22 верасня Уладзімер Кумец прыехаў з Польшчы ў Мінск да бацькоў. На наступны дзень у 16.00 нехта патэлефанаваў ім ў дзверы нібыта наконт рамонту пад’езда.

«Калі я адчыніла, у кватэру ўварваўся атрад амапаўцаў у поўнай амуніцыі — з дубінкамі і ў шлемах, бы касманаўты! (як стала вядома пазней, гэта была група захопу „Алмаз“ — НН). Мяне яны адразу адштурхнулі. Адны пайшлі ў пакой да старэйшага сына Антона, іншыя — да Валодзі. Я падумала, што прыйшлі па яго, раз прыехаў з Польшчы.
Я кінулася ў пакой да сына. Але амапавец у масцы не прапусціў, нават ударыў. Пытаю, за што вы мяне б’яце? Я ж не злачынца! Пасля чаго супрацоўнік у цывільным сказаў апамаўцу не чапаць мяне».

Валодзю павалілі на палогу, надзелі наручнікі. Тое ж зрабілі і з Антонам. На пытанне, з якой нагоды адбываецца затрыманне, чалавек у цывільным паказаў жанчыне нейкую паперу. Быццам быў перахоплены запіс, у якім нехта пад нікам «Антон» пагражаў забойствам іншай асобе. У сувязі з гэтым старэйшы сын Антон падазраецца па арт. 186 Крымінальнага кодэксу «Пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджванняў ці знішчэннем маёмасці».

Калі ж Алена спытала, за што забіраюць малодшага сына, ей адказалі «так трэба». Больш нічога не тлумачылі. Хлапцоў амапаўцы павезлі нібыта ў Фрунзенскі РУУС (пазней высветлілася, што гэта была хлусня). Затым людзі ў цывільным пачалі абшукваць кватэру. Некалькі чалавек паехалі рабіць вобшук на дачы Кумцоў.

«Мне яны не прадставіліся, назваліся супрацоўнікамі міліцыі. Не дазволілі патэлефанаваць мужу на мабільны. Не пусцілі нават папіць вады і схадзіць у прыбіральню. Быццам я злачынца…»
У выніку вобшука канфіскавалі ноўтбук Антона, за які, дарэчы, яшчэ не быў выплачаны крэдыт, і мабільныя тэлефоны абодвух сыноў. Акт вобшуку Алене на выдалі. Сыходзячы, супрацоўнікі ў цывільным сказалі жанчыне «ўсё будзе нармальна, разбярэмся» і што хлапцоў хутка адпусцяць. Калі «міліцыянеры» у цывільным сышлі, Алена адразу ж выклікала таксі і накіравалася ў Фрунзенскі РУУС. Аднак там сказалі, што нічога не ведаюць. Нікога не прывозілі.
«Я была ў шоку. Ніхто нічога не ведае. Потым дзяжурны кажа мне, як бы здзекуючыся, каб тэлефанавала ў КДБ і ў Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў».
Такім чынам, увесь гэты час жанчына не валодала аніякай інфармацыяй, дзе яе сыны, што з імі. Як і не ведала, хто іх забраў і канфіскаваў тэхніку. «Я званіла па ўсіх тэлефонах. Нарэшце даведалася: Кумца Антона адвезлі на Акрэсціна. На яго завялі крымінальную справу па арт.186 КК РБ. Прызначылі следчага — Раманчука Дзмітрыя Генадзевіча». Алена працягвала шукаць малодшага сына. На наступны дзень ёй такі далі тэлефон супрацоўніка КДБ, які дапытваў Уладзімера.

Жанчына прыгразіла, што калі сына не адпусцяць, яна паведаміць усю гісторыю журналістам. Неўзабаве патэлефанаваў сам Уладзімер. Сказаў каб не хвалявалася за яго, што скора будзе дома.

«І тут я ўсё зразумела. Чаму яго адпусцяць і што будзе — да мяне ўсё дайшло. Калі ён прыйшоў, я сказала, можаш нічога не казаць, я разумею… Ён кажа: мама я падпісаў… Я яму — ведаю. І ты паступіў правільна. Мы не зрабілі нікому нічога дрэннага. Нас прымусілі. Мы павінны ратаваць адзін аднаго».

Спадарыня Алена ўпэўнена, што Уладзімер падпісаў паперу з-за брата. Хоць не збіраўся выконваць указанні КДБ-шнікаў. І пакуль над Антонам вісела «крыміналка», ён прыняў рашэнне не паведамляць гэта ў СМІ. Пасля двух дзён на Акрэсціна Антона выпусцілі. Але крымінальную справу па 186-ым артыкуле на яго не спынілі. Быў прызначаны новы следчы — Сараканс Дзяніс Віктаравіч.

Праз месяц, напрыканцы кастрычніка, следчы паведаміў Антону, што справа зачынена.

Уладзімер Кумец адцягваў публічнае абвяшчэнне того, што ён падпісаў дамову з КДБ, каб дачакацца закрыцця «крыміналкі» на свайго брата. Маці Уладзімера падкрэслівае, што яе сын не збіраўся выконваць заданні супрацоўнікаў КДБ. Падпісаннем дамовы ён нікога не падставіў.

Улічваю гэта, ёй здаюцца дзіўнымі нядаўнія заявы Някляева у бок маладзёнаў, якія публічна заявілі пра факт падпісання дамовы з КДБ: «Я не разумею, у чым Някляеў вінаваціць майго сына. Што ён павінен быў зрабіць? Не падпісаць? Яго б забралі, катавалі. І брата забралі б таксама. Ці ён павінен быў здрадзіць свайму брату, сям’і?

Мне здаецца, што сваімі выказваннямі Някляеў сам здрадзіў не толькі Валодзі, але і ўсім тым хлопцам, якія верылі ў яго. Лічу, што Някляеву варта папрасіць прабачэння ва ўсіх моладзевых актывістаў».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?