15.11.2011 / 14:18

Новыя правілы паступлення ў ВНУ: ільготы скасуюць, зменяць сістэму балаў 46

А на завочнае будуць браць толькі з працай.

У прэсу трапіў праект новых правілаў паступлення ў беларускія ВНУ. Мінадукацыі прапануе адмовіцца ад амаль усіх ільготаў для абітурыентаў, балы па ЦТ па профільных прадметах абітурыентаў тэхнічных спецыяльнасцяў памнажаць на два, а на завочнае браць толькі пры наяўнасці працы.

Вытрымкі з праекту новых правілаў паступлення, аб падрыхтоўцы якіх амаль год паўтаралі чыноўнікі Мінадукацыі, з'явіліся на партале interfax.by. Вось некаторыя з новых патрабаванняў, што могуць быць уведзеныя пры паступленні ў 2012 годзе.

Больш ніякіх ільготаў. Амаль: «Некаторыя льготы, да якіх традыцыйна прызвычаіліся, будуць прыбраныя: яны будуць перанесеныя на этап навучання. Але не ўсе: тыя льготы, што тычацца сіротаў і гэтак далей, будуць улічвацца», — заявіў міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч у інтэрв'ю "Беларусь-1".

Ідэю адмены льготаў, быццам з-за пераходу на электронную сістэму падачы дакументаў у ВНУ (якая мусіла запрацаваць ужо ў наступным годзе, але належным чынам не была пратэставаная цягам сёлетняй уступнай кампаніі), даўна прасоўвалі чыноўнікі Мінадукацыі.

Паводле новых правілаў паступлення, усе льготы па вызваленні ад платы за навучанне,

прадастаўленне месца ў студэнцкім інтэрнаце ці вылучэнні льготнага крэдыту будуць размяркоўвацца ўжо пасля залічэння.
Выключэннямі стануць толькі пераможцы розных алімпіядаў — рэспубліканскіх ці ўніверсітэцкіх — альбо спартовых спаборніцтваў.

«Вясковага» конкурсу ня будзе

Скасоўваецца адна з улюблёных ініцыятываў Лукашэнкі ў сферы адукацыі: асобны конкурс для вясковых абітурыентаў. Цяпер гарадскія і вясковыя школьнікі будуць мець агульныя ўмовы пры залічэнні. Ці атрымаюць яны пэўныя прэферэнцыі ўжо пасля залічэння, не паведамляецца.

Механізм атрымання студэнцкіх ільготаў у апісанні Маскевіча выглядае наступным чынам: напрыклад, паступіў абітурыент у ВНУ, аднак па балах прайшоў на платнае аддзяленне. Наяўнасць льготаў дапаможа яму атрымліваць скідкі пры аплаце навучання.

На завочнае толькі з працай

Браць на завочныя аддзяленні будуць толькі абітурыентаў, якія ўжо недзе працуюць. Такая норма існавала калісьці, а цяпер яе аднаўляюць у межах крыжовага паходу, што распачало Мінадукацыі супраць завочнікаў.

Міністэрства адукацыі марыць давесці колькасць студэнтаў завочнага да 30–40 тысячаў (цяпер кожны другі першакурснік — завочнік).

Найперш «пад нож» пойдуць месцы на эканамічных і юрыдычных спецыяльнасцях.

Атрымліваецца, што, каб пасля школы стаць студэнтам завочнага, трэба літаральна за месяц пасля выпускнога знайсці працу (па будучай спецыяльнасці, ці любую іншую — не ўдакладняецца). Пры гэтым хлопцам прыйдзецца яшчэ і падрыхтавацца да сустрэчы з ваенкомам — завочнікам ужо другі год запар адтэрміноўку не даюць.

Значнасць мовы пры паступленні ўпала ў два разы

На некаторых тэхнічных спецыяльнасцях будуць прымаць і з 600 баламі. Адбудзецца гэта з-за памнажэння балаў абітурыентаў па профільных тэстах на два. Гэта значыць, сума балаў па школьным атэстаце і вынікаў трох сэртыфікатаў ЦТ можа дасягнуць 600, а не 400 балаў, як ёсць цяпер.

Новая ініцыятыва прывядзе да дэвальвацыі значнасці моўных тэстаў (расейскай ці беларускай), бо кожны бал па профільным фізыцы ці матэматыцы стане роўным двум балам па мове.

Назвы спецыяльнасцяў, на якіх будзе дзейнічаць памнажэнне балаў, яшчэ не абвешчаныя. Аднак вядома, што гуманітарныя накірункі ў іх лік дакладна ня трапяць.

Уводзіцца мінімальны бал па ЦТ

З'явіцца таксама мінімальны бал, без атрымання якога ў абітурыента проста ня прымуць дакументы. Як казалі раней чыноўнікі, ён наўрад ці будзе вышэйшым за 5–7 балаў па некаторых спецыяльнасцях. Вырашаць, які сёлета прахадны бал, будуць ужо пасля сканчэння ЦТ.

Іншыя істотныя змены ў правілах паступлення

З'явіцца адзіная методыка падліку балаў пры паступленні на спецыяльнасці, на якіх праводзіцца іспыт «Творчасць». Залічвацца абітурыенты будуць на аснове сумы балаў за кожны этап уступнага выпрабавання па прадмеце «Творчасць», плюс вынік, атрыманы пры складанні балаў ЦТ і дакументу аб агульнай сярэдняй адукацыі.

Расейцы атрымаюць магчымасць не здаваць экзамены. Мінадукацыі прапануе змяніць умовы паступлення для беларусаў, якія жывуць за мяжой, а таксама грамадзянам Расеі, Казахстану, Кыргызстану, Таджыкістану. Ім прапануецца паступаць па тых самых ўмовах, што існуюць для замежных грамадзян: па выніках сумоўя. Пры гэтым плануецца захаваць стары механізм паступлення для ўсіх жадаючых, якія хочуць скарыстацца правам на атрыманне адукацыі праз конкурсны адбор (як за кошт сродкаў бюджэту, гэтак і на ўмовах аплаты).

Цяпер праект правілаў накіраваны на ўзгадненне з адміністрацыяй прэзідэнта.

0
Шпецыялист / Адказаць
15.11.2011 / 11:15
Мо гадоу за дзесяць даб`юць гэтыя правiлы, каб было усё, як у цывiлiзаваных людзей. Вядома, што праблема, у асноуным, з-за дзiназаурау-кiраунiкоу.
0
алена / Адказаць
15.11.2011 / 11:48
Навошта памнажаць балы на тэхнiчныя спецыяльнасцi? Нешта не зразумела! Патлумачце, хто ведае.
0
Чужы / Адказаць
15.11.2011 / 11:58
Сам быу сведкам, як дзякуючы iльготам на бюджэт траплялi рэальныя дэбiлы, якiя iшлi па-за конкурсам i спакойна набiралi мiнiмальны бал, у той час як iншыя амаль што вешалiся. Прыкра было глядзець, як таленавiтыя студэнты вучацца на платным i iм - нiводнай паблажкi, нават пры самых высокiх балах на курсе. Было такое. Я сведка. А тыя дэбiлы i цягнулiся пацiху на здавальняючых адзнаках, адного потым выключылi, другiя на завочнае пакутлiва пераводзiлiся, бо ледзь трывалi на стацыянары.
Паказаць усе каментары/ 46 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру