Нацбанк хацеў бы пазбегнуць далейшага росту стаўкі рэфінансавання. Аб гэтым заявіў сёння намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Дубкоў на 6-й міжнароднай канферэнцыі па развіццю банкаўскага рознічнага бізнесу ў Мінску.

Паводле слоў намесніка старшыні праўлення Нацбанка, далейшае павышэнне стаўкі рэфінансавання, перш за ўсё, залежыць ад перагавораў з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС. «У нас ёсць знешнія абавязацельствы, у тым ліку ў рамках Антыкрызіснага фонду, які нас фінансуе. А там кажуць: «Павінны быць дадатныя стаўкі», — канстатаваў Сяргей Дубкоў, адзначаючы патрэбнасць Беларусі ў знешнім фінансаванні.

«Нацыянальны банк знаходзіцца ў вельмі нязручнай пазіцыі.

З аднаго боку, ёсць знешнія абавязацельствы і разуменне фундаментальных рэчаў — стаўка павінна расці. З другога — мы упіраемся ў сацыяльны аспект»,
 — сказаў ён. Сяргей Дубкоў растлумачыў, што для тых, хто выплачвае крэдыт, прывязаны да стаўкі рэфінансавання, становіцца цяжка яго выплачваць.

На думку прадстаўніка Нацбанка, у беларускіх рэаліях стаўка рэфінансавання страціла сваю ролю індыкатара рынку. Насельніцтва не мае даходаў, дастатковых для абслугоўвання крэдытнай запазычанасці. Для суб’ектаў гаспадарання таксама няпроста абслугоўваць крэдыты пад 40–60 працэнтаў гадавых і пры гэтым мець эканамічны прыбытак. «Стаўка рэфінансавання 40 працэнтаў — гэта ўжо дастатковы ўзровень, каб, з аднаго боку, адпавядаць фундаментальным дакументам урада па стрымліванню крэдытавання, калі працэнты з’яўляюцца забароннымі. З другога — мы вычарпалі магчымасці далейшага павышэння стаўкі з пункту гледжання даходаў насельніцтва і эканомікі краіны», — сказаў Сяргей Дубкоў.

Нацыянальны банк Беларусі з 11 лістапада 2011 года павялічыў стаўку рэфінансавання на 5 працэнтных пунктаў — з 35 працэнтаў да 40 працэнтаў гадавых (пастанова нумар 503 ад 8 лістапада 2011 года), з пачатку года стаўка вырасла ў 3,8 раза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?