Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі больш не прымае расейскіх гарантыяў пры транзыце грузаў празь беларускую тэрыторыю, паведамляе маскоўскі “КоммерсантЪ”. Заміж гэтага ўводзіцца абявязковае мытнае суправаджэньне, якое мае ахапіць 90 працэнтаў расейскіх грузаў, што ідуць транзытам праз нашую краіну.

Фармальнай падставай для адмены прыёму расейскіх транзытных гарантыяў стаў інцыдэнт 8 студзеня, калі два транспартныя сродкі (мікрааўтобус і мапэд) не даехалі да Расейскай Фэдэрацыі і згубіліся дзесьці ў нашай краіне. Расейскі бок адмовіўся пакрываць страты беларускага бюджэту.

Гарантыйныя сэртыфікаты, якія дзейнічалі ад сьнежня 2003 г., фактычна забясьпечвалі аплату мытных плацяжоў. Цяпер беларуская мытня выкарыстоўвае гарантыі трэціх асобаў, а таксама прымае ўнёскі на разьліковы рахунак мытні ў памеры 500 эўра для фізычных асобаў у выпадку транзыту аўтатранспарту.

Унёсак вяртаецца, калі транспартны сродак трапляе на месца прызначэньня. Беларуская мытня прапануе выбар: унёсак можна не рабіць у выпадку, калі перавозчык пагодзіцца на мытнае суправаджэньне, ці суправаджэньне спэцпадразьдзяленьнем дэпартамэнту аховы. Аднак і без унёску за паслугі суправаджэньня давядзецца заплаціць ад 250 да 400 даляраў ЗША ў залежнасьці ад маршруту транзыту. Мытны канвой суправаджае каля двух дзясяткаў машын за паездку, што складае нязначную частку транзыту грузаў і правакуе вялікія чэргі на мяжы з Расеяй.

Здымак з сайту tut.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?