Фота Юліі Дарашкевіч

Краўцэвіч А. Міндаўг. Пачатак гаспадарства. — Менск: Мастацкая літаратура, 2006. 2000 ас.

Гарадзенскі навуковец Алесь Краўцэвіч прэзэнтаваў сваю новую кнігу «Міндаўг. Пачатак гаспадарства». Піша Адам Воршыч.

Гэтай кніжкаю адкрылася сэрыя «Жыцьцяпіс вялікіх князёў літоўскіх». Апошнім у шэрагу князёў стаіць Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Выдае сэрыю «Мастацкая літаратура». Наклад першай кніжкі — 2000 асобнікаў.

Дзьвюхмоўны — беларускі й ангельскі тэксты — альбом вылучаецца выдатным дызайнам, цалкам намаляванымі на кампутары малюнкамі — гэта плён працы Ўладзімера Лукашыка. Ён будзе аўтарам дызайну для ўсёй сэрыі.

Лукашык пагадзіўся стаць ілюстратарам кнігі толькі пасьля таго, як пачытаў усе выдадзеныя кнігі Краўцэвіча. Пасьля пачатку працы ўжо выдавецтва самахоць зьбіралася зьмяніць мастака, не пытаючыся згоды аўтара: «Ніякі аўтар нам ня будзе ўказваць, якога мастака браць». Толькі пагроза Краўцэвіча, што ён забярэ рукапіс, паўплывала на выдаўцоў: Лукашыку вярнулі кнігу на ілюстраваньне.

Тэксту ў кнізе — 30 старонак. Але — вялізныя палі! Усе ілюстрацыі выяўляюць эпоху: паказаныя толькі артэфакты эпохі, знойдзеныя падчас раскопак. На вокладцы — выкананы ў натуральную велічыню шалом, балцкага тыпу з эўрапейскімі ўплывамі, быў знойдзены ў Слоніме: «Я праціўнік псэўдагістарычных рэканструкцый — гэты час прайшоў у ХІХ ст. Тады мастакі выдумлялі абліччы людзей, якіх ніхто стагодзьдзямі ня бачыў. Таму ў мяне не было ніякіх падставаў нават вочы намаляваць. Наколькі часта Міндаўг карыстаўся шаломам? Рыцары правялі большую частку жыцьця бяз гэтых штук, бо ў іх цяжкавата хадзіць».

У ілюстрацыях таксама ёсьць першае рыцарскае стрэмя, знойдзенае ва Ўсходняй Эўропе — акурат у Наваградку. У.Лукашык адмыслова падбіраў шрыфт, якім будуць выдадзены ўсе кнігі: «Каб чытач спатыкаўся. У старадруку кожную літару трэба было разглядаць! Таму выбралі шрыфт, каб было адчуваньне, што старую кніжку чытаеш».

А.Краўцэвіч больш казаў пра героя кнігі. Хоць выданьне папулярнае, сам тэкст, паводле ягоных словаў, не супярэчыць навуковым працам. «Апісаньня цырымоніі каранацыі мы ня маем, але ўсе каранацыі ў Эўропе ладзіліся на адзін узор, распрацаваны ў Рыме. Невядома, дзе была каранацыя. Але шляхам лягічнага разважаньня выводзім: адзіны варты храм у Наваградку — царква Барыса і Глеба», — кажа гісторык.

Ідэя напісаньня кнігі зьявілася ў 1997 г. За дзевяць гадоў першы вялікі князь і адзіны кароль Літвы стаў для А.Краўцэвіча ледзь ня родным: «Калі доўгі час цікавісься нейкай асобай, празь некаторы час, прыходзіць адчуваньне чалавека... Для мяне Міндаўг — паўдзікун, паўхрысьціянін, паўцывілізаваны чалавек, які забіраў чужых жонак, забіваў. Гэта не перашкаджала яму быць сапраўдным дзяржаўным дзеячам. Сярэднявечныя дзяржавы нагадваюць дзяржавы гангстэрскія. Яны фармаваліся паводле разбойнага прынцыпу: хто мацнейшы — да таго імкнуліся пад абарону. Мацнейшы ствараў структуру, каб забясьпечыць абарону і прыбыткі ад гэтай абароны, — гэта і станавілася дзяржавай».

Праца над далейшымі кнігамі сэрыі ўжо вядзецца, наступная кніга стаіць у выдавецкіх плянах «Мастацкай літаратуры». А.Краўцэвіч зазначае: «Чым бліжэй да нас, тым больш інфармацыі. Пра Гедыміна больш інфармацыі: асабістыя лісты, папскія дакумэнты, эўрапейскія хронікі. Там паўстае асоба! Яшчэ больш асабістай інфармацыі пра Альгерда і Кейстута. Ня ўсе ведаюць, што Альгерд меў высокі рост, быў кульгавы і ўвесь час абапіраўся на плячо пахолка. Выдатна гаварыў па-нямецку, але ніколі не гаварыў зь немцамі безь перакладчыка, каб мець час на абдумваньне адказу. Ужо нейкія індывідуальныя рысы. Пачынаючы зь Ягайлы, мы можам гаварыць пра партрэты вялікіх князёў літоўскіх. У сярэднявеччы ва ўсёй Эўропе не было моды рабіць партрэты: выявы на пячатках, манэтах — гэта сымбаль уладара. Першы вядомы вобраз вялікага князя — гэта надмагільле Ягайлы на Вавэлі. Вельмі шмат інфармацыі пра Вітаўта. Польскія гісторыкі маюць дасьледаваньні пра падарожжы Вітаўта і Ягайлы — да дня! Але чым больш інфармацыі, тым цяжэй пісаць».

Выдавец Зьміцер Санько, які летась выдаў зборнік перакладаў лацінскіх дакумэнтаў, разьвязаў дыскусію: «У маім уяўленьні Міндаў, можа быць, не такі цывілізаваны, якімі мы лічым сябе, але не дзікун! Павароты ягонага лёсу, яго ўчынкі не выходзяць за межы ня толькі таго, але і пазьнейшага часу. І нават хрысьціянскіх валадароў, пра якіх мы нічога кепскага і ня скажам».

Аднак лірыкай Санько не абмежаваўся: «Аўтар ня меў магчымасьці пакарыстацца матэрыяламі і напрацоўкамі, зробленымі ў кнізе «Міндаў, кароль Летовіі». Інакш трохі іншым быў бы вобраз караля. Жлутка, аналізуючы тагачасныя матэрыялы, прыйшоў да высновы, што імя Міндава (а менавіта ў такой форме імя фігуруе ў лістах самога караля і ў лістах папы да караля) славянскае і зь літоўскае ніяк не выводзіцца. Сьпяшаемся мы, калі пішам, што ён з багатага балцкага роду...»

Краўцэвіч парыраваў: «Дакумэнтамі, на якія спасылаецца Жлутка, я карыстаўся ў выданьнях ХІХ ст. Ён глядзеў копіі з ватыканскіх архіваў, а я — арыгіналы з архіваў рыскіх і кёнігсбэрскіх. Па-другое, кароль ня сам сябе называе ў дакумэнтах «Mindowe». Так яго называе пісец, які паходзіў зь немцаў і ўмеў пісаць на лаціне. Ён перадаваў імя ў транскрыпцыі так, як ён яго ўспрымаў. Але мы маем з таго часу славянскі варыянт — ад галіцка-валынскага летапісца, і там паўсюль «г» ёсьць. Чаму мы аддаём перавагу лаціністу-немцу, далёкаму ад моўнай стыхіі, а не тагачаснаму славяніну?»

Меў Санько і меркаваньне, што Міндаўг не вяртаўся да паганства, г.зн. Каралеўства Літва было не да 1260 г., а да 1263 г. «Ужо пасьля сьмерці Міндава Клімэнт IV у 1268 г. пісаў каралю Багеміі Атакару пра Міндава як пра слаўнай памяці караля, забітага паганцамі. Калі папа так піша, то, мабыць, Міндаў не зракаўся веры хрысьціянскай! Гэта інтрыгі, каб паказаць яго чалавекам свайго часу, паўдзікуном, без асаблівых маральных прынцыпаў».

Краўцэвіч падаў на гэта свае аргумэнты: «Што датычыць Каралеўства Літва. Папа Рымскі ў лацінскіх дакумэнтах каралямі называе ўсіх гаспадароў княстваў. І князь Полацку — Rex, і князь Герцыкі — Rex. Але ці каранаваўся тады полацкі князь? Чаму гісторыкі сканчаюць гісторыю Каралеўства Літвы на 1260 г.? Лічыцца, што прыняцьце хрышчэньня і каранацыя — дыпляматычная хітрасьць. Пасьля 1260 г., калі рыцары Лівонскага ордэну зазналі вельмі моцную паразу ад жамойтаў, Міндаўг не цікавіўся сваім каралеўскім тытулам і сваім хрысьціянствам. Не было патрэбы падпарадкоўвацца немцам. Фармальна, канечне, не было ніякага акту «дэкаранізацыі», але перарваліся кантакты з Захадам (няма інтэнсіўнай перапіскі). Пакуль немцы душылі й была магчымасьць з ворагаў зрабіць саюзьнікаў, ён хрысьціўся ў каталіцтва і прыняў карону. Як неабходнасьць адпала — пачаў жыць мясцовымі рэаліямі».

Закончыў свой выступ Краўцэвіч падсумаваньнем: «Усё, што мы пішам, — гэта мітатворчасьць, бо як усё было — ведае толькі Госпад Бог. Я за тое, каб такія міты рабіліся прафэсійна. Чым больш адказна мы да гэтага паставімся (у манаграфіях, папулярных працах), тым менш потым трэба будзе іх выкараняць і папраўляць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0