Беларускамоўная ў жыцці, пасля страты працы дзяўчына развіталася і з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі.

У свае 22 гады Даша Яцэвіч мае нядрэннае CV: удзел у камерным хоры і курсах журналістыкі ў БДУ, праца на буйным рэкламным партале, арганізацыя рэкламных фэстаў. І да ўсяго гэтага старшынства ў суполцы БРСМ на родным факультэце Міжнародных эканамічных адносінаў БДЭУ. Аднак кожная з гэтых пасадаў даліся Дашы, як кажуць, крывёю і потам. Болей за тое, з часам высветлілася, што Даша, беларускамоўная рэклама і БРСМ — не сумяшчальныя.

«Я была сакратаркай БРСМ на сваім факультэце два гады запар, — распавядае Даша ў час кароткай сустрэчы, на якую яна ледзь знайшла час паміж парамі ва ўніверсітэце, грамадскай дзейнасцю і працай. — Плюсы гэтай арганізацыі ў тым, што яна мае грошы, а ты вучышся іх выкарыстоўваць так, як хочаш».

«Там ёсць розныя кірункі працы, я займалася інфармацыйнай падтрымкай: гэта падтрымка сайту факультэту МЭА і ўнівэрсітэцкага сайта БРСМ. Яшчэ мы выпускалі газету „Студэнцкі весьнік“.

— Калі ты ўвогуле патрапіла ў БРСМ?

— Яшчэ са школы. Я сама вясковая. Школка ў нас маленькая. І нам вельмі хацелася чым-небудзь займацца, але акрамя БРСМа нічога не было. Падчас маёй школьнай дзейнасці ў БРСМ мы арганізоўвалі розныя гульні паміж школьнікамі і настаўнікамі, удзельнічалі ў міжнародным руху супраць СНІДу. Не скажу, што мы ўступалі прымусова, проста ў нас былі цікавыя арганізатары і альтэрнатыўнай арганізацыі не было».

— А зараз ты больш не займаешся актыўнай дзейнасцю ў БРСМ? Не стае часу?

— Не зусім. Раней я працавала на буйны рэкламны партал, яны былі аднымі з арганізатараў фестываля рэкламы, і я таксама ўдзельнічала ў арганізацыі гэтага фестываля. На той час была таксама сакратаркай БРСМ на факультэце. Арганізатары даведаліся і сказалі мне: «Ты ў БРСМ. Так нельга. Ты ня можаш быць піяр-менеджарам фестываля. Гэта моцна б’е па яго прэстыжы».

Так мяне звольнілі. Сітуацыя ўвогуле надзвычайная: зазвычай прыніжаюць моладзь, якая не ў БРСМ, а тут усё наадварот. Потым я знайшла іншую працу, дзе нікому няма справы да маёй дзейнасці і ўжо не стае часу для БРСМ».

— Што б ты хацела змяніць у БРСМ?

— Я лічу, што галоўнае для студэнта — гэта права выбару. Я б не навязвала б сяброўства ў БРСМ. Калі студэнту падабаецца тое, што яны робяць, ён добраахвотна уступіць. Але я б не хацела зноўку займацца актыўнай дзейнасцю ў БРСМ. Мяркую, што гэта няправільна, калі няма альтэрнатывы гэтай арганізацыі. Варта стварыць канкурэнцыю для БРСМ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?