У прыватнасці, адпушчаныя чацвёра затрыманых актывістаў нацыянал-бальшавіцкага руху — Яўген Контуш, Улад Лобаў (брат палітзняволенага маладафронтаўца Эдуарда Лобава), Валерый Кабернік і Павел Гушча. Трое апошніх былі дастаўленыя ў Заводскі РУУС, дзе правялі каля трох гадзін. Затым іх адпусцілі без складання пратаколаў.

Як раней паведамлялася, арганізатар Народнага сходу Віктар Івашкевіч таксама правёў тры гадзіны ў міліцыі. Палітык быў затрыманы прыкладна ў 12.50 каля рэстарана «Макдональдс», недалёка ад плошчы Бангалор у Мінску — месцы правядзення другога Народнага сходу.

Як паведаміў сам Івашкевіч, спачатку яго даставілі ва ўпраўленне ўнутраных спраў Цэнтральнага раёна, а праз дзесяць хвілін перавезлі ў Партызанскі РУУС. Там палітыка пратрымалі тры гадзіны. «Сказалі, што мяне затрымалі на тры гадзіны для высвятлення асобы. Мы сядзелі ў РУУС, абмяркоўвалі артыкул у „Народнай волі“, прысвечаны Народнаму сходу, і сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў краіне. Вялі такую мірную дыскусію, нават не дыскусію — хутчэй, я інфармаваў супрацоўнікаў РУУС пра сітуацыю ў краіне», — сказаў Івашкевіч.

Таксама быў адпушчаны з міліцыі без складання пратакола затрыманы падчас акцыі сустаршыня «Беларускага руху» Вінцук Вячорка. Ён быў затрыманы ў той час, калі даваў журналістам інтэрв’ю. Палітык правёў у Заводскім РУУС 2,5 гадзіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?