Аляксандр Лукашэнка незадаволены працай урада. Крытыку рашэнняў урада Лукашэнка выказаў сёння на нарадзе па пытанні распараджэння дзяржаўнай маёмасцю, паведамляе БелТА. Лукашэнка пры гэтым выглядаў стомленым, пад вачыма ў яго былі вялікія мяшкі.

«Трэба пачынаць працаваць не ў кабінетах, а непасрэдна на зямлі, прадпрыемствах з працоўнымі і сялянамі, тады вы зразумееце, што такое рынак, як жыве сёння селянін, рабочы, ды і ўжо вялікая частка інтэлігенцыі, — у папулісцкім духу заявіў Лукашэнка. — Хутка мы будзем сапраўды хадзіць у крамы, як у музеі». Пасля ён паправіўся наконт крамаў: «Мы-то не будзем, але большая частка насельніцтва будзе туды прыходзіць, каб паглядзець на рынкавую эканоміку Мясніковіча — Румаса».

Лукашэнка і ў мінулым браў на сябе гонар поспехаў, а няўдачы спісваў на ўрады. Але гэтым разам пытанне заключаецца не толькі ў тым, «хто вінаваты», але і «што рабіць». Два розныя падыходы прагучалі на апошнім пасяджэнні ўрада, дзе прэм’ер Мясніковіч даў адлуп старому памочніку Лукашэнкі Ткачову. Мясніковіч выказаўся рэзка супраць працягу друкавання пустых грошай. Ткачоў быў за ўзмоцненае крэдытаванне эканомікі, што раўназначна друкаванню паперак.

І вось Лукашэнка ўстаў на бок Ткачова: «Мяне апошнім часам усё больш і больш насцярожвае праца нашага ўрада.

Я не хачу даваць нейкіх ацэнак, скажу толькі адно, што вы значна саступаеце ранейшаму ўраду».
Апошнія прапановы, не ведаю, хто з’яўляецца іх ідэолагам, ідуць насуперак з тымі рашэннямі, якія вызначыў Усебеларускі народны сход. А гэта ўжо недапушчальна»,
 — папярэдзіў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, калі ва ўрадзе ёсць жаданне ўсё і ўсіх перавесці на рынак, аддаць у прыватныя рукі, то «нам такая палітыка непрымальная».

Далей ён ізноў разбавіў свой выступ папулісцкай дэмагогіяй: «Калі вы не згодныя з тым, што я кажу, давайце ўсіх вас перавядзем на жыццёвыя асновы, тыя рэйкі, па якіх рухаецца сёння небагатая частка насельніцтва, а ў нас гэта большасць насельніцтва. Паспрабуйце вы пажыць у гэтых умовах. Вось тады вы, мабыць, зразумееце, што такое чысты рынак і як мы ў гэтай сітуацыі павінны дзейнічаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўрада.

Звяртаючыся да прэм’ер-міністра Міхаілу Мясніковічу, Лукашэнка сказаў: «Вы ж чалавек дасведчаны, добра, пару маладых, жвавых хлопчыкаў у вас ва ўрадзе, але вы выдатна разумееце, што асабліва ў нашай сітуацыі вельмі часта нам даводзілася раней і прыйдзецца надалей ўручную рэгуляваць некаторыя працэсы».

Выказаўся Аляксандр Лукашэнка таксама і з нагоды апошняга пасяджэння ўрада. «Мяне ўжо пяты чалавек праінфармаваў, як вы яго правялі. Я думаю, мы цяпер прааналізуем ў Адміністрацыі ўсю вашу працу, публічную, не публічную, і потым дамо вам ацэнку», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка зноў падкрэсліў, што патрабуе прытрымлівацца той палітыкі, якая «выпрацавана усебеларускім народным сходам і прэзідэнтам». «Вы сфармаваныя прэзідэнтам пад пэўную задачу», — сказаў ён, звяртаючыся да ўрада.

Гэты

выступ можна расцэньваць як рэакцыю кіраўніка дзяржавы на аўторкавы выступ у Саўміне прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, які знішчальна раскрытыкаваў памочніка Лукашэнкі па эканоміцы. Мясніковіч выказаўся супраць далейшага эмісійнага фінансавання дзяржпраграм і друку «пустых грошай». Мясніковіч публічна прызнаў, што на праграмы жыллёвага будаўніцтва і будаўніцтва сельскагаспадарчых аб’ектаў на 2011 год дзяржава мела «нуль рублёў». Гэтыя грошы былі надрукаваныя з паветра, што і выклікала абвал рубля, інфляцыю і звязанае з гэтым фактычнае абрабаванне насельніцтва.

Раней віцэ-прэм’ер Сяргей Румас крытыкаваў курс мінулых гадоў, калі шляхам пампавання грошай у будаўніцтва набіралі рост валавога ўнутранага прадукту і заваёўвалі падтрымку насельніцтва.

Мясніковіч і Румас маюць амплуа найбольшых рыначнікаў у сённяшнім кіраўніцтве краіны.

Хоць яны наўпрост не крытыкавалі Лукашэнку — за гэта ў нашай краіне пагражае турма — але сваімі заявамі яны раскрылі сутнасць афіцыйнага курсу на інфляцыйны рост.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?