У пазіцыі ўрада, якую агучыў прэм’ер міністр Мясніковіч, ёсць адно слабое месца — гэта сцвярджэнне, што магчымы «інфляцыйны рост», — мяркуе эканаміст Аляксандр Чубрык,
дырэктар Даследчага Цэнтру ІПМ, —
і што такога росту можна дабіцца праз друкаванне грошай. Беларусь ужо праходзіла праз такі «рост»: у 1999 годзе, калі інфляцыя перавысіла 250%, статыстыка зафіксавала павелічэнне ВУП на 3,4%. Ці даў гэты «рост» штосьці простым людзям, да дабрабыту якіх апелюе тая частка ўладаў, якая палемізуе з прэм’ерам Мясніковічам?
Тая самая афіцыйная статыстыка паказвае, што не — узровень беднасці ў 1999 годзе дасягнуў гістарычнага максімуму, наблізіўшыся да 50%. Сярэдні заробак, разлічаны па рынкавым курсе, быў блізу 40 даляраў. Дый увогуле, ці быў той рост у 1999-м, калі ягоныя тэмпы знаходзіліся ў межах статыстычнай памылкі ў разліках інфляцыі?

Але

праблема выбару «інфляцыйнага росту» выходзіць за рамкі яго кароткачасовых наступстваў — збяднення шырокіх колаў насельніцтва.
Раней, калі краіна ачомвалася ад іх, ёй дапамагалі вельмі спрыяльныя вонкавыя ўмовы: рост цэнаў на нафту, «асаблівыя» адносіны з Расеяй, магчымасць павялічваць замежны доўг… Цяпер такіх спрыяльных чыннікаў не засталося. І праз год, два ці болей краіна зноў і зноў паўставацьме перад неабходнасцю рынкавых рэформаў. Больш за тое, беднасць, да якой вядзе «інфляцыйны рост», падрывае перспектывы доўгатэрміновага развіцця краіны, збядняе яе чалавечы ды сацыяльны капітал. У гэтым няма нічога новага ці невядомага для той часткі ўрада, якая рыхтавала «жорсткі варыянт» прагнозу на 2012 год — проста хацелася б, каб альтэрнатыўны прагноз быў не толькі абведзены чорнаю рамкаю, але й шчыра казаў: эканамічнага росту ў 2012 годзе не будзе. Колькі б грошай ні надрукаваў Нацбанк, — мяркуе эканаміст.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?