Нацбанк прагназуе спыненьне росту інфляцыі. Гэта пытанне абмяркоўвалася 14 лістапада ў час рабочай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Надзеяй Ермаковай.

«Мяне сёння цікавіць не толькі пытанне стратэгічнае, глабальнае. Ведаю, што на валютным рынку сітуацыя ў нас складваецца нармальна. Хацеў бы пачуць ваш пункт гледжання ў плане інфляцыйных працэсаў і сітуацыі ў сувязі з гэтым на спажывецкім рынку», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама папрасіў Надзею Ермакову прадставіць сваю ацэнку сітуацыі ў банкаўскай сферы ў цэлым і сістэме камерцыйных банкаў. «Як сёння нашы банкі развіваюцца, якое іх становішча? — пацікавіўся Лукашэнка. — 

Бо я бачу, што ў сувязі з пэўнай палітыкай Захаду робяцца асобныя спробы ціску і на нашы банкі шляхам розных рэйтынгаў і таму падобнага.
Мы гэта павінны мець на ўвазе, і мы павінны зрабіць усё, каб падтрымаць нашы банкі, камерцыйныя банкі, якія фінансуюць праграмы, крэдытуюць нашы прадпрыемствы».

Лукашэнка таксама пацікавіўся тым, якія ўзнікаюць праблемы ў сувязі з выхадам на адзіны курс.

«Што тычыцца інфляцыі, то і змяненне курса аказала свой уплыў на гэты працэс. Натуральна, шэраг іншых момантаў, якія склаліся ў эканоміцы ў сувязі з недахопам золатавалютных рэсурсаў, ажыятажнага попыту на валюту і тавары. Усё гэта, вядома, прывяло да інфляцыі.

Сёння курс спыніўся на адным узроўні. Наша бачанне, што ў бліжэйшы час рэзкіх ваганняў курса не будзе», —
 адзначыла кіраўніца Нацбанка.

Росту інфляцыі ў пэўнай меры спрыяла таксама закладанне ў цэны на тавары завышанага курса. Сваё ўздзеянне аказала і рэгуляванне цэнаў у рамках адзінай мытнай прасторы, рост кошту энергарэсурсаў.

«Калі сёння нічога не зменіцца, акрамя таго, што павінны яшчэ па камунальных плацяжах крыху падкарэктаваць цэны, то, напэўна, павінен спыніцца рост інфляцыі. І тое, што разлічылі на наступны год 19%, напэўна, гэта рэальна, калі мы будзем эфектыўна працаваць і не будзем раздзімаць грашовую масу, каб не ствараць дадатковы ціск на біржу»,
 — мяркуе Надзея Ермакова.

Асноўнае патрабаванне Лукашэнкі заключаецца ў тым, каб эканоміка працавала эфектыўна, а прымаюцца меры ў сферы грашова-крэдытнай палітыкі дапамагалі і стымулявалі працу эканомікі. Галоўным вынікам павінна быць зніжэнне інфляцыі, каб на наступны год не пераходзілі тыя негатыўныя моманты, якія яе выклікалі.

«Без крэдытаў мы не абыдземся пакуль.
Усё гэта патрабуецца, але ў разумных межах, каб не паўплывала на расходаванне золатавалютных рэзерваў і не паўплывала дадаткова на інфляцыю. Гэта значыць дадатковай эмісіі не павінна быць», — лічыць Надзея Ермакова.

У цэлым яна станоўча ацаніла сітуацыю на валютным рынку. «Насельніцтва зразумела, што ў абменніках валюта будзе. З 14 верасня на чыстай аснове насельніцтва прадало банкам ужо $460 млн. З гэтай набытай валюты банкі прадалі больш чым $350 млн. на біржы. Гэта сведчыць аб тым, што насельніцтва супакоілася і нейкіх рухаў у адзін ці іншы бок няма, — сказала Надзея Ермакова. — Так, змяніўся курс. Сёння ён трымаецца на ўзроўні Br 8,6–8,7 тыс.».

Сітуацыя на крэдытным рынку таксама складваецца нармальна.

«Мы сціскаем грашовую масу.
Павышана стаўка рэфінансавання. Натуральна, ўзраслі стаўкі па крэдытах для прадпрыемстваў. Гэта робіцца з мэтай скараціць аб’ём грашовай масы, каб прадпрыемствы больш эфектыўна выкарысталі свае ўласныя сродкі. Гэта манетарныя прылады для таго, каб стрымліваць інфляцыю, — адзначыла кіраўнік Нацбанка. — Да таго ж павышэнне стаўкі рэфінансавання прывяло да таго, што банкі павялічылі стаўкі па ўкладах насельніцтва. Гэта значыць становіцца больш выгадна трымаць сродкі ва ўкладах».

Пасля папаўнення адтоку сродкаў ва ўкладах у беларускіх рублях, які быў у пачатку года, на сённяшні дзень прырост складае Br1 трлн 158 млрд. Адзначаецца і паступовы прыток валютных укладаў.

Што тычыцца курсаўтварэння, то часам Нацбанку даводзіцца выходзіць з інтэрвенцыямі. Пачынаючы з 20 кастрычніка аб’ём чыстых інтэрвенцый склаў $23 млн.

«У адзін дзень прадаем, у другой — скупляем, для таго каб не было рэзкіх скокаў курсу», — растлумачыла кіраўнік Нацбанка.

У сітуацыі на валютным рынку адзначаецца і шэраг іншых станоўчых фактараў. Так, пасля ўвядзення адзінай сесіі прыкладна на 25% павялічыўся аб’ём абавязковага продажу валюты экспарцёрамі, паступова скарачаецца дэбіторская запазычанасць.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка ўхваліў палітыку, якую праводзіць Нацыянальны банк, і паставіў задачу па далейшай рэалізацыі мер, накіраваных на эфектыўную работу эканомікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?