У сваім паведамленні агенцтва таксама ўказвае на павышэнне краінавых і галіновых рызык у банкаўскім сектары Беларусі.

Рэйтынгавае агенцтва змяніла ацэнку эканамічнай рызыкі Беларусі з 9 да 10. У абгрунтаванні сказана: такая ацэнка адлюстроўвае меркаванне агенцтва аб тым, што Беларусь зведвае выключна высокую рызыку ўзнікнення эканамічных дысбалансаў, выключна высокую крэдытную рызыку ў эканоміцы і вельмі высокую рызыку парушэння эканамічнай устойлівасці.

«Мы ацэньваем эканамічны рост як адносна няўстойлівы, інфляцыю — як высокую і якая расце, эканоміку — як арыентаваную на экспарт, якая моцна залежыць ад знешняга попыту і цэн на сыравінныя тавары. Высокая палітычная рызыка ў Беларусі зніжае прадказальнасць палітыкі, а магчымыя змяненні ў складзе цэнтралізаванай улады могуць прывесці да эканамічнага ўзрушэння ці абвастрыць яго», — адзначаюць у Standard & Poor`s.

Канстатуючы павышэнне ступені эканамічнай рызыкі, агенцтва прыняло рашэнне змяніць ацэнку краінавых і галіновых рызык банкаўскага сектара Беларусі (Banking Industry Country Risk Assessment — BICRA).

Агенцтва панізіла ацэнку BICRA для Беларусі і перавяло краіну з групы 9 у групу 10. «Наша ацэнка галіновай рызыкі „10“ адлюстроўвае вельмі высокія, на наш погляд, рызыкі, звязаныя з інстытуцыйнай сістэмай і якасцю канкурэнтнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, а таксама выключна высокія рызыкі, звязаныя з рэсурснай базай банкаўскага сектара», — гаворыцца ў абгрунтаванні рашэння.

Паводле меркаванні экспертаў Standard & Poor`s, калі беларускі ўрад «не зможа пераадолець тэндэнцыю да пагаршэння эканамічных паказчыкаў, найперш у дачыненні да знешніх рэзерваў, то банкаўская сістэма будзе схільная да рызыкі ўстойлівага пагаршэння якасці актываў і паказчыкаў прыбытку».

У экспертаў агенцтва няма ўпэўненасці ў тым, што беларускі ўрад зможа аказаць падтрымку банкаўскай сістэме, у якой дамінантнае становішча займаюць дзяржбанкі.

«Рост дэфіцыту па рахунку бягучых аперацый, зніжэнне ўзроўню рэзерваў і валацільнасць валютнага рынку значна павялічваюць націск на паказчыкі крэдытаздольнасці ўрада, што негатыўна ўплывае на яго здольнасць аказваць далейшую падтрымку банкаўскаму сектару ў выпадку неабходнасці», — адзначаюць эксперты Standard & Poor`s.

BICRA — сістэма, распрацаваная Standard & Poor`s для ацэнкі і параўнання банкаўскіх сістэм розных краін. Аналіз BICRA у межах кожнай асобнай краіны ахоплівае фінансавыя інстытуты, якія як маюць, так і не маюць рэйтынгаў, што прымаюць уклады, выдаюць крэдыты ці сумяшчаюць абодва віды дзейнасці. У адпаведнасці з градацыяй BICRA краіны падраздзяляюцца на групы ў залежнасці ад узроўню рызык у іх банкаўскіх сектарах — ад групы 1 (краіны з найменшымі рызыкамі) да групы 10 (краіны з найбольшымі рызыкамі). Акрамя Беларусі да групы 10 адносяцца В`етнам і Грэцыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?