Улада канчаткова губляе кантроль над сітуацыяй у эканоміцы. Пра гэта заявіў лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч 17 лістапада на пашыраным пасяджэнні вышэйшага савета арганізацыі.

Паводле яго слоў, «пераважная большасць народа Беларусі ў адкрытую асуджае ўладу, і гэтую праўду ўтаіць немагчыма».

«Урад не ў стане сказаць Лукашэнку праўду, што ўсе яго даручэнні ў асноўным невыканальныя без рэальных цывілізаваных рыначных мер і рэканструкцыі эканомікі ў цэлым», — падкрэсліў лідар ЛДП.

У такой сітуацыі, лічыць Гайдукевіч, хутка «падымуць галовы рэальныя працоўныя калектывы і ўвесь народ у цэлым, бо далей цярпець будзе немагчыма». Паводле яго слоў, адстаўкай урада «пытанні не вырашыць ні эканамічныя, ні палітычныя».

Гайдукевіч заявіў, што «сярод сярэдняга звяна ўладных чыноўнікаў поўная паніка». «Сотні анекдотаў пра ўладу гуляюць па нашай краіне — гэта вельмі моцныя сімптомы цяжкай хваробы, што ахапіла эканоміку і ўнутрыпалітычную абстаноўку ў краіне», — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Гайдукевіча, хутка закончыцца фарміраванне каардынацыйных саветаў ініцыяванага ЛДП Народнага руху Беларусі ва ўсіх абласцях і буйных гарадах краіны. «Сёння мы заяўляем уладзе: прыслухайцеся, мы гатовы дзеля дзяржавы і нашых грамадзян гаварыць і разам шукаць выйсце, якім бы цяжкім яно ні было б. Потым будзе позна», — падкрэсліў ён.

Гаворачы пра выбары ў Палату прадстаўнікоў, Гайдукевіч заявіў, што ЛДП гатова сумесна з Народным рухам Беларусі выставіць 110 кандыдатаў у дэпутаты ва ўсе акругі краіны. «Але калі выбары будуць праводзіцца па старой схеме — ніякіх спектакляў, ніякага ўдзелу. Усіх да аднаго знімем, няхай народ Беларусі, Расія і Еўрасаюз глядзіць і робіць высновы», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?