось! Выходзь! — пранеслася па натоўпе.

Наперад выйшаў бялявы хлапчына і стаў перад граданачальнікам. Вусны яго падрыгвалі, нібы хацелі скласьціся ва ўсьмешку, але твар быў белы, як прасьціна, і зубы калаціліся.

— Дык гэта ты? — загагатаў Бародаўкін і, адышоўшы крыху, нібыта каб разглядзець вінаватага ўва ўсіх падрабязнасьцях, паўтарыў: — Дык гэта ты?

Відаць, у Бародаўкіну ішла барацьба. Ён думаў, ці адразу даць Хведзьку ў храпы, ці як іначай пакараць. Нарэшце, кару ён прыдумаў, зьмяшаную, так бы мовіць.

— Слухай сюды! — сказаў ён, зьлёгку падправіўшы Хведзькаву сківіцу. — Паколькі ты памяць маёй любаснай матухны зьняславіў, дык табе ж ад гэтага дня належыць гэную каштоўную мне памяць у вершах усхваляць і вершы тыя да мяне прыносіць!

На гэтым слове ён загадаў даць адбой.

У той самы вечар, замкнуўшыся ў кабінэце, Бародаўкін пісаў у сваім рэгістры такога кшталту пазнаку:

«Гэтага 17 верасьня, пасьля труднага, але слаўнага дзевяцідзённага паходу, адбылася найрадасьнейшая і найчаканейшая падзея. Гарчыца зацьверджана паўсюдна і заўсёдна, прычым не было пушчана ў расход аніводнай кроплі крыві».

«Апрыч той, — іранічна дадае летапісец, — што была пралітая ля ваколіцы Гнойнай слабады і ў памяць каторай дагэтуль сьвяткуецца ўрачыстасьць, называная сьвістапляскаю...»

Усіх войнаў «за асьвету» было чатыры. Адна зь іх апісана вышай, з трох астатніх першая мела на мэце растлумачыць дурноўцам карысьць ад майстраваньня пад дамамі каменных фундамантаў; другая ўзьнікла пасьля адмовы месьцічаў садзіць пэрсыдзкі рамонак, і трэцяя мела за нагоду шырокую пагалоску пра залажэньне ў Дурнове акадэміі.

Зазвычай ранкам Бародаўкін, напіўшыся гарбаты, клікаў покліч; зьбягаліся цынкавыя жаўнерыкі, вокамгненна наліваліся крывёю і чым дух беглі да места. Такім парадкам Бародаўкін дамогся таго, што па некалькіх гадох аніводзін дурновец ня мог паказаць на сваім целе месца, што не было б адлупцаванае.

Але наколькі б бліскучымі не падаваліся атрыманыя Бародаўкіным вынікі, па сутнасьці былі яны далёка не дабратворныя. Сваволю вынішчылі — то праўда, але ўвадначас зьмізарнеў і прыбытак. Жыхары панурылі галовы і нібыта счаўрэлі; несхаць працавалі яны ў палёх, несхаць вярталіся дахаты; несхаць сядалі за мізэрную вячэру і сноўдалі з кута ў кут, нібыта ўсё ім абрыдла. А да таго яшчэ дурноўцы насеялі гарчыцы і пэрсыдзкага рамонку столькі, што цэны на гэтыя прадукты зьнізіліся дашчэнту. Наступіў эканамічны крызіс, і не было ні Малінары, ні Бязладнага, каб патлумачыць, што акурат гэта і ёсьць сапраўдны росквіт.

У тую самую пару, нібы на сьмех, усчалася ў Францыі рэвалюцыя, Бародаўкін атрымаў ліст, дзе яму рэкамэндавалася: «З нагоды вядомай вам аказіі мусіце пільна глядзець за тым, каб гэтае непапраўнае зло выкаранялася бяз жаднага недагляду».

Пачаўшы зьбіраць даніну, ён са зьдзіўленьнем і сердаваньнем угледзеў, што двары пустыя і калі трапляла якая кура, дык і тая была сухарлявая ад бяскорміцы. Але, паводле звычаю свайго, ён прааналізаваў гэты факт ня проста, а з свайго арыгінальнага гледзішча, то бок угледзеў у гэтым бунт, учынены на той раз ужо не празь невуцтва, але празь лішкі асьветы.

— Вольны дух завялі! Рассыцелі! — роў ён бяз памяці. — На французаў пазіраеце!

І тады пачаўся новы шэраг паходаў — ужо паходаў супраць асьветы. Але падаткі затрымліваліся. Надыходзіла хвіліна, калі ён застаўся б на руінах адзін із сваім сакратаром, і Бародаўкін дзейсна рыхтаваўся да тае хвіліны. Але провід таго не папусьціў. Ужо былі сабраныя гаручыя матэрыялы для спаленьня гораду, як раптам Бародаўкіна ня стала... «Усіх змарнатравіў ён, — кажа з тае нагоды летапісец, — так, што нават папоў, каб яго адпець, не знайшлося. Мусілі гукнуць суседняга капітан-спраўніка, каторы і засьведчыў зыход яго шматмяцежнага духу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?