Адзін з арганізатараў Народнага сходу Віктар Івашкевіч зноў папярэджаны Генеральнай пракуратурай аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Як паведаміў Івашкевіч, 10 лістапада яму пазванілі з Генпракуратуры і прапанавалі прыйсці туды для атрымання афіцыйнага папярэджання. Палітык ісці адмовіўся, спаслаўшыся на хваробу. У адказ яго праінфармавалі, што папярэджанне будзе дасланае па пошце.

«Гэта папярэджанне — чыстая фармальнасць. Як кажуць юрысты, яно „юрыдычна нязначнае“, паколькі мы не збіраемся нічога рабіць у адпаведнасці з заканадаўствам аб масавых мерапрыемствах. Мы дзейнічаем па законе аб сходах грамадзян», — падкрэсліў Івашкевіч.

Другі Народны сход плануецца правесці ў Мінску 12 лістапада на плошчы Бангалор.
На ім плануецца абмеркаваць рэакцыю ўладаў на патрабаванні ўдзельнікаў першага Народнага сходу, які адбыўся 8 кастрычніка ў 11 гарадах краіны — Мінску, Полацку, Наваполацку, Бабруйску, Гомелі, Вілейцы, Оршы, Баранавічах, Віцебску, Магілёве, Жлобіне.

12 кастрычніка патрабаванні былі перададзеныя ўраду. Паводле слоў Івашкевіча, у адказах з Саўміна, «якія падобныя на адпіскі», арганізатарам сходаў было рэкамендавана «данесці гэтыя адказы да грамадзян, якія бралі ўдзел у сходзе».

«Вось мы і збяромся, каб данесці гэтыя адказы грамадзянам, абмеркаваць іх і падумаць, што рабіць далей. Гэта значыць, мы выконваем рэкамендацыю Савета міністраў», — заявіў Івашкевіч.

Другі сустаршыня аргкамітэта Народнага сходу Генадзь Фядыніч, лідар незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП,) папярэджанняў з пракуратуры не атрымліваў. «Адзінае, што мне пазваніў начальнік упраўлення Генпракуратуры і запытаўся, якое дачыненне прафсаюз РЭП мае да Народнага сходу. Я яму адказаў, што прафсаюз не мае ніякага дачынення, але некаторыя члены прафсаюза, як грамадзяне, маюць дачыненне непасрэднае. На гэтым размова закончылася», — паведаміў Фядыніч БелаПАН.

Варта зазначыць, што перад першым Народным сходам Івашкевіч і Фядыніч былі папярэджаныя Генпракуратурай і Мінгарвыканкамам аб незаконнасці правядзення акцыі.

Нагадаем, у рэзалюцыях удзельнікаў першага Народнага сходу ўтрымліваліся наступныя патрабаванні да ўладаў: спыніць рост цэн на прадукты харчавання, тавары першай неабходнасці, паслугі і медыкаменты; індэксаваць зарплаты, пенсіі, стыпендыі ў адпаведнасці з ростам цэн; забяспечыць грамадзянам магчымасць свабодна купляць валюту і вяртаць крэдыты ў беларускіх рублях; адмяніць сістэму кароткатэрміновых абавязковых кантрактаў; даць магчымасць прадпрымальнікам ствараць новыя працоўныя месцы.

У рэзалюцыях былі і палітычныя патрабаванні — вызваліць усіх палітзняволеных і аднавіць іх ва ўсіх грамадзянскіх правах, а таксама правесці новыя свабодныя выбары прэзідэнта і парламента.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?