У старым будынку вясковай Нарачанскай бальніцы зараз месціцца Дом сястрынскага догляду. Спецыфічныя пахі хваробы і старасці змяшаныя з пахам фарбы. «У нас рамонт робіцца», — тлумачыць мне дзяжурная сястра Яўгенія Семяновіч. Так, слова за слова, пачынаем гутарку…

Адразу ж запытваю, ці шмат цяпер пацыентаў. Бо хутка ж зіма — звяры і тыя прытулак шукаюць.

— У нас ёсць такія, хто і па тры гады ўжо тут жыве — і летам, і ўзімку, — расказвае жанчына. — Ёсць сіроты, ёсць зусім адзінокія, ёсць кінутыя… Я ўсіх шкадую.

Яны, як дзеці ў садку, — чакаюць, калі да іх прыйдуць, забяруць.
Але дзецям лягчэй, яны яшчэ не ўсё разумеюць, а нашы пацыенты — свядомыя. Асабліва цяжка на іх глядзець падчас святаў. Чакаюць… З самай ранічкі чакаюць… А да іх ніхто не ідзе, не едзе…

Вясковая бальніца сястрынскага догляду — гэта месца зусім не для экскурсій, святаў і справаздач аб шчаслівай старасці. Хаця ніводзін з пацыентаў не паскардзіўся мне на кепскія ўмовы ці харчаванне.

«Усё ёсць, — кажуць. — Абы памерці…»

У звычайных палатах — па тры-чатыры чалавекі. Ёсць палаты і на аднаго, і на дваіх… Касцёл шмат дапамагае старым. Прыносяць цукеркі, тэпцікі, розныя рэчы… Дзеткі перад насельнікамі ўстановы выступаюць…

Але ў іх вачах — безвыходнасць.

— У мяне дзеці памерлі. Застаўся толькі ўнук. П’е… — пачынае расказ адна з жанчын, але не знаходзіць сіл працягнуць далей гаворку. Ну і я маўчу, бо нават спытаць імя і прозвішча ў такой сітуацыі няёмка…

Зінаіда Уліцкая трымаецца за спінку ложку і за хадункі:

— У нас ува ўсіх падобныя гісторыі. Ад мяне сыны адмовіліся. Сказалі: «Не прыедзем. Ты нас малых не гадавала». А я ж іх вырасціла, вяселлі ім справіла. Папракалі мяне, што я ўсё ў калгас хадзіла.

Дык я ж працавала, грошы зарабляла. Усё ім аддавала.
400 еўра сыну дала. Прасіла, каб яны мяне хоць пахавалі… Не, мае не алкаголікі. Адзін сын, Віктар, у Вілейцы працуе старшынёй сельсавета, другі — тут непадалёк на ферме. Унукі ёсць…

Мне ўжо 83 гады. Так крыўдна! І дом мой стаіць у Чарэмшыцах, і дзеці жывыя, і ўнукі ёсць. А вось няма дзе жыць. У дом свой не магу нават патрапіць. Я ж з хадункамі. Тут, у бальніцы, ежа добрая, мы не галодныя. Але ці ж гэта жыццё?!

Хаця да мяне сястра прыязджае. Кажа: «Мы цябе не кінем». Але я і сама да яе не паеду. У яе ёсць муж. Не думаю, што яму гэта спадабаецца. Сястра, калі да мяне прыедзе, дык заўсёды навязе ўсяго — і каўбасы, і памідораў, і агуркоў… Усяго хапае. Але вось бачыце, як і дзе маё жыццё завяршаецца…

Заходжу ў палату насупраць. Адна жанчына сталага веку ляжыць, нібы нябожчыца, — схуднелы жоўты твар, выцягнулася, як статуя, на маё «Добры дзень!» ніяк не рэагуе. А вось яе суседка нечаканай госцяй зацікавілася. Сказала ціха, што завуць яе Ірына, прозвішча Вансовіч.

— Вось ляжу тут, хварэю. Што ж пра сябе распавесці? Я самая меншая была ў сям’і. Адна засталася. У нас з мужам дзяцей не было. Як мне аперацыю зрабілі, ён вельмі перажываў. Вось сэрца і не вытрымала. Я пасля той аперацыі ўсё яшчэ жыву, а ён памёр. Дом мой тут, у Нарачы, стаіць. Кватаранты былі, але цяпер зусім пусты… А як я?.. Узгадваю сваё жыццё ўвесь час. 84 гады — і нікога роднага. Толькі жонка стрыечнага брата калі-нікалі прыйдзе. Я на яе дом перапісала. І больш нікога… Але вы не думайце, я ні на што не скарджуся. Тут ежа смачная, я дома, канешне, не гатавала б так штодня… Але цяжка, вельмі цяжка…

Пацыенты гэтага Дома сястрынскага догляду раней былі на розных прыступках сацыяльнай лесвіцы. Цяпер жа яны маюць аднолькавы статус. Сярод іх былыя супрацоўніцы мясцовага льнокамбіната, тутэйшага маслазавода і нават вядомыя на ўсю краіну асобы.

Заслужаны трэнер па лёгкай атлетыцы, гонар беларускага спорту Сямён Батвіннік таксама мае ў доме свой ложак.
У свой час ён падрыхтаваў больш за дваццаць майстроў спорту, некалькі дзясяткаў кандыдатаў у майстры і першаразраднікаў. Шмат гадоў Сямён Батвіннік працаваў старшым трэнерам зборнай БССР. І вось…

Выдатны, заслужаны чалавек. Дзеці не спіліся, не згуляліся — з’ехалі ў ЗША, зачапіліся за жыццё. А яго вось якая старасць напаткала. Пасля таго як жонка Батвінніка памерла ад раку, ён ад гора аслеп. Зараз дажывае век тут, у Нарачанскай бальніцы. Не ведаю, як там пачуваюцца ў ЗША ягоныя дзеці, але не такі догляд заслугоўвае бацька. Не дай Бог ім самім, як кажуць…

Па ўсім бачна, што персанал, а гэта жанчыны, робіць што можа — даглядае сваіх пацыентаў. Іх жа трэба і памыць, і пазногці прывесці да ладу, пераварочваць ляжачых па некалькі разоў, сачыць, каб не паваліліся з ложку на падлогу… А гэта ўсе не проста, бо «спецмэбля» ўстановы ледзь не таго ж веку, што і насельнікі Дома сястрынскага догляду. Так, на некаторых ложках замацаваны звычайныя дошкі. Нібы загарадкі. Медсястра адразу патлумачыла, што проста не знайшлі іншага выйсця: шырокая дошка не дае жанчыне зваліцца.

Дарэчы, аклад медсястры ў Доме сястрынскага догляду — 380.000 рублёў.
Маладыя на такія грошы ды яшчэ з начнымі дзяжурствамі ісці не хочуць. Тым больш што вакол санаторыі ды дамы адпачынку, у якіх гарантаваны аклад — 800.000 рублёў. Яўгенія Семяновіч нават не можа патлумачыць, чаму за гэтыя капейчыны ўсё ж застаецца каля гэтых хворых, нямоглых, няшчасных старых людзей, стомленых лёсам, жыццём, старасцю… Кінутых нават дзецьмі. «Шкада іх… Ды і трэба папросту любіць сваю прафесію, тады ўсё інакш успрымаеш…» — упэўнена міласэрная жанчына.

У ТЭМУ

Паводле міжнародных звестак, старэнне насельніцтва — з’ява, аднолькавая для ўсіх развітых краін. Дэмографы прагназуюць, што да 2030 года ў большасці з іх доля людзей ва ўзросце 60 і больш гадоў будзе складаць 20–30% ад усяго насельніцтва Зямлі. Цяпер такая сітуацыя ўжо ёсць у Вялікабрытаніі, Швецыі, Швейцарыі, Даніі і іншых еўрапейскіх краінах. Людзі сталі жыць даўжэй, і гэта своеасаблівае выпрабаванне для грамадства — выпрабаванне на якасць і даступнасць медыцынскай і сацыяльнай дапамогі.

У Беларусі кожны чацвёрты жыхар краіны — пенсіянер. Эканоміка гэтага яшчэ не адчула, але медыкі ўжо загаварылі пра «нагрузку пажылымі». Трэцяя частка візітаў у паліклінікі прыпадае на людзей сталага ўзросту. Прычым медыкі мяркуюць, што людзей 70–75 гадоў па іх стане здароўя можна аднесці да інвалідаў трэцяй групы, а тых, каму больш за 80, — да другой. Не ўсе людзі сталага ўзросту маюць штодзённую патрэбу ў медыцынскай дапамозе, але многія практычна жывуць у шпіталях, бо дома родныя не могуць забяспечыць ім неабходны догляд. Канешне, лепшы варыянт — захаваць здароўе і памерці дома ў сваім ложку сярод сваякоў, але насамрэч старыя даволі часта застаюцца самотнымі і пры гэтым амаль бездапаможнымі.

Такім, зразумела, патрэбны медыцынскі догляд. Не тэрміновы, калі, напрыклад, патрабуецца хірургічная аперацыя, а пастаянны і адначасова не самы кваліфікаваны — даць пілюлю, памераць ціск, змяніць павязку і г.д. Але наша дзяржава пакуль не ў стане забяспечыць сацыяльныя ложкі і інтэрнаты. У гэтым прызнаўся і кіраўнік Беларусі, калі заявіў: «Бальніцы павінны заставацца тым месцам, дзе лечаць людзей. Цяпер шмат якія старыя, асабліва бацькі начальнікаў, уладкоўваюцца ў стацыянар на доўгія тэрміны, каб атрымаць догляд, а не па медыцынскіх паказчыках. Гэтага трэба пазбаўляцца».

Але як гэта рабіць? Практыка, якая назіраецца ў развітых дзяржавах, накіравана на тое, каб тыя грошы, якія ідуць на ўтрыманне ложкаў у інтэрнатах для старых, пераразмеркаваць на праграмы, якія дазволяць чалавеку старэць там, дзе ён жыве. Для гэтага трэба так арганізаваць жыццё старых людзей, каб яны маглі самі сябе абслугоўваць. Можна развозіць гарачае харчаванне, ствараць цэнтры дзённага знаходжання і забяспечваць нямоглых людзей прыстасаваннямі, якія дазволяць ім лепш сябе абслугоўваць.

У Беларусі пайшлі іншым шляхам. Створаны і дзейнічаюць больш за сотню дамоў сястрынскага догляду. Каб туды патрапіць, трэба падаць адпаведную заяву і мець выпіску з амбулаторнай карты. (Натуральна, гэта не распаўсюджваецца на тых, хто мае патрэбу ў тэрміновым медыцынскім умяшальніцтве ці хварэе на алкагалізм, наркаманію, на сухоты і венерычныя хваробы.) Пацыенты могуць заключаць дамовы на аказанне платных паслуг. Згодна з інструкцыяй Міністэрства аховы здароўя, кожны тыдзень галоўны ўрач павінен аглядаць пацыентаў, а персанал — круглыя суткі назіраць за іх здароўем.

Ці ёсць нейкае іншае выйсце для нашых старых? Ці зможа Беларусь пераняць досвед развітых краін?

Напрыклад, у Аўстрыі колькасць медыцынскіх паслуг на даму вырасла на 30%. Там чалавеку, якому патрэбны догляд, даецца дзяржаўная датацыя, якая пакрывае выдаткі на сядзелку, медсястру і таму падобнае. 80% насельніцтва, якое мае патрэбу ў доглядзе, жыве дома.

У Германіі большасць такіх паслуг аказваюць прыватныя фірмы. Чалавек можа выбіраць тую, якая яму больш падабаецца. У ЗША паслугі на даму прапануюць сертыфікаваныя агенцтвы, якія фінансуюцца праз федэральныя праграмы. Амаль два мільёны чалавек карыстаюцца гэтым. Ёсць такія, якія фінансуюцца рэлігійнымі, этнічнымі і дабрачыннымі арганізацыямі.

У Нідэрландах старым і хворым на даму дапамагаюць 150 тысяч супрацоўнікаў. 2 мільёны пацыентаў атрымліваюць сястрынскую і сацыяльную дапамогу. Дзеля гэтага кожны грамадзянін краіны адлічае 4% ад свайго даходу. Там працуе прынцып аднаго акна: чалавек звяртаецца да свайго ўчастковага ўрача, той накіроўвае запыт у муніцыпалітэт, а там ужо вызначаць, колькі гадзін, на якім узроўні і ў якім месцы будуць даглядаць пацыента.

Дзеля таго каб Беларусь развівалася ў адпаведнасці з еўрапейскімі традыцыямі, давядзецца перагледзець усю сістэму аказання медыцынскай і сацыяльнай дапамогі на даму самотным старым. Пакуль гэтай сферы бракуе і мабільнасці, і канкурэнтнасці, і жадання зрабіць жыццё нямоглых людзей як мага больш прыстойным. Жывём так, нібы самі ад падобнай старасці застрахаваныя.



Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?