10.11.2011 / 17:24

Энцыклапедыя Мінска. Царква Святога Духа 18

Найбольш значныя мясціны і будынкі беларускай сталіцы — у новым праекце гісторыка Алега Дзярновіча «Энцыклапедыя Мінска».

Сэрца новага Менска

Гэтая царква паўстала на Высокім Рынку Менска ў XVII ст. і была ядром двух базыльянскіх (уніяцкіх) кляштараў — жаночага і мужчынскага.

Першапачатковы Менск меў традыцыйную сярэднявечную структуру — радыяльна-канцэнтрычную, калі асноўныя вуліцы разыходзіліся ад замка. Вялікі пажар 1547 г. паспрыяў змене планіроўкі горада. Вялікі князь Жыгімонт Аўгуст загадаў перанесці «на іншае месца рынак і некаторыя вуліцы». На пагорку, што ўзвышаўся з усходу над старажытным Менскам і быў заселены яшчэ з ХІІ ст., пачалі ствараць новы гарадскі цэнтр.

Гэта быў цэнтр магдэбургскага горада: галоўныя будынкі месціліся ўжо не ля замка (рэзідэнцыі вялікакняскага намесніка, а пазней ваяводы), а на рынкавым пляцы, побач з ратушай.
Унікальныя роспісы
Там і ўзнікае комплекс уніяцкіх манастыроў з царквой Святога Духа.
Яшчэ ў пачатку 30-х гадоў XVII ст. на ратушным пляцы мелася вольнае месца пад назваю «Лужа», якое ў 1636 г. перадалі мужчынскаму манастыру для будаўніцтва мураванай царквы. А 
імпульсам да пачатку будоўлі стала, падобна, ахвяраванне ў 1634 г., паводле тастамента, на карысць манастыра 2000 залатых багатым полацкім месцічам.

У 1641 г. па фундацыі троцкай кашталянкі Зузаны Гансеўскай побач з мужчынскім быў заснаваны яшчэ і жаночы ўніяцкі манастыр. Але вольнага месца, каб паставіць царкву манашкам, на тэрыторыі плошчы Верхні рынак не было.

Царква Святога Духа, якая тады будавалася, стала супольнай для двух манастыроў — мужчынскага і жаночага, што было рэдкай практыкай у манастырскім дойлідстве.

Жаночы манастыр быў злучаны з царквою крытай двух’яруснай галерэяй: манашкі маглі трапляць у сваю царкву, не выходзячы ў горад.

Архітэктурна-мастацкае вырашэнне царквы зрабіла яе адной з самых адметных хрысціянскіх бажніцаў Менска ХVII ст.

Яе франтон быў створаны яўна пад уплывам Паўночнага Рэнесансу. Нечаканым быў фрэскавы роспіс — арачныя нішы з выявамі святых. Фактычна, іканастас вонкі.
Такі сінтэз архітэктуры і манументальнага жывапісу рэдкі для культавага дойлідства Еўропы.
Яго можна лічыць унёскам Беларусі ў сусветную архітэктурную традыцыю. У Беларусі ж XVII ст. многія цэрквы, найперш праваслаўныя, мелі на фасадах цэлыя ансамблі фрэскавага жывапісу.

Царква трымала маскоўскую аблогу

Да 1650-х гадоў будаўніцтва царквы і манастыроў было скончана, бо ў 1651 г. уніяцкі мітрапаліт Антоні Сялява наказаў у спадчыну манастыра базыльянак 20 000 злотых. Пры гэтым мітрапаліт выказаў толькі адно пажаданне — быць пахаваным у царкве Святога Духа. Ці ні яго парэшткі адшукалі будаўнікі, раскопваючы падмуркі падчас аднаўлення царквы?

Царкву пачалі ўзводзіць, калі ў Менску ўжо быў насыпаны, на загад караля Уладзіслава Вазы, гарадскі вал з парканам і брамамі. Але храм меў і абарончыя функцыі, якія былі выкарыстаныя ў часы вайны Рэчы Паспалітай з Масковіяй у 1654—1667 гг.

Ператварэнне ў пірожнае

Адметны вобраз комплекс базыльянскіх манастыроў з царквой Святога Духа захаваў да расійскіх часоў.
У 1795 г. царква Святога Духа стала праваслаўным кафедральным саборам Святых Пятра і Паўла. Абмеры 1843 г. даносяць да нас аблічча царквы, якая яшчэ захоўвала ўніяцкія рысы.

Злом ранейшага ладу жыцця не мог не адбіцца на абліччы царквы. У 1840-я адбылася першая значная перабудова — фасад страціў рысы хвалістага рэнесансу і прыдбаў дзве лаканічныя вежы-званіцы. Частку скляпенняў разабралі, узвялі купал.

Славуты апісальнік Менска ХІХ ст. Уладзіслаў Сыракомля ў 1857 г. называў Петрапаўлаўскі сабор «цу-доўна адноўленым».

Радыкальная ж перабудова адбылася ў 1893 г., калі царква стала трохнефавай і набыла рысы маскоўска-яраслаўскага стылю ў яго эклектычным і казённым прачытанні. З-за густога дэкору царква стала нагадваць вялікае салодкае пірожнае.

Піўбар «Ясень»

Цэнтральнае размяшчэнне Петрапаўлаўскага сабора выклікала непрыязнасць у новай, бальшавіцкай улады. У 1936 г. саспеў загад пра разбурэнне царквы.

На той час у Менску існавала прафесійная каманда, здольная бурыць падобныя аб’екты без шкоды для навакольнай забудовы. Стваральнікам каманды быў Пятро Грыгарэнка — у будучым генерал, савецкі дысідэнт і праваабаронца.

У 1934–1936 гадах ён служыў начальнікам штаба асобнага сапёрнага батальёна ў Віцебску. У 1934 г. так прафесійна падарваў будынак Успенскага сабора, што быў прэміяваны. У сваёй культавай кнізе «У падполлі можна спаткаць толькі пацукоў…» дысідэнт Грыгарэнка назаве тую прэмію «ўласнымі 30 срэбранікамі».

У 1936 г. Грыгарэнка быў пераведзены ў Менск, дзе служыў камандзірам 52-га асобнага інжынернага батальёна Менскага ўмацаванага раёна, які пазней кан’юнктурныя публіцысты назавуць «Лініяй Сталіна». Грыгарэнка паспеў яшчэ знесці ў Менску будынак Казанскай (Чыгуначнай) царквы, не пашкодзіўшы нават шкельца ў суседнім Доме ўрада. Ад удзелу ў далейшых разбурэннях ён адмовіўся. Петрапаўлаўскі сабор знішчалі без Грыгарэнкі.

Вызваленае месца ўлады не ведалі, чым заняць. Там размяшчалі вандроўны звярынец, дэсакралізуючы месца царквы. Мінчанам 1960–1980-х гэты куток горада вядомы як піўны бар «Ясень», металічны павільён якога паставілі акурат на падмуркі храма.
Эфектна выглядала ў бары плітка падлогі, выкла-дзенай у чорна-белым арнаменце шахматнай дошкі. Гэтая плітка захавалася яшчэ ад падлогі царквы.

Інтрыгі аднаўлення

У 1979 г. быў распрацаваны першы праект рэканструкцыі царквы Святога Духа. Прапаноўвалася аднаўленне пачатковага выгляду святыні. Гэта выклікала энтузіязм. Здавалася, ад планаў па знішчэнні Верхняга горада ўлады БССР пяройдуць да яго рэканструкцыі. Дарэчы, у інтэлектуальным сэнсе большасць сённяшніх праектаў рэстаўрацыі — рэалізацыя планаў 1980-х, бо апошняе дваццацігоддзе было ў гэтым сэнсе інтэлектуальна страчаным.

Горадабудаўнічая сітуацыя патрабавала вырашэння праблемы пустэчы ў цэнтры Верхняга горада.

У 2004 г. мітрапаліт Філарэт звярнуўся да тагачаснага старшыні Мінгарвыканкама Міхаіла Паўлава з прапановаю пабудовы на месцы царквы Святога Духа праваслаўнай капліцы. Гэтым, відавочна, меркавалася «замацаваць» месца. Але мінскія ўлады не пайшлі на парушэнне зацверджанай канцэпцыі рэканструкцыі Верхняга горада.

У 2009 г. пачалося аднаўленне. Праект патранаваў новы граданачальнік Міка-лай Ладуцька, які асабіста ўдзельнічаў у афіцыйным адкрыцці будынка 10 верасня 2011 г. Цікава, што сярод уладнай вертыкалі з’явілася пэўная мода на падтрымку падобных прэстыжных праектаў.

Як толькі інфармацыя пра рэканструкцыю будынка трапіла ў прэсу, група свецкіх грэка-каталікоў звярнулася да Лукашэнкі з просьбай дазволіць адбудаваць менавіта ўніяцкую царкву. У лісце Мінгарвыканкама ў адказ паведамлялася, што праект па аднаўленні будынка колішняй царквы «ў першапачатковым выглядзе як гістарычна-культурнага, а не культавага аб’екта» быў распрацаваны яшчэ ў 1984 г.

Такім чынам, мы маем не саму царкву Святога Духа, а рэканструяваны будынак, прыстасаваны пад канцэртную залу дзіцячай філармоніі «Верхні горад».

У чым здабыткі?

Беларускія рэстаўратары пераўзышлі сябе — упершыню за апошні час у адноўленым будынку захаваныя гістарычныя падмуркі, печы і дымаходныя каналы, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак. Паводле крытэрыяў Міжнароднай рады па пытаннях помнікаў і гістарычных мясцінаў такі аб’ект лічыцца помнікам.
У адрозненне, дарэчы, ад Мінскай ратушы, якая ёсць чыстым муляжом, бо ўсе гістарычныя падмуркі былі выкінутыя каўшом экскаватара.

Рэстаўратары не здолелі аднавіць фрэскі на фасадзе. І шкада, што франтон не быў увенчаны крыжам — пэўная незавершанасць яго адчуваецца.

Багата пытанняў выклікае і бакавая службовая прыбудова ў стылі 1970-х. Гэтую гульню стыляў можна было зрабіць і больш карэктна. Затое адноўленая галерэя зноў спрабуе знітаваць у адзіны ансамбль расцярушаныя будынкі былога базыльянскага комплексу.

Застаецца спадзявацца, што

станоўчы досвед, здабыты пры аднаўленні царквы Святога Духа, рэстаўратары выкарыстаюць у іншых аднаўленчых працах.

Алег Дзярновіч; фота: Сяргей Гудзілін

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Polka / Адказаць
10.11.2011 / 18:03
Рэдaкцыя, кaлi лacкa, вярнiцe cтaры фoрмaт фoтaздымaк! Гэты нe прaцye дoбрa! Кaлi я ўключy фoты, нeмaгчымa вярнyццa нa „гaлoўнae”. Cтaры фoрмaт был нaйлeпшы вa ўciм cycьвeцe. A зaрaз штo вы знaйшлi?
0
Таццяна / Адказаць
10.11.2011 / 18:11
Дарэчы, паглядзець як выглядала царква падчас абмераў, з фрэскамі і без, і ў "маскоўскім" варыянце можна на сайце radzima.org http://www.radzima.org/be/fota-albom/7084.html?id_gallery=5812
0
Барталамей / Адказаць
10.11.2011 / 19:00
Было бы варта перапахаваць у царкве фундатараў, чые рэшткі былі знойдзеныя пад час працаў і потым ці то зніклі, ці то былі таемна пахаваныя на нейкіх могілках. Людзі, дзякуючы якім Менск атрымаў такі цудоўны помнік, заслугоўваюць гэтага.
Паказаць усе каментары/ 18 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру