10 лістапада галоўны рэдактар недзяржаўнай газеты «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч быў выкліканы ў Генеральную пракуратуру. Падставай для выкліку стала публікацыя ў выданні артыкула «Народны сход як форма самаарганізацыі грамадзян».

Пасля сустрэчы з пракурорам кіраўнік газеты расказаў аб ёй карэспандэнту БелаПАН:

«Нават не чакаў, што адбудзецца такая добразычлівая гаворка, абмен меркаваннямі па той ролі, якая адведзена сродкам масавай інфармацыі ў сучасным грамадстве.
Вядома ж, была звернута ўвага на тое, што і „Народная воля“, і іншыя выданні павінны дзейнічаць строга ў адпаведнасці з нашым заканадаўствам. Любая палітычная сіла, любая рэдакцыя можа не пагаджацца з тым ці іншым палажэннем закона, але калі сёння гэты закон дзейнічае, то мы павінны захоўваць павагу да яго, усё ўзважваць і не дапускаць ніякіх скажэнняў.

У асноўным дыскусія ішла наконт публікацыі ў „Народнай волі“, якая звязаная з акцыяй „Народны сход“. Калі быць шчырым, я згодзен з пракурорамі на сто працэнтаў на той конт, што тыя ініцыятары, актывісты, якія бяруцца за наладжванне гэтай ці іншай акцыі, павінны дзейнічаць з тых крытэрыяў, якія з’яўляюцца галоўнымі ў тым ці іншым законе. Тут не можа быць дзвюх або некалькіх трактовак.

Мы павінны агітаваць людзей за больш актыўны ўдзел у грамадскім і палітычным жыцці, але ніхто не дае нам права пры гэтым парушаць пэўныя законы.
Я, як вопытны рэдактар, як журналіст з 50-гадовым стажам, яшчэ раз зразумеў, што
трэба ісці насустрач адзін аднаму, асабліва дапамагаць станаўленню дэмакратычнага грамадства».

Сярэдзіч прызнаўся: ён апасаўся, што будуць вынесены нейкія жорсткія санкцыі — папярэджанні, зварот да ўладных структур прыняць адпаведныя захады. «Не, адбылася вельмі цывілізаваная размова, — паўтарае ён, — і, думаю, карысная для абодвух бакоў. Як я зразумеў, сама пракуратура не выступае супраць менавіта такіх формаў самакіравання, актывізацыі грамадскай думкі, як народныя сходы. Але закон павінен дзейнічаць, ўсе мы павінны яго выконваць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?