Этгар Керэт. «Кіроўца, аўтобуса, які хацеў стаць богам». Мн.: 2007. Пераклад Паўла Касьцюкевіча.

1 лютага Ізраільскі Культурна Інфамацыйны Цэнтар пры Амбасадзе Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь супольна з выдавецтвам «Логвінаў» прэзэнтаваў першую кнігу ізраільскага пісьменьніка па‑беларуску. З фуршэтам.

— Ааа, глядзіце, што робіць! – давіўся сьмехам літаратурны бамонд у куце фуршэтнай залі, — Куды пацягнуў!

— Аааа, глядзі, другую! Другую!

Прыкладна з такімі воклічамі літбамонд назіраў, як паэт, мастак, пэрформэр і літкансультант кнігавыдавецтва «Логвінаў» Зьміцер Вішнёў цягае прастаўленыя амбасадай бутлі гарэлкі «Фінляндыя» з фуршэтнага стала ў торбу таварышча.

«Фінляндыя» – кашэрная гарэлка. Цяпер мы гэта ведаем.

— Трэцяя пайшла! – паміраў літбамонд, ні на хвіліну не пакідаючы свайго кута: бамонд шчыльна затуляў сьпінамі чацьвёртую, амаль поўную пляшку гарэлкі «Фінляндыя», ратуючы яе такім чынам ў імя Дзяржавы Ізраіль – і крышачку для сябе.

…А пачыналася ўсё вельмі прыстойна і вельмі па‑ізраільску – з мэталашукальніку і вобшуку, які прайшоўшыя гэтую неабходную працэдуру літаратары ахрысьцілі «пэйс‑кантролем». Пасьля была прамова спадара Зэева Бэн‑Ар’е — амбасадара Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь – куды менш афіцыёзная, чым гэты вось тытул. У ёй казалася пра тое, што «забіць двух зайцаў» – вельмі крыважэрны выраз, бо спадар амбасадар – за адраджэньне вушастых, а таксама пра важнасьць ізраіле‑гебрэйскіх культурных кантактаў і сьвятасьць перакладчыцкай справы – апошняе магло б сагрэць сэрца любога, хто калі‑небудзь браўся перакладаць літаратуру. Імпрэзу запоўніў сьпевамі і чытаньнем навэлаў Керэта выбітны шоў‑мэн Аляксандар Памідораў. (На жаль, толькі па ініцыятыве замежных амбасадаў у Беларусі практыкуецца мастацкае чытаньне літаратуры прафэсіяналамі…) Але, безумоўна, зрабіў вечар сам перакладчык – Павал Касьцюкевіч, які апынуўся ня менш бліскучым эсэістам. Ён бажыў са сцэны, і не было сумневаў, што зусім не кабеце рэдактар «Нашай нівы» Андрэй Дынько зьбіраецца прэзэнтаваць глямурны букет ружаў…

— Уладзімеру, мне здаецца, самы час зрабіць гэта! – зьвярнуўся Андрэй Хадановіч да Ўладзімера Арлова.

— Я гатовы, Андрэй! – Адказаў Арлоў, і парачка перасякла залю, навіснуўшы над героем вечару. Трэба сказаць, нічога не выдавала ў Паўле Касьцюкевічы перакладчыка зь іўрыту і грамадзяніна Ізраілю – ну, хіба што субтрапічны загар і нагавіцы «мілітары»… Ён запытальна ўзьняў на Хадановіча з Арловым ясныя славянскія вочы.

— Павал, — зычліва заўсьміхаліся Хадановіч з Арловым, — дык хто ж такі хацеў стаць богам – кіроўца ці аўтобус?

Наведнікі прэзэнтацыі і першыя пакупнікі кнігі ужо ведаюць адказ. Справа за табой, шаноўны аматар літаратуры. Тым больш што, калі прыслухоўвацца да заўваг аўтарытэтных крытыкаў, выслаўленых ПЕРАД апісаным фуршэтам, «Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць богам», — найлепшае, што зьявілася апошнім часам прозай па‑беларуску.

Абеларушчаная проза Эдгара Керэта ў сеціве:

«АДЫДАСЫ»

«ДЗЯЎЧЫНА НА ЛЯДОЎНІ»

М.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?