05.02.2007 / 00:24

Куфаль піва за трыюмф білінгвізму Кропкі над "і" 15

Каб службоўцы лепей разумелі па-беларуску, нашаму высокаму начальству ня грэх тое-сёе пераняць у бэльгійскага караля. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Каюся: дасюль не наведваў з працоўным візытам "алмаз ведаў". Натуральна, і правілаў іхніх ня ведаю.

А тут спатрэбіўся артыкул са старой газэтнай падшыўкі.

Набіраю нумар.

— Скажэце, калі ласка, а ці можна прайсьці ў чытальную залю зь лічбавай камэрай?

(Мною рухае наіўная надзея хуценька перафатаграфаваць матэрыял.)

Паўза.

Потым чую:

— Вы имеете в виду калькулятор?

То бок з усяе тырады ідэнтыфікаваны хіба корань "лічба"...

Чытачам "Нашае нівы" ня трэба даводзіць, што дэкляраванае ў нас дзьвюхмоўе — фікцыя. Цынічная фікцыя.

Канешне, каб кантраляваць, хто як размаўляе на кухні ці ў ложку, давялося б увогуле стварыць лад, як у антыўтопіі Оруэла.

Лепей ня трэба.

Зь іншага боку, ня варта і лунаць у эмпірэях рамантызму.

А вось ці можа ўрад — возьмем прагматычную задачу — дамагчыся, каб у публічнай сфэры рэальна запрацаваў прынцып білінгвізму?

Можа.

У гэтым мяне пераканала Бэльгія.

Любое параўнаньне кульгае, але ўвогуле ў беларусаў з бэльгійцамі ў гістарычным пляне багата агульнага. Нават што да праблемы этнічнай самаідэнтыфікацыі.

У іх там дасюль успыхваюць спрэчкі, ці ёсць такая нацыя — бэльгійцы. Маўляў, стварылі некалі штучную дзяржаву між Францыяй ды Нідэрляндамі!..

Ва ўсякім разе, насельніцтва краю, які стагодзьдзямі належаў розным магутным суседзям, і па сёньня выразна падзеленае на дзве часткі — франкамоўных валёнаў ды флямандцаў, якія гавораць, адпаведна, па-флямандзку. Гэта замацавана і афіцыйным дзяржаўным дзвюхмоўем (дакладней кажучы, трохмоўем, бо такія самыя лінгвістычныя правы маюць там яшчэ і немцы, але іх зусім каліва).

Вось тут падабенства зь беларускай сытуацыяй і сканчаецца. Бо ў іх білінгвізм не імітацыйны, а сапраўдны.

Стваралі гэты фэномен доўга ды пакутліва. Раз за разам улагоджваючы абвастрэньні стасункаў, валёны і флямадцы цярпліва шліфавалі законы і прынцыпы дзяржаўнага ладу, каб гарманізаваць інтарэсы моўных групаў.

У выніку сёньня будова бэльгійскай фэдэрацыі ўнікальна складаная. Яе называюць падвойнай (бо дзейнічаюць як тэрытарыяльны, так і лінгвістычны прынцыпы падзелу). Хто хоча, можа пашукаць у Сеціве артыкулы і нават цэлыя дасьледаваньні на гэтую тэму.

Скажу толькі, што кожная моўная (!) супольнасьць мае сваю Раду і свой урад (!). У тым ліку, дарэчы, і немцы, што складаюць толькі блізу 3% насельніцтва.

Гэтым парлямэнтам ды ўрадам канстытуцыя дэлегуе шырокія паўнамоцтвы. Яны тычацца, у прыватнасьці, сфэраў мовы, культуры, адукацыі, шырокага кола сацыяльных пытаньняў, аховы здароўя, спорту, моладзевых праблемаў, турызму, мэдыяў.

Уявеце сабе: у межах сваёй кампетэнцыі лінгвістычныя супольнасьці могуць нават заключаць дамовы з замежнымі краінамі!

Ці вось прыклад. Знакаміты Лёвэнскі ўнівэрсытэт, заснаваны ў 1425 годзе, быў падзелены ў 1970-м на два аўтаномныя менавіта паводле мовы навучаньня. Каб была поўная роўнасьць.

У Бэльгіі жалезнае правіла: любы чыноўнік, любы службовец ці гандляр мусіць упэўнена валодаць кожнай зь дзяржаўных моваў.

(На здымку пра цяжкасьці вывучэньня флямандзскае мовы мне распавядае былы намесьнік галоўнага рэдактара "Народнай волі" і цяперашні жыхар бэльгійскае сталіцы Алесь Сіліч. Ён справа.)

У іх там аднойчы цэлы бунт быў, калі нейкі мэр-франкафон адмовіўся вывучаць флямандзкую!

Ды што там мэр! Кожны паліцыянт абавязаны патлумачыць мінаку шлях менавіта на той з моваў краіны, на якой гэны мінак зьвярнуўся.

Карацей, вось там дзяржава сапраўды ёсьць гарантам выкананьня канстытуцыі ў моўным пытаньні.

І пры ўсім разгуле дэмакратыі ты ня здолееш прэтэндаваць на прыстойную працу, весьці бізнэс, рабіць кар'еру, калі ня будзеш рэальна дзвюхмоўным чалавекам.

З Брусэлю я прыхапіў во гэты сувэнір — кардонную падстаўку пад піўны куфаль.

Дэвіз папулярнай маркі пеннага напою выдрукаваны на кардонцы дзьвюма дугамі — па-француску ды па-флямандзку.

Як бачым, ніводзін бэльгіец не пачуваецца дыскрымінаваным нават у карчме (а гэта ж там найпапулярнейшае месца!). Парытэт дзьвюх асноўных моваў нацыі — літаральна як на далоні.

Калі вяртаешся з Брусэлю ў Менск, дзе пануе расейшчына, становіцца прыкра ад таго, што родная сталіца, дый уся Беларусь, дасюль нясе выразныя рысы каляніяльнасьці, аддаючы амаль што ўвесь моўны абсяг "великому и могучему".

Канешне, памылкова думаць, што ў Бэльгіі — лінгвістычная ідылія. Бываюць праявы напружанасьці. Сярод флямандцаў, напрыклад, існуе думка, што іхнюю матчыну мову франкафоны лянуюцца вывучаць як сьлед.

Але гэта той выпадак, калі — нам бы іхнія моўныя праблемы!

І апошняя дэталь. Тамтэйшы кароль Альбэр ІІ з падкрэсьленым парытэтам прамаўляе як па-француску, так і па-флямандзку. Ён ёсьць жывым сымбалем рэальнага бэльгійскага білінгвізму.

Думаю, каб беларускі афіцыйны лідэр пачаў прамаўляць хоць 50:50, службоўцы подбегам кінуліся б у кнігарні па слоўнікі. І ўжо ні ад кога не патрабавалі б "гаварыць на чалавечаскам языке".

І ня блыталі б фотакамэру з калькулятарам :)

Фота з архіву аўтара.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Яўген / Адказаць
05.02.2007 / 04:48
Ды ў тым і бяда, што беларускі абывацель беларускую мову ніколі не ўспрымаў і не ўспрымае як асобную мову, а толькі як працяг (частку, форму) рускай ці польскай. Нямашака ў нас білінгвізму вельмі па простай прычыне - у нас дыгласія!
0
Аляксандар КЛАСКОЎСКІ to Яўген / Адказаць
05.02.2007 / 11:29
Абываталь -- панятак шырокі. Ёсьць, напрыклад, немалы слой дастаткова адукаванага чынавенства, рознага кшталту службоўцаў, якія разумеюць "асобнасьць" беларускае мовы і дэ-факта ёю пасыўна валодаюць. Няма стымулу. (Лац. stimulus -- кій, каб паганяць валоў :)
0
Radykal / Адказаць
05.02.2007 / 12:25
Сытуацыю Бэльгіі й Беларусі цяжка параўноўваць, бо "француская" й "нідэрляндзкая" грамады падзеленыя тэрытарыяльна. Нягледзячы на афіцыйнае дзьвухмоўе, у Бруксэлі (сталіцы якая, дарэчы, знаходзіцца ў нідэрляндзкім моўным арэале) ці Льежы ўсе станы грамадзтва (і пан, і рымар) гавораць толькі па-француску, а ў Антвэрпе толькі па-нідэрляндзку. На Беларусі няма тэрытарыяльна падзеленых грамад. Diglossia - дзьвухмоўе ў сытуацыі, калі ў грамадзтве існуюць дзьве роднасныя мовы, адна зь якіх мае прэстыж, а другая - непрэстыжная. Хаця на Беларусі сытуацыя больш складаная, беларуская мова сапраўды ня мае шанцаў, калі ня станецца адзінай (!) мовай дзяржаўных ўстановаў і адукацыі, адзінай мовай высокага сацыяльнага статусу. Хуткасьць перасоўваньня па сацыяльнай лесьвіцы сёньня надзвычайная (сёньня ты калхозьнік, а заўтра страх падумаць), а таму спадзявацца на тое, што мова вытрымае яшчэ 2 стагоддзі панаваньня расейскамоўнай бюракратыі, школы і папоўства нельга.
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру